У цёмным прымыльніку жанчына хутка скінула свае апранахі і першай скочыла ў мыйны пакой, каб надаць пары і размачыць дубовыя венікі. Ёган распранаўся марудна. Ад тубыльцаў ён чуў пра лазьні шмат хвалебных словаў, але сам абыходзіўся купаньнем у бочцы ці балеі з гарачаю вадой, а цёплай паравінай года – у рэчках, азёрах, ручаях. “Ліха іх ведае, як яны тут мыюцца”, – падумаў Мантгомэры і рушыў да дзьвярэй мыйні. Калі ўвайшоў, адчуў гарачы дух, нярэзкі пах дыму і духмяных траваў. Пакой асьвятляла лоевая сьвечка, што стаяла на падваконьні праваруч ад уваходу. Зьлева да сьцяны тулілася печ. Проста перад ім на ўслоне сядзела Алюта, мнучы ў драўляным вядры венікі. Яна хітра глянула на зьбянтэжанага іншаземца і хітнула галавою, заклікаючы падыходзіць бліжэй. У той мільг, калі ад хітаньня схамянуліся яе валасы і зьлёгку загайдаліся грудзі, Ёган засумняваўся, ці не вядзьмачка яна. Але адразу адагнаў такія подумы прэч да нібэлюнгаў. “Тая мяшчанка стала абратацца ў лазьні з мужам інным, – з роспаччу ўяўляючы сустрэчу ўдавы і камандзіра наймітаў, дапаўняў кроніку Анісіфор. – Мусіць пачытацца за любадзеіцу”.
Не адводзячы вачэй ад капітана, жанчына ціхенька засьпявала. Ёган ледзьве разьбіраў словы, а іх сэнс станавіў для яго пэўную загадку. Песьня для замежнага вуха была дзіўнаватай. Сьпявалася пра дзяўчат, якія плавалі з тутэйшым Ёганам і акрывалі яго нейкім “зельлем”. Пры тым, што гэта за “зельле”, дзяўчаты ня ведалі самі, а таму паехалі да караля. Мантгомэры зьдзівіўся, што кароль у песьні стаў такой мізэрнай справай займацца і, паказаўшы перад падданымі сваю недасьведчанасьць, паклікаў аўгусьцейшую сужаніцу. Каралева ж зызволіла абвясьціць дзяўчатам, што гэта іхняя радасьць, якую яны не павінны выпускаць з рук, назапашваць і заліваць вінцом…
Іншаземец усутыч падыйшоў да гамяянкі.
– Напамінае саўну, – прашаптаў з адметным акцэнтам ён.
– Ня лайся, – не зразумела яна.
– Не, гэта ў нас лазьні бываюць такія. Сьпярша ў іх fiki-fuki, а мыцьцё пасьля.
Мантгомэры паспрабаваў абняць Лявоніху, але тая спрытна хапіла венік і пачала ім хвастаць капітана. Ад нечаканкі і гарачага духу, што набягаў на цела з кожным шляпнём, той заенчыў. Жанчына азвалася лагодным сьмехам, які сьцішыў ягонае енчаньне. Капітан, вальготна ўлегшыся на дубовым палку, пакорліва прымаў новыя а новыя шляпні. У гарачыні паветра і пачуцьцяў Ёгану міжволі прыгадваліся колішнія бойкі, дзе ён быў ня самым апошнім. Белая Гара, Дэссаў, Штральзунд, Лех, Ракруа… Ці ня ўся мапа трыццацігадовай эўрапейскай вайны памясьцілася на ягоным целе ў выглядзе шматлікіх шнараў.
Жанчына абмакнула венік у ваду і потым страсянула над зружавелым целам госьця. Халодныя пырскі ажвавілі іншаземца і ён зноў падаў голас, адрывіста застагнаўшы.
– Ну ўсё, прыйшла твая чарга, – прамовіла яна і перадала раскунежанаму Ёгану інструмэнт мучэньняў і насалод, як пасьпеў той назваць для сябе лазенны венік. Ён лянотна зьлез з палка, і вомільгам там апынулася Алюта. “Чараўніца”, – думалася яму. І яднала ў сабе чараўніца вабнасьць кабеты і сьвежасьць дзяўчыны. Нават паўзмрок не замінаў захоплена ўглядацца ў рысы ейнага твару. Цікаваць прынады ейнага цела. Капітан, адчуваючы новы юрлівы прыліў, тым ня менш уздатніўся пашкадаваць пра тое, што ён не мастак, што ня можа адлюстраваць на халсьціне звабу чароўнай русінкі. Гэты бляск і вільготу вачэй. Гэты нос зь пекнымі адтулінкамі – ружаватымі і кволымі. Гэты рот, улегцы прыадкрыты, нібыта прагны да цалункаў… Створана богам русінка, каб упрыгожыць ваярскую долю. Хто такія русінкі? Хіба назавеш так па-барбарску гэтыя твар і плечы, рукі і грудзі, ногі і тое (тое!), што спаміж іх?..
На дварэ іх сустрэла прахалода. Сьвежае паветра выбівала з вачэй сьлёзы, як кагадзе гарачы дух у лазьні. З боку Спаскай неслася рэха карчомных песьняў. Неймаверна, аж да амарокі, пахла ліпамі. У нейкае імгненьне Мантгомэры, нібыта забыўся пра вайну і адчуў сябе зусім тутэйшым. Прымроіў, што зьбірае з борцяў ліпавы мёд, а побач у садзе бегаюць двое бялявых малечаў – дзяўчынка і хлопчык – ягоныя з Алютай дзеці. Мроя была настолькі мілай, што капітан жахнуўся з самой здатнасьці ўяўляць падобнае і злавіў сябе на думцы, што яго вельмі непакоіць імавернасьць праходзіць у бабылях, не спарадзіўшы нашчадкаў. Які б дзівак на звод павёў свой род, пахаваўшы любоў ва ўласным лоне? Капітан такога на хацеў. “Холад, холад праймае”, – сказаў ён, абы сказаць. Лявоніха маўчала. Яны прайшлі ў дом. Жанчына запаліла пару лучынаў. Пасадзіўшы госьця на лаву, яна стала завіхацца каля печы, выходзіла ў кладоўку, каб праз пару хвілінаў накрыць небагаты стол: халаднік на гурковым расоле, запечаныя ў сьмятане карасі, мочаныя грыбы, мёд-маліньнік. Вячэраць пачалі моўчкі. Ёган дзівіўся кіславатаму смаку халадніка, але еў, ня грэбуючы. Алюта маленькімі глыткамі піла з корчыка маліньнік і глядзела на іншаземца.
Читать дальше