З усяго папярэдне сказанага відавочніцца, што сучаснае беларускае мысленне паўставала і разгортвалася на старонках розных літаратурна-мастацкіх альбо культурніцкіх выданняў, у прасторы супольных хаўрусаў ці прыватных ініцыятываў – дзе заўгодна, але толькі не на тэрыторыі легітымна вызначаных для гэткага роду дзейнасці прафесійных інстытуцыяў (пад апошнімі разумеюцца Інстытут філасофіі Акадэміі навук, філасофскі факультэт БДУ, кафедры і аддзяленні культуралогіі і гуманістыкі ўвогуле шматлікіх беларускіх ВНУ). Што і казаць, сітуацыя цалкам не натуральная. Таму напрыканцы гэтага раздзелу варта звярнуць ўвагу на падзею фармальна зусім не адметную, але якая, хацелася б верыць, сведчыць пра магчымасць пералому гэтай цалкам ненатуральнай сітуацыі. А менавіта пра семінар Уладзіміра Абушэнкі ды Ігара Бабкова (“Беларускае мысленне: генеалогія, кантэкст, перспектыва.”), які ўжо два гады ладзіцца ў Інстытуце філасофіі Акадэміі навук з удзелам прафесійных філосафаў з дзяржаўных інстытуцыяў...
У ПРАЕКЦЫІ ПЕРСПЕКТЫВЫ
Нават з самым вялікім жаданнем, мы ўсё яшчэ не можам казаць пра існаванне на Беларусі хоць нейкага падабенства да “уласнай філасофскай школы”. Больш за тое, пакуль паасобныя “героі” беларускай інтэлектуальнай прасторы не злучаны ні агульным філасофскім стылем ні, хаця б, нейкімі канвенцыйнымі пазіцыямі як у сітуацыі самастаяння, так і ў сітуацыі руху — з узгляду на арыенціры, легімітызаваныя Вялікім Еўрапейскім Наратывам. Да гэтай пары мы застаемся задзіночанымі выключна праз заангажаванасць супольным інтэлектуальным топасам, а менавіта — Беларуссю як філасофскай, метадалагічнай і культуралагічнай праблемай. Бадай, адзінае, як на мой погляд, выключэнне, звязанае з гэтак званай “метафізікай адсутнасці”, у іншым ракурсе — з “негатыўным мысленнем”, а яшчэ ў іншым — з дэканструкцыяй і разнастайнымі аналітыкамі “пустога знаку”. Гэтай шматвектарнай, але з агульным полем, праблематыкай былі зваблены многія інтэлектуалы, літаратары, даследчыкі, пра што сведчаць ужо самі назвы кніг, артыкулаў і нават цэлых выданняў ды сайтаў. Дзеля аргументацыі хоць трохі пералічу: кнігі “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”, “Разбурыць Парыж” (Валянцін Акудовіч), “Altar Nemo” (Юрась Барысевіч), “О” (Ілля Сін), “Падручны дапаможнік па бурэнню гарадоў” (Альгерд Бахарэвіч), эсэі пад агульнай назвай “Безназоўнае” (Міхась Баярын), даследаванне “Разбурыць Маскву” (Уладзімір Мацкевіч), часопі¬сы “Nihil”, “Партызан”, “Паміж”, сайт “Terra nihil”...
Прастора “метафізікі адсутнасці” ўяўляецца мне вельмі перспектыўнай для беларускага мыслення з самых розных падставаў, але і тут мы назіраем, хутчэй, не нарастанне, а згортванне тэндэнцыі, прынамсі, зніжэнне яе метафізічнага складніка зноў жа да праблемы феномену Беларусі.
Выйсці за межы гэтай праблемы і тым самым пераадолець першы крызіс сучаснага беларускага мыслення — вось задача, ад развязання якой надалей залежыць лёс айчыннага мыслярства.
Эйдас — Слова пра спадчыну
Мы вяртаем спадчыну. Спадчына ёсць тое,
што нам належыць спачатку. Аднак мы яе вяртаем.
Яна не пераставала нам належаць і тады,
калі была адлучана ад нас, бо мы заставаліся
яе падставай, якою ахоўвалася і зберагалася
яе спачатковасць. Разам з ёй мы
вяртаем сябе, і можа, якраз у з’яве вяртання
спадчына найбольш голасна нагадвае нам
пра тое, што яна не толькі яна, але і мы,
і што яна тады яна, калі мы — мы.
Мы вяртаем яе, аднак, усё яшчэ недастатковым
вяртаннем, і ў вернутай спадчыне ўсё
яшчэ недастаткова самой спадчыны. I нават
калі б праграма, што мае за мэту адшукваць
сляды страчанага і нанова набываць аддадзенае
забыццю і нябыту, была выканана цалкам
і ўсе каштоўнасці, упісаныя ў яе рэестры,
апынуліся нанава дома, спадчына ўсё роўна
мела б патрэбу ў вяртанні: яе — нам, нас — ёй.
Мы існуем у праяўленым і самі ёсць праява таго,
што набывае ў ім імя і паставу,
і пра тое, што нас абрала сваёю праявай,
даведваемся, супастаўляючы сябе з праяўленым.
Яно само, пастаянна і кожны раз нанова
супастаўляе нас з ім.
Наша існаванне ў праяўленым нагадвае шлях,
а веданне — арыентацыю на гэтым шляху;
мы заўсёды ідзём першы раз і ведаем тое,
што нам відно.
Да нас гэтым шляхам ніхто не хадзіў, мы першыя,
і пасля нас ніхто ім не зможа прайсці, але таму,
што мы ім прайшлі,
той, хто будзе ісці пасля нас, зможа прайсці
сваім шляхам.
Читать дальше