— Бач ты, які шпаркі.
Дырэктар, да якога Грынкевіч прыйшоў з заявай на адпачынак за свой кошт, быў нечым незадаволены. Можа быць, ён таксама пачуваўся выкінутай на бераг медузай? Ці, што яшчэ дакладней, алігатарам, якога вылавілі з ракі, прывезлі ў цэнтр мегаполіса і кінулі недзе ў парку. Там ёсць адзін фантан, у якім плёскаюцца людзі. Вось яму, алігатару, цяпер туды. Пэўна ж, быць кракадзілам выгодней.
— Калі ўлез у дугу, не кажы «не магу», — прамовіў Грынкевіч у адказ і потым з далікатнасцю харошага хлопчыка дадаў: — Мікалай Сцяпанавіч, ну папрасіце яго, каб мяне адпусціў. Я ж там усё адно дзеля мэблі.
— Папрасіце. Ты якой хваробы зноў з Маэстра грызануўся?! Гуза на галаву шукаеш? Ты што, пацан малы, каб я цябе розуму вучыў?
Грынкевіч сядзеў у скураным фатэлі і слухаў дырэктарскія пропаведзі. Дзень быў сонечны, хацелася ўжо нават не піва, а хоць бы якой вадкасці. Дырэктар, зразумела, прайдзісвет, і яго даўно трэба пасадзіць разам з Іркіным Собалевым. Колькі ж яны грошай намылі і накралі? Гісторыя з офіснай мэбляй гэта так, санаціна Клеменці для дзіцячай музычнай школы. А яны тут канцэрты Ліста граюць. Зрэшты, дырэктар часам рабіўся чалавекам і менавіта ён прыкрываў Грынкевіча, калі Маэстра кідаўся ў чарговую істэрыку.
— Ён у нас сам ведаеш хто. Гэта велічыня. Гэта асоба. Гэта твар нашага тэатра. Я магу да яго парознаму ставіцца, але калі ты яго дапячэш, я цябе звольню і не пашкадую: такіх, як ты, паўсюль досыць. І я не пагляджу, што ты такі рабочы конік, — прамаўляў дырэктар, лязгаючы зубамі, бы сапраўдны галодны кракадзіл. — Ты ж ведаеш, што ён чалавек праваслаўны, нават дабрачынныя калядныя і велікодныя канцэрты арганізаваў. Дык нашто ты з ім пачаў размаўляць пра свае погляды? Што, польскі гонар? Служыў я ў войску з тваімі супляменнікамі дуркаватымі.
Тут Грынкевічу стала смешна. Учора на рэпетыцыі галоўны вырашыў пабыць у ролі гуру і ляпнуў нешта наконт таго, што ёсць у свеце праваслаўныя, а ўсе астатнія проста нехрысці. І, зразумела, Грынкевіч не стрымаўся — сказаў, што яго хрысцілі ў васьмідзясятым годзе, калі яшчэ нельга было. А вось галоўны хрысціўся ў дзевяностым.
— Дык а што мне рабіць, калі я не праваслаўны?
— Больш сціплым трэба быць, Лёша! — зароў дырэктар. — І стрыманым. Шанаваць тых, хто зрабіў для культуры болей за цябе.
Ідыятызм сітуацыі перавышаў усе санітарныя нормы. Тон дырэктара быў такі, што Грынкевіч зразумеў: галоўны, відаць, курыць касякі з ладану. І ён не дасць яму спакойна працаваць над «Донам Джавані». Грынкевіч быў намерваўся сказаць дырэктару яшчэ нешта, але раптам сам сябе асёк: не захацеў уцякаць адсюль проста цяпер, пагнаўся за сваёй марай — плаці. Гэта значыць, засунь, хлопец, язык у дупу і не звяртай увагі на гэтага правінцыйнага графа Каларэда. Пачуйся Моцартам.
— Запомні, Лёша: усе мы рускія людзі і радзіма ў нас адна. Цябе часам заносіць, але ты базар фільтруй.
— А што, яму больш няма да чаго дачапіцца? Ніяк не перажыве леташняе? — усё ж не стрымаўся Грынкевіч.
Было абсалютна зразумела, адкуль растуць ногі ў гэтых нараканняў, — праваслаўныя крыўды былі толькі зачэпкай. У канцы пазамінулага сезона з дзясятак аркестрантаў папрасіліся, каб іх ставілі толькі на тыя спектаклі, якія вядзе
Грынкевіч. Прычым яны былі з асноўнага складу, а не са студэнтаў ці з тых, каго не шкада выгнаць з тэатра, калі што якое. Такога галоўны перажыць не мог, таму і выпер чарговага ў штрафбат на некалькі месяцаў — дзіцячыя спектаклі весці.
— Ты мне пагавары яшчэ. Можна падумаць, па цябе тэатры і аркестры ў чаргу выстройваліся восем гадоў таму. Ён цябе заўважыў і запрасіў. А так быў бы асістэнтам, закулісным служкай. Вось хаця б пра гэта памятай.
І не варта траціць сілы і час на змаганне з ім. Гэта ягоная тэрыторыя, ён выразна пазначыў куты.
— Мікалай Сцяпанавіч, я вас цудоўна зразумеў.
Наступіла паўза. Дырэктар цяжка ўздыхнуў.
— Адпусціць ён цябе, я пагутару. Давай ужо сваю заяву. І каб з верасня быў на месцы!
Грынкевіч выдыхнуў абсалютна шчырае «дзякуй» і пачуўся медузай, якой пашэнціла дачакацца шторму. Яшчэ крышачку — і хваля зноў забярэ яе ў мора. О шчасце! Цяпер — прэч з тэатра. Там воля. Там піва.
Ён дайшоў да дзвярэй кабінета і раптам надумаў запытацца:
— А рэжысёрам хто будзе?
— Вядзём перамовы з трыма рознымі кандыдатамі. Але будзе запрошаны, не з нашых — гэта ўжо справа вырашаная.
Ну ясна, што вырашаная. А як яшчэ растлумачыць такія выдаткі? Толькі запрашэннем рэжысёра ці дырыгента аднекуль з боку. Маўляў, мы не проста так грошы прагулялі, мы іх на ганарар запрошанай зорцы пусцілі. Ад усяго гэтага ванітавала. Яшчэ год у гэтым гадзючніку!.. Але хто сказаў, што мары заўсёды лёгка збываюцца і што Ананкэ зробіць яму зніжку?
Читать дальше