Так, кватэра была несамавітая. У чым мастак яшчэ раз пераканаўся, калі акінуў вокам пакой. Не раўнуючы бярлог, а не жытло чалавека. Старыя безгустоўныя шпалеры месцамі паадставалі ад сцен. Асабліва гэта было заўважна пад акном, справа, — там, відаць, некалі нацякала дажджавая вада. Падаконнік меў брудны выгляд, на ім стаяла шклянка-попельніца, каля яе валялася пару акуркаў і, здаецца, адна чорная шкарпэтка. Другая шкарпэтка вісела на спінцы крэсла, што тулілася тут жа, пад акном. Вэрхал быў і на пісьмовым стале, злева ад акна. Тут, канешне ж, даўно нічога не пісалі, затое грувасцілася вельмі дарагая на выгляд магнітола з акустычнымі калонкамі. Прычым калонкі стаялі адна на адной, ды так, што верхняя рыхтавалася ўпасці. Каля магнітолы ляжалі навушнікі, мікрафон, касеты, нейкія кнігі, што збольшага выкарыстоўваліся як падстаўкі-падпоркі для мікрафона і яшчэ сякіх-такіх невядомых мастаку прычындалаў. Тут жа стаяў кубак, цукарніца, валялася пару чайных лыжачак і сцізорык. На тахце, што стаяла справа ад акна, пасцель была амаль не прыбрана: частка прасціны вылузвалася з-пад неахайна пасланага паверх яе пакрывала і падмятала сабой падлогу; падушка з нясвежай навалачкай ляжала на пакрывале; збітая ў камяк вярблюджая коўдра была адсунута да сцяны. Відаць па ўсім, сын самазабыўна дрых на гэтай тахце, калі пазваніў бацька. А было, між іншым, толькі восем гадзін вечара і для сну ранавата.
Але галоўнае, што найперш кінулася ў вочы Леаніду Нілычу, — гэта вялізная баксёрская груша, якая звісала са столі, трымаючыся на круку, прызначаным для люстры. Люстры ж не было наогул, і пакой асвятляўся хітрамудрай сістэмай лямпачак у шкляных каўпачках, размешчаных на стыку столі і сцен, па перыметры. Такога раней не было. Лямпачак Нілыч налічыў восем, аднак гарэла толькі чатыры — праз адну. Узгаданая баксёрская груша была яўна не новая, разбітая, там-сям нават прапоратая, ці што.
— Дык што ў цябе за пажар? — перарваў сын бацькавы разглядванні і дзіваванні. — Што за дурнота — званіць не ў дзверы, а па тэлефоне. Дый увогуле, можна б было папярэдзіць…
— Папярэдзіць, кажаш? — рэзка, з суровым тварам павярнуўся да яго Леанід Нілыч. — А можа, мне яшчэ прашэнне аб аудыенцыі табе напісаць ды заказным лістом адправіць?
— Пры чым тут прашэнне, — паморшчыўся сын. — А раптам бы мяне дома не было? Дарэмна б бензін паліў…
— А цябе заўсёды дома не бывае, калі бацька звоніць. Можа, ты толькі выбраных прапускаеш… чорт цябе ведае.
— Калі я цябе не пускаў?! — Сяргей дастаў з кішэні пачак “Космасу”, выцягнуў зубамі цыгарэту, пстрыкнуў запальніцай.
Бацька схапіў яго за руку.
— Ты можаш хоць пяць хвілін гэтую брыду не смаліць?
— А што такое?
— Ведаеш жа, што не выношу я тытунёвага дыму. Няўжо нельга без гэтага пацярпець? Нябось не кожны дзень я ў цябе бываю.
— Ды што ты, у рэшце рэшт, хочаш! — абурана ўсклікнуў сын, аднак кінуў цыгарэту на стол. — Уварваўся як смерч, разбудзіў ды яшчэ тузае па пусцяковінах. Я, можа быць, стаміўся і спаць хачу…
— Спаць ён хоча! Вось якраз пра гэты твой сон бясконцы я і прыйшоў гаварыць. То ты набярыся цярпення, паслухай.
— Э-э-э, бацька, — скрывіўся і неяк безнадзейна махнуў рукой Сяргей. — Ды чуў я ўжо твае павучанні, чуў ужо досыць. — Ён накіраваўся да канапы і залез на яе з нагамі. — Калі па справе якой прыйшоў — гавары. А на гнілую тваю філасофію ў мяне няма часу…
— А на спаннё ў сем гадзін вечара ў цябе часу стае?! — гаркнуў гарачы Леанід Нілыч і падскочыў да сына. — На гэтае бяздзейнае валянне ў агідным сваім катуху ты час знаходзіш?! Слухай, сын, — тут ён гэтак жа раптоўна панізіў тон і быццам паспакайнеў, — ты ўвогуле разумееш, што з табой адбываецца? Ты хоць трохі ўяўляеш сабе, да чаго можа прывесці твая жыццёвая пазіцыя, ці не ўяўляеш?
Сын з нудой паглядзеў на бацьку знізу ўверх, перасунуўся да самай сцяны і падкурчыў ногі. А затым, дзёрзка зіхатнуўшы вачыма, кінуў:
— А я проста жыву.
— Як проста жывеш?.. — на міг сумеўся Нілыч.
— А так — проста жыву, — пацвердзіў сын і дадаў: — Проста жыву і не дазволю, каб мне заміналі ў гэтым працэсе. Не жадаю, каб мяне павучалі і настаўлялі, як жыць. Не жадаю выслухоўваць тваіх ушчуванняў, маралізаванняў — я іх да млосці наеўся. А таму, калі гэта ўсё, з чым ты да мяне прыйшоў, то я паступаю вось гэтак. — Тут Сяргей схапіў коўдру, дзелавіта яе расправіў, а тады прыняў гарызантальнае становішча, накрыўся і павярнуўся тварам да сцяны: ён дэманстратыўна лёг спаць.
Читать дальше