Такім чынам, беларускі досьвед транскультурнасьці — гэта не да-лучэньне, а вы-лучэньне: гэта спроба апазнаваньня й прачытаньня рэчаіснасьці, якая апошнія тры—чатыры стагодзьдзі заставалася неназванай, хаця й прысутнічала як маўклівая перадумова большасьці культурных практык. Гэта спроба даць рады з традыцыяй, у якой у розныя эпохі функцыянавала ў якасьці літаратурных шэсьць моваў: стараславянская, лаціна, старабеларуская, польская, расейская, новабеларуская,— пераемнасьць зь якой спрабуе навязаць новая, ужо монанацыянальная, беларуская культура. Гэта, зрэшты, спроба паддаць аналізу сёньняшнюю беларускую полікультурнасьць, якая — парадаксальным чынам — вонкава нагадваючы мультыкультуралісцкую ўтопію суіснаваньня розных культур у межах аднаго культурнага поля, насамрэч выяўляе сябе ў якасьці рэальнасьці вайны культур.
БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД
Калі напрыканцы 1588 году “подканцлерый” Вялікага Княства Леў Сапега напісаў у прадмове да Статуту (Звароце да ўсіх саслоўяў), што мы “не обчым яким языком, але своим власным права списаныя маем”, наўрад ці ён мог сабе ўявіць, што менш чым праз стагодзьдзе большасьць абываталяў ВКЛ будуць чытаць “списаныя права” менавіта ў “обчым (г.зн. польскім) языку”, а яшчэ праз трыста год ягоны “власны язык” будзе характарызавацца некаторымі ангажаванымі навукоўцамі новай, уласна літоўскай Літвы як штучны канцылярскі жаргон Вялікага Княства, выпрацаваны на падставе “славянскіх дыялектаў”. Калі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя Міцкевіч ужо крыху іранічна цьвердзіў у EXEGI MUNI-MENTUM AERE PERENNIUS... што “Mnie w Nowogródku, mnie w Mińsku czytuje młodź, і далей, больш гераічна ...mimo carskich groźb, na złość strażnikom ceł/Przemyca w Litwę Żyd tomiki moich dzieł”, ён таксама ня мог сабе ўявіць, што праз стагодзьдзе гэбраям будзе не да ягоных кніг, а томікі ягоных твораў будуць чытацца ў Менску й Наваградку пераважна ў перакладах. Калі рэалізоўвалася савецкая мадэрнізацыя й задумваўся савецкі народ як найвышэйшая супольнасьць, наўрад ці хто мог сабе ўявіць, што напрыканцы сямідзясятых цэлая генэрацыя беларусаў, выхаваная ў расейскай мове, расейскіх школах і на ўзорах вялікай рускай культуры, раптам сыдзе ў беларускі нацыяналізм, прычым, у самым культур-радыкальным ягоным варыянце, зьмяняючы — раптам і адразу — мову, мэнтальнасьць, культурную ідэнтычнасьць і геапалітычныя арыентацыі — як свае ўласныя, так і нованабытай традыцыі.
***
Назавем традыцыю, у якой магчымыя й у якой адбываюцца такія рэчы,— транскультурнай. Такая — транс-культурная — традыцыя складаецца з гетэрагенных элемэнтаў, ейныя тэксты, напісаныя на розных мовах, належаць да розных культурных і цывілізацыйных тыпаў, часам зьвязаны з больш шырокім макрарэгіянальным кантэкстам, уваходзяць у некалькі традыцыяў.
Пры гэтым уласна народ — пры ўсёй ягонай сацыяльнай і культурна-палітычнай дыфэрэнцыяцыі — падзяляючыся нашляхту і сялян, праваслаўных і каталікоў, беларусаў і западных русских… вагаючыся, адхіляючыся, пераходзячы ад адной ідэнтычнасьці да іншай, вандруючы праз мовы, дыялекты, імпэрыі й культурныя эпохі, заставаўся адзіным і цэльным этнакультурным масывам — які задаваў счэпленасьць, цэльнасьць, лучнасьць усіх гэтых узаемавыключальных рознасьцяў і прымушаў імкнуцца да мэта-пазыцыі, у якой усе гэтыя размаітасьці маглі б быць убачаныя як часткі аднаго цэлага.
***
Для культуры нацыянальнай альбо прота-нацыянальнай, арыентаванай на нутраную гамагеннасьць, транскультурная традыцыя ёсьць заўсёды праблемай і выклікам. Нацыянальная культура, пішучы традыцыю, ствараючы наратыў традыцыі, імкнучыся быць поўнай, натыкаецца на зоны непразрыстасьці, тэрыторыі Іншага. Нацыянальная ідэнтычнасьць сутыкаецца з тэкстамі і кантэкстамі, дзеля за-сваеньня й пры-сваеньня якіх недастаткова фармальнай (ці рытуальнай) адаптацыі,— прысвойваючы іх, культура вымушана засноўваць у сабе самой новыя тэрыторыі, ідэнтычнасьць, улучаючы ў сябе іншае, сама мусіць зьмяніцца. Адказваючы на выклік традыцыі, імкнучыся быць поўнай, нацыянальная культура ў выніку вымушана ставіць пад пытаньне самую сябе.
***
Калі паспрабаваць вызначыць крыніцы транскультурнасьці ў беларускай традыцыі, дык у розныя гістарычныя эпохі яны будуць рознымі. Але дзьве фундамэнтальныя рэчы застаюцца ў якасьці канстанты: існаваньне ў зоне цывілізацыйнага разлому й каляніяльныя — нэа- й посткаляніяльныя практыкі.
Гэта значыць, што за любымі франтальнымі зьменамі культурнай прасторы, як бы натуральна гэтыя зьмены ні выглядалі,— стаіць фэномэн улады.
Читать дальше