– А гэта ўжо ваша справа, як паразумецца. Хіба ён вам загадаў, каб вы каскад менавіта мне даручылі?
– Так, я табе сказаў рабіць – рабі! – Галоўны ў запале спрэчкі пляснуў далонню па стальніцы. – Я тут базары разводзіць з табой не намераны.
– Дык намерыцеся, калі Ягоркін вас праз тыдзень застроіць! – агрэсіўна ашчацінілася кабета. – А тое вы з ім хітранькія: адзін на аднаго спасылаецеся. А паасобку кожны – мяне дзярэ! Азадачце во свайго ўлюбёнца Крукава, ці Мяркулава. Цалюткія дні філоняць!
– Так, Марыя Лухвіч, – за нястачай іншых аргументаў узяў строга-афіцыйны тон галоўны. – Я спрачацца не збіраюся, а проста вось тутака сабе пазначаю: “М. Лухвіч – узмацняльны каскад. 9.10.93”. І як сабе хочаш. Заўваж, датавана тыднёвай даўнасцю. І засталося табе на ўвесь кампот менш за два тыдні…
Лухвіч з нямой нянавісцю глядзела на начальніка. Той тонам трыумфатара дадаў:
– Вось так, высокашаноўная. Вось такія пірагі… калі палюбоўна не хочаш.
Але далей падзеі разгортваліся даволі імкліва і нечакана.
Спалатнелая Маша паднялася і, немалымі намаганнямі стрымліваючы гнеў, прамовіла:
– Так, Пятро Яфімавіч. Вы ў бліжэйшыя пяць хвілін маецеся нікуды не адлучацца?
– А што? – пагардліва зірнуў на яе галоўны.
– Вы ўжо зрабіце мне ласку – крыху пасядзіце. – Кабета імпэтна накіравалася ў бок выхадных дзвярэй. Ужо расчыніўшы іх, паабяцала: – А вам патэлефануюць.
І сапраўды, пакуль агарошаны апошнімі словамі падначаленай Яфімавіч чухаў патыліцу ды бесталкова соўгаў па стале службовыя паперы, зазваніў ягоны тэлефон.
Васіль, моцна заінтрыгаваны і развяселены адбытай перапалкай, так і наставіў левае, бліжэйшае да начальніцкай загарадкі, вуха… Карацей, мяркуючы адно па адказах галоўнага і яго паслухмяным тоне, званіў начальнік аддзела Ягоркін. “Самы галоўны”, відаць, паставіў “галоўнага” на месца, нагадаўшы, хто тут кіруе балем. Рэдуктар у дадзеным выпадку перамог узмацняльнік, а нязломная Лухвіч – свайго наравістага шэфа. Між іншым, Маша мела падставы недалюбліваць Пятра Яфімавіча Маскаленку, бо ён яўна абыходзіў яе прэміямі, прагрэсіўкамі і інжынернымі катэгорыямі, заўсёды навальваў непасільную і нудную работу. І ўсё з-за Машынай упартай дзёрзкасці і ганарлівасці. А можа, быў да яе нераўнадушны? І такое бывае… Ва ўсякім разе, Васіль Сурмач з некаторых пор лавіў сябе на думцы, што ахвотна б паладзіў з гэтай развядзёнкай Лухвіч. Яна была проста красуня. Праўда, мела пяцігадовае дзіця…
3
Да заканчэння працоўнага дня заставалася зусім нямнога, і Васіль ужо мысленна ўдзельнічаў у запланаваных на вечар мерапрыемствах, калі ў “загоне” Пятра Яфімавіча раздаўся тэлефонны званок. Ён нахабна разрэзаў прыцішэлую атмасферу лабараторыі, дзе ўсе хваляванні бягучага дня, здавалася б, улягліся…
Гэта пазванілі з рамонтнага цэха і паведамілі, што Маскаленка можа забіраць ад іх сваю апаратуру. Тыя мінірадыёстанцыі марнаваліся там ужо другі месяц (Сурмач заносіў іх на сваім гарбе), але ж собіла ім адрамантавацца менавіта зараз, напрыканцы замарочнага рабочага дня, у гэткую непагадзь.
Вядома ж, галоўны радасна падзякаваў майстроў рамонтнага цэха ды бадзёранькім голасам выклікаў да сябе Васіля.
– Так, апранайся, – сказаў начальнік, – якраз тут станцыі адрамантавалі. Дам табе кагось на падмогу. Дзве ходкі – і па дамах.
Ён ужо абводзіў канструктарскую залу арліным позіркам. Аднак выбар быў несамавіты. Маладыя здаровыя дзецюкі, як прадчувалі, разбегліся хто куды. Віцьку Крукава Яфімавіч зазвычай не чапаў па вядомай прычыне: ён адзін валодаў найноўшай кампутарнай праграмай аб’ёмнага канструявання, вёў цэлую тэму і быў на адмысловым ліку ў Ягоркіна. Звяглівы і хітры Крукаў заўжды называўся занятым, заваленым работай. Адным словам, паставіў сябе як след.
У Васіля ж не было ніякіх прычын, каб адкручвацца ад ролі ўючнай жывёліны, якую зачаста даваў яму Пятро Яфімавіч. А даказваць, што ты не ішак, а інжынер, неяк не выпадала – для гэтага трэба спярша перабрацца жыць крыху на захад ад дзяржаўнай мяжы. Таму хлопец і на гэты раз ціхмяна прыняў звышурочнае заданне, схаваў абурэнне і паклыпаў да вешалкі. Адно пажадаў, каб далі напарніка найдужэйшага – металічныя скрыні радыёстанцый паасобку важылі пад семдзесят кілаграмаў, а да рамцэха ад СКБ было ўсяго толькі паўтара кіламетра.
– Грыша, – крыкнуў галоўны аднаму пажылому канструктару, паважанаму ў сектары чалавеку, – дзе там у нас Краўчук ці Сярмяга? Не бачыў?
Читать дальше