І якраз наступнага дня прыперлася свякруха. А дагэтуль з паўгода не паказвалася і не тэлефанавала. Гольцаву як перуном жахнула: нездарма такія супадзенні. Свякруха, гэтая старая карга, апошнія шэсць гадоў упарта даймала Анжэлу сваімі прыходамі. Заявіцца, бывала, без папярэджання — паі яе чаем, вынаходзь нейкія пустыя словы, бо пра мужа Гольцава зараклася з ёй не размаўляць. І дзіўна, тая таксама амаль не ўзгадвала свайго сына, а толькі яхідна-дакорліва пазірала на нявестку ды шнырыла калючымі злоснымі вачыма па кватэры. Анжэла ведала — шукае сляды мужчыны, сынку свайму ненагляднаму плошчу зберагчы хоча. Сама ж жыве ў камуналцы, і калі вернецца сынок-забойца, то ёй хоць з дому збягай. Хоча, старая гадаўка, каб ён да Анжэлы вярнуўся, каб ізноў мучыў яе і Андрэйку. А іначай нашто ёй прыходзіць? Пра ўнука свайго адзінага амаль не спытаецца: ці не хварэе ён, як вучыцца? За шэсць год прынесла яму дзве заляжалыя, пакрытыя белым налётам шакаладкі. Анжэла іх выкінула ў смеццеправод. І сыну загадала, каб не адпіраў бабулі, калі адзін дома. Аднойчы і не адпёр Андрэйка, убачыў старую ў дзвярное вочка — і не пусціў. Доўга, напорыста, з паўгадзіны, званіла свякруха, цвяліла нервовую сістэму дзіцяці. Той мусіў патэлефанаваць Гольцавай на работу, і яна стрымгалоў, праз паўгорада, памчалася дадому, каб падраць праклятай ведзьме твар і навек адвадзіць ад іхняй сям’і. Дзякаваць Богу, не застала яна старую. Некалькі месяцаў яе не было з таго часу.
А ўчора, акурат пасля жудлівага Анжэлінага сну, і заявілася свякруха. Страшная нейкая, змарнелая. Прыняла яе Гольцава на кухні, кавы наліла, падала сёе-тое. Не кранулася старая ні пітва, ні ежы. А толькі абыякава так, нязвыкла абыякава глядзела на нявестку, блытана гаварыла то пра надвор’е, то пра тое, як цяжка стала на пенсію жыць… Спыталася пра ўнука. “Да сябра пайшоў”, — зманіла Анжэла, бо перад тым як адчыніць дзверы, загадала сыну заперціся ў спальні. Так бесталкова і тамліва праседзелі яны на кухні хвілін дваццаць, затым зазбіралася старая, пайшла да выхаду. І ўжо ў дзвярным праёме, калі пераступала парог, нехлямяжа абярнулася і кінула:
— Ад Антося табе прывітанне… — Гольцава так і здранцвела ад гэтых слоў.
Праз колькі секунд ачомалася і зыкнула ўслед свякрусе, што ўжо спускалася да ліфта:
— Што значыць — “прывітанне”? Што ён ад мяне хоча?!
Не адказала свякруха, не павярнула да яе твару, а борздзенька шмыгнула ў ліфт, што якраз падышоў, націснула кнопку.
Гольцава рынулася да ліфта і замалаціла кулакамі ў дзверы з немым крыкам:
— Адчапіцеся вы ад мяне, ірыды! Ненавіджу вас, і род ваш свалачны ненаві-іджу!!!
І асеклася: а раптам гэтае прывітанне ад мужа — з волі, раптам ён уцёк і рыхтуе над ёй расправу, раптам, пакуль яна спускалася да ліфта, ён пранік у адкрытую кватэру і там затаіўся? Рукі і ногі адняліся ў Анжэлы ад жаху, у спіну нібы ўсадзілі кол і вярэдзілі ім цела… Яна ледзьве давалаклася да кватэры, ліхаманкава зачыніла дзверы і клікнула сына.
Той тут жа выйшаў са спальні; напэўна, падслухоўваў іхнюю гаворку праз дзвярны шчыт. “Усё нармальна, сынок?” — кінулася да яго Анжэла і стала асыпаць пацалункамі. “А што здарылася?” — недаўменна глядзеў на яе адзінаццацігадовы Андрэйка. “Усё добра, сынку… усё добра”, — прашаптала яму на вуха маці. Аднак тут жа вярнулася да ўваходных дзвярэй, заперлася на ўсе замкі, пачапіла ланцужок і спусціла “сабачку”.
…І зараз, на пачатку першай гадзіны ночы, калі трывожна чакала Віталя, не выходзілі з Анжэлінай галавы ні сон той пракляты, ні візіт ненавіснай свякрухі, ні д’ябальскае “прывітанне”, вымаўленае той нейкім таямнічым, зларадным і злапомслівым тонам. І чым далей перавальвала стрэлка гадзінніка за поўнач, тым мацней разыгрывалася Анжэліна фантазія. Уяўлялася, напрыклад, што сцеражэ зараз ейны пачварны муж Віталіка ў нетрах пад’езда, тоячы за пазухай крывы доўгі нож… А мо ўжо падсцярог?! І вырывалася тады бедная жанчына на лесвічную пляцоўку, і пільна ўслухоўвалася ў рэдкія начныя гукі…
13
Віталь з’явіўся толькі а палове першай. Задыханы, узрушаны, з нейкім цёмным пакетам у руках. Быццам падымаўся ён на дзевяты паверх пешкі.
— Прывітанне, — цмокнуў ён Анжэлу ў шчаку, пераступаючы парог кватэры. — Андрэйка спіць?
— Павінен спаць. — Гольцава пачала памагаць яму здымаць паліто. — Хаця, можа, і чытае ўпотай. Пэўна ж здагадаўся, што ты прыйдзеш.
— На вось, — Віталь дастаў з мятага пакета шакаладку, — перадай яму заўтра.
Читать дальше