***
Нельга сказаць, што панятак транскультурнасьці знаходзіць сябе ў інтэлектуальным вакууме: ён адразу выклікае асацыяцыі з транстэкстуальнасьцю Жэрара Жэнэта, трансгрэсіямі Мішэля Фуко, а таксама з плоймай іншых тэрмінаў — ад мультыкультуралізму да полі-, кроскультурнасьці. Ён нібыта арганічна ўкладаецца ў ідэалягічную плынь сучаснага Захаду, якая бярэ пачатак у шасьцідзясятых гадох нашага стагодзьдзя, якая мае агульнае гасла “celebration of diversities” — “сьвяткаваньне рознасьцяў”. Сюды ўваходзяць і розныя кшталты акадэмічна абгрунтаванага культурнага рэлятывізму, і ідэалёгія мультыкультуралізму ў Амэрыцы, якая актыўна пасунула са свайго месца ідэалёгію “melting pot”, і культурная талеранцыя як эўрапейскі варыянт мультыкультуралізму, што стаўся лякальным адказам Старога Сьвету на глябальны выклік неасыміляванай іміграцыі. З аднаго боку, гэтая кантэкстуальнасьць цалкам слушная, і мы будзем актыўна пазычаць для аналізу беларускай сытуацыі адпаведны інтэлектуальны інструмэнтар.
З іншага боку, мы будзем трымаць пэўную дыстанцыю што да ідэалягічнасьці ўсіх названых вышэй кантэкстаў. Рэч у тым, што ў колах нон-канфармісцкіх інтэлектуалаў, асабліва з другога й трэцяга сьвету, апошнім часам нарастаюць перасьцярогі, што ідэалёгія “сьвяткаваньня рознасьцяў” — усяго толькі шырма, заслона, за якой хаваюцца новыя стратэгіі кантраляваньня гэтых рознасьцяў — гэта значыць, нэакаляніялісцкія практыкі Захаду, які мушаны перайсьці ад адкрытай дамінацыі да дамінацыі апасродкаванай. Канчатковае афармленьне гэтыя перасьцярогі атрымалі ў пост-каляніяльных штудыях, якія на нашых вачох стаюцца базавым крытычным дыскурсам сучаснасьці, інтэгруючы ў сабе большасьць мэтадалягічных навацыяў і лякальных крытык. Пост-каляніялісты саркастычна заўважаюць, што ўсе оргіі талеранцыі й фэсты размаітасьці, усе ўшанаваньні Іншага ў Старым Сьвеце звычайна хаваюць глыбокую нутраную абыякавасьць сталых “высокіх” культур што да гэтага самага Іншага, якое патрэбна ім выключна ў якасьці “экзатычнага дадатку”, аздабленьня, арнамэнтацыі, альбо адказу на рынкавую патрэбу ў разнастайнасьці спажывецкіх прапановаў. Не выпадкова, дарэчы, што менавіта ў эўрапейскім мысьленьні дваццатага стагодзьдзя адбываецца своеасаблівая міталягізацыя катэгорыі іншага, другога, нараджаюцца разнастайныя філязофіі дыялёгу. Паўстае ўтопія Іншага, характэрная менавіта для гамагенных, саматоесных культур, якія рэальна сутыкаюцца з іншым толькі на глыбокай пэрыфэрыі свайго культурнага поля. Так, філязофія дыялёгу Марціна Бубера мае грунт хіба ў самай замкнёнай і непразрыстай традыцыі — гэбрайскай, а дыялягічнасьць Міхаіла Бахціна дзіўна кантрастуе з практыкамі адной з самых нарцысісцкіх культур сьвету — расейскай, якая апошнія два стагодзьдзі практыкуе толькі адну форму культурнага дыялёгу з рэальным Іншым — асыміляцыю ці вынішчэньне.
***
У адрозьненьне ад утапічных мрояў пра Іншага, транскультурнасьць — г.зн. прысутнасьць у культурнай прасторы шматлікіх Іншых, наяўнасьць разнастайных межаў, вымушанасьць практыкаў пераходу гэтых межаў — прыкрая беларуская рэальнасьць апошніх двух—трох стагодзьдзяў. Прыкрая, таму што гэтая сытуацыя — зьнешнімі й мясцовымі назіральнікамі — трактуецца як не-нармальная й апісваецца ў тэрмінах слабасьці, недаразьвітасьці, у тэрмінах культурнай адсутнасьці.
Беларуская транскультурнасьць, такім чынам,— гэта перадусім досьвед культурнай а-нармальнасьці, які суб’ектыўна перажываецца як комплекс непаўнавартасьці, як пэўная культурная траўма — траўма адсутнасьці моцнай, гамагеннай, нацыянальнай культурнай прасторы. Культурная адсутнасьць стаецца пэрманэнтнай мэтафарай беларускай сучаснасьці й прыводзіць урэшце да падмены ў сыстэме культуры самой рэальнасьці — падмены ідэалам нармальнай, шчасьлівай, але пакуль недасяжнай будучыні.
Але нас цікавіць ня будучыня, а менавіта беларуская рэальнасьць — як рэальнасьць транскультурная, ейныя канфігурацыі, ейная генэалёгія й практыкі. І ў гэтым сэнсе матывацыі нашага разгляду не супадаюць ані зь лякальным наратывам чарговага беларускага адраджэньня, ані з правінцыйным жаданьнем далучэньня да прэстыжнага (і палітычна карэктнага) дыскурсу мультыкультуралізму, ані з акадэмічнымі практыкамі “адсоўваньня фіранак” перад вялікім заходнім наратывам, lumen naturale якога потым доўга й бяздомна блукае ў пустых незаселеных пакоях беларускай рэчаіснасьці. Нашае жаданьне — гэта аналітыка сучаснасьці, альбо стварэньне веды пра саміх сябе, з усімі наступствамі, якія спадарожнічаюць такому нахабству...
Читать дальше