Муж мучыў яе ў пасцелі цалюткую ноч, гадзін сем. Толькі перад світаннем захроп. Анжэла ж так і ляжала з адкрытымі вачыма, тупа глядзела ў столь. Ужо займаўся восеньскі золак, праз гадзіну трэба было будзіць сына, карміць і адводзіць у садок. На работу вырашыла не ісці, узяць адгул.
Калі ўстала з пасцелі, балела ўсё цела і ламала косці, а зірнуўшы ў люстэрка, убачыла цёмныя мяшкі пад вачыма і пару сінякоў ад засосаў на шыі. У ваннай жа, прымаючы душ, заўважыла некалькі сініх плям на жываце і сцёгнах, драпіны на грудзях.
Муж прадрых сном немаўляці да першай гадзіны. Устаўшы, загадаў выпрасаваць яму кашулю і стары касцюм. З аппетытам і амаль моўчкі паснедаў, узяў у Анжэлы дваццаць даляраў (“на разжытак”) і, сказаўшы: “Вечарам буду”, — знік за дзвярыма.
Антось і сапраўды прыйшоў вечарам. Толькі позна, а першай гадзіне ночы, пад добрай чаркаю. На скулах у яго выпнуліся жаўлакі, на кашулі быў адарваны верхні гузік і віднелася цёмная пляма — верагодна, ад віна; вочы калюча блішчалі. Ён па-свойску палез у халадзільнік, вывудзіў недапітую ўчора бутэльку гарэлкі і сёе-тое з закусі. Выпіў першую чарку, а тады падазваў да сябе Анжэлу, што нясмела тапталася ў дзвярах. Усадзіў на калені, прапанаваў выпіць. Яна адмовілася.
— Грэбуеш, значыць! — Муж саштурхнуў яе з каленяў і брудна вылаяўся.
Дапіўшы дарэшты гарэлку, Антось запатрабаваў грошай. Анжэла жахнулася і сказала, што ў яе толькі на харчы засталося, што хай ён падумае пра дзіцёнка, якога яшчэ не бачыў, — як таму жылося тры гады без бацькі.
Але муж падскочыў да яе, кароткім разважаным ударам сунуў кулаком пад дых і тут жа, калі жонка, захліпваючыся, сагнулася крукам, выцяў у твар каленам.
Ашаломленая, ледзь не паўзком, калі з носа і губ цякла кроў, трымтлівымі рукамі дастала Анжэла з заначкі і аддала Антосю апошнія грошы. Добра што днямі чакаўся аванс, інакш бы яны з Андрэйкам папросту галадалі.
Муж скрупулёзна пералічыў грошы і паклаў у кішэнь. Ён адразу падабрэў, скрывіў лагодную ўхмылку і падышоў да жонкі. Анжэла, душачыся слязьмі, абцірала кроў насоўкай і стаяла тварам да акна.
— Ну-ну, не крыўдуй, Анжэл, — прасіпеў гэты вылюдак і гулліва ляпнуў жонку далонню ніжэй ад спіны.
І тут жа з’едліва папракнуў:
— І ты ж не без грашкоў. Прызнайся, нябось падгульвала тут без мяне? Га? — З гэтымі словамі муж ізноў дабрадушна пляснуў Анжэлу па мяккім месцы.
— Адстань! — грэбліва сцепанула тая плячыма.
— Ну-ну, Анжэл, — прымірэнча сказаў нядаўні зэк і раптам абхапіў яе ззаду, груба, шчыпаючы пальцамі саскі грудзей, прыцягнуў да сябе.
— Гад! — прастагнала Анжэла, крутанулася, выцяла яго локцем у плячо і рванулася з кухні.
Антось нагнаў яе ў калідоры, пасля нядоўгай барацьбы, выкруціўшы левую руку за спіну, завалок у спальню і кінуў на высокую тахту, галавой у груду падушак. Наваліўся ззаду… Роспачныя Анжэліны енкі патаналі ў задушлівай пухлай падушцы. За дзесяць хвілін знаходжання ў такой позе яна думала, што або задыхнецца, або зломяцца яе шыйныя пазванкі.
Усё наступнае Анжэліна жыццё абяцала быць пеклам.
З гаспадыні яна ператварылася ў абслугу, кухарку для свайго мужа і яго блатных сябрукоў, што днявалі і начавалі ў іхняй кватэры. Тут не выветрываўся смурод танных він і гарэлкі, ад тытунёвага дыму ў пяцігадовага сына з’явілася бяссонне. Пастаянна нехта прыходзіў, сыходзіў, тупаў па кватэры.
Анжэла з Андрэйкам перабраліся ў маленькі кутні пакойчык і вечарамі сядзелі, як зацкаваныя звяркі. Муж мог у любы час — хоць бы і поначы — выклікаць жонку, каб яна кашаварыла для чарговага дарагога госця, бегла ў краму па жратву і гарэлку. У яго паявіліся пачкі грошай, што пужалі Анжэлу сваёй таўшчынёй, і небеспадстаўна меркавала яна, што грошы тыя мазольнай працай не зарабляліся.
Антось, калі быў цвярозы, ставіўся да жонкі з сынам даволі цярпіма, нават дабрадушна. Але тое была дабрадушнасць пана да сваіх прыгонных, якая ў любую хвіліну — калі яму чымсьці не ўнаровіш — гатовая была перарасці ў пагарду, нянавісць, агрэсію. Аднойчы сын за вячэрай палез у цукарніцу мокрай лыжкай, дык родны бацька зароў на яго як тыгр, аблаяў “свінтухом” і вывернуў цукарніцу пяцігадоваму хлопчыку на галаву. Той заплакаў. Яго слёзы толькі раз’ятрылі нервовага зэка, і ён, пакрыўшыся барвовымі плямамі, загадаў Андрэйку заткнуцца. Ад страху той разрумзаўся яшчэ больш. Тады бацька схапіў яго ручку сваёй лапінай, вышмаргнуў з-за стала і завалок у туалет. “Будзеш сядзець да ночы!” — вынес ён свой прысуд і запёр цёмны туалет на зашчапку.
Читать дальше