— Ах, божа! — маці ўспляснула патрэсканымі чорнымі, што ўжо не адмываліся, рукамі — дзіва, каторы дзень палола грады — і пайшла подбегам.
— А-я-ёй, а божачка мой! — заенчыла яна, падыходзячы да пажарышча.
Каля чырвонага пляскатага каменя, што раскалоўся ад агню, ляжала нешта чорнае, абгаранае, рыхтык корч. Я не пазнаў, я дагадаўся, што гэта дзед. Ён ляжаў дагары, скурчыўшы ў каленях чорныя, як асмалкі, ногі. Скурчаныя былі і рукі, на іх яшчэ целяпалася сатлелая, як трут, адзежа. Я не мог глядзець, баяўся, і пайшоў туды, дзе было гумно. На пажырышчы стаяла чорная, з пагібаным і расколатым колам, абгарэлая, ужо без карыта, сячкарня. Трашчалі, астываючы, асмалкі — усё, што асталося ад сцен, лат і крокваў. Нада мною, над пажарышчам шмыгала, цвіркаючы, ластаўка. На прыгуменні сядзеў і, падняўшы галаву, цікаваў на яе Мар’ян.
— А татачка мой! А што зрабілася, а што ўчынілася, што цябе няма! — маці стаяла каля расколатага каменя, паднімала і, успляснуўшы, апускала рукі.
Я падбег на балотца і выгнаў з капусты дзедаву карову. Каля таго месца, дзе была ўкапана бочка, з якое дзед браў ваду, чарнела даўжынёю можа на метр і глыбінёю па калена выбітая снарадам яма. Я пастаяў над берагам, баючыся ступіць у яму, і пагнаў з балотца карову: бакі ў яе былі круглыя — карову спушыла ад капусты.
Маці падышла сюды, выціраючы рукою мокрыя вочы:
— А дзе ж знайсці саломы, каб скруціць перавясла? Трэба перавязаць жывот карове — гэта ж памагае...
Маці трохі супакоілася, але потым, калі мы ўжо адагналіся ад дзедавага хутара, зноў з плачам сказала:
— А бацькі во — німашука...
Бацька знайшоўся на трэці дзень: нехта наказаў у вёску, што яго бачылі ў мястэчку — там немцы зрабілі з калючага дроту загарад і трымаюць арыштаваных людзей. Мы пачалі збіраць яму падаянку: маці збегала да цёткі Ядвісі і пазычыла бохан хлеба і паўапольца з’ялчалага жоўтага сала.
А дзеда хавалі назаўтра. Хавалі разам з Лявосяй у адной яме, каля крыжа перад вёскаю: Лявосю ў труне, а дзеда ў вялікай, збітай з негаблёваных дошчак скрыні. Дзеда ў труну не было як пакласці і не было як апрануць — яго накрылі прасцірадлам.
Да крыжа потым, чуючы нябожчыкаў, збягаліся і раўлі нюхаючы зямлю, усе каровы. Спярша раўла і бегла туды, угнуўшы галаву і круцячы рагамі, адна, а потым за ёй усе. Рабілася вусцішна.
Можа, праз месяц ці менш дзеда перавезлі на магілкі. А я ўсё доўга чуў віну перад ім за тыя два злоты, усё шкадаваў, што не вярнуў іх дзеду. Мне і па сённяшні дзень здаецца, што гэта былі яго грошы.
Праз месяцы тры, ужо з Баранавіч, куды перавезлі арыштаваных мужчын, мой бацька ўцёк дадому.
Хаты ў нас не было доўга, жылі мы ў падсуседзях, але ў мацерынай скрыні, якую бацька збіў заміж куфра, валяўся бардзюр — тая шырокая папяровая стужка ў кветачкі з выразанымі зубкамі.
Хату мы пабудавалі пасля вайны — тады было не да шпалераў. Так і па сённяшні дзень дома ў нас не прыбіты да сцяны гэты самы бардзюр. I я ўсё забываюся спытаць, ці хавае яго маці ў сваёй скрыні.
З цягам часу ўсё забываецца, але іншы раз самая нязначная і дробная рэч напомніць чалавеку нейкі далёкі кавалачак жыцця, якое-небудзь здарэнне, як напомніў мне ўсё гэта, што напісана ў апавяданні, абліты ружаватым заплеснелым сокам бярозавы пень.
Чалавеку заўсёды помніцца нешта нязвыклае. Некалі, едучы дадому, ужо за Наваградкам я ўбачыў зрэзаныя старыя бярэзіны — яны ляжалі каля шашы роўненька адна пры адной, так як яны і раслі, яшчэ з зялёным непрывялым веццем. Тут быў круты паварот — дарожнікі збіраліся выпраміць трохі і пашырыць шашу і зрэзалі гэтыя бярэзіны.
Але было нешта нязвыклае, што ты бачыш гэтыя старыя зялёныя дрэвы, тоўстыя ў камлях, ужо нежывыя, з нерухомым галлём, а там дзе яны нядаўна стаялі, асталіся нізкія, яшчэ свежыя белаватыя пні, было нязвыкла, што тут каля вёскі Шайбакова змяніўся і неяк пагалеў свет.
Прайшло год пяць, але кожны раз, калі я еду дамоў і мінаю вёску Шайбакова, мне спамінаюцца гэтыя зрэзаныя бярэзіны — зялёныя, яшчэ не звялыя, што ляжалі ўпокат на зямлі, на сподзе душы зварухнецца той даўнейшы ачахлы боль.
Гэтак іншы раз мне спамянецца старая кабета, якую я стрэў у тралейбусе колькі год назад, калі я раптам убачу чый-небудзь нязвыклы, непрыгожы твар.
Забыўся ў якую гэта было пару, але пэўна ў раннюю зіму ці ў познюю восень, бо на кабеце сядзеў трохі выцвілы сіні бушлат з жоўтымі бляшанымі гузікамі, а на галаве была суконная хустка, закручаная тоўстым рагом кругом шыі.
Читать дальше