У салдата, відаць, вельмі балела рука. Паклаўшы на калені вінтоўку, ён люляў яе, моршчыўся, хваравіта заплюшчваў вочы.
Карыстаючыся паўзмрокам і няўвагай вартавога, урачы-мужчыны крадком знікалі пад платформамі эшалона, які, дарэчы, нікім і не ахоўваўся: крэпасць пала, фронт імкліва пакаціўся далей, на ўсход, а паралізаваны неспадзяванай бядой горад анямела маўчаў.
Тут, пад адной з платформаў, яе і ўбачыў Антось Вакуловіч. Ужо без халата, які валяўся між рэек, Зоя Савельеўна стаяла на шпалах на каленях, відаць, пачуўшы блізкія крокі, баялася варухнуцца.
Убачыўшы жанчыну, Антось сагнуўся, на нейкі момант сам здранцвеў, потым, хапатліва азірнуўшыся па баках, сарваў са сваіх плеч форменную куртку, кінуў на плечы жанчыне, выхапіў яе з-пад калёс на перон, прашаптаў:
— Маўчы!
Сілком правёў яе аж у цэнтр эшалона, падхапіў на рукі і беражліва апусціў на платформу пад колы вялізнага крытага грузавіка.
У гэты ж момант састаў ціха крануўся і праз якую хвіліну знік у густым шэрым паўзмроку.
— Так я і вырвалася з палону, — не раскрываючы вачэй, горка ўздыхнула Зоя Савельеўна. — Здаецца, праз тры дні, ноччу, эшалон спыніўся ў Барысаве. Успомніла, што ў Барысаве на Камсамольскай жыве мая знаёмая па медінстытуце, працуе ў бальніцы. Да яе і пайшла. Прыняла. Паўгода жыла ў яе, уладкавалася ў тую ж бальніцу, дзе працавала і Люся. А праз паўгода была ўжо тут, у лесе, у партызанскім атрадзе. Таксама Люся дапамагла... Яна падпольшчыцай аказалася...
Зоя ляжала на ахапку сухой асакі, паклаўшы галаву на калені мужа. Здаецца, ужо зусім супакоілася, як кажуць, прыйшла ў сябе. Стары Вайцёнак, які на ноч застаўся тут, на выспе, пачаставаў яе багатай вячэрай, і таму хіліла на сон.
— Параненых многа? — памаўчаўшы, спытаў Леанід Пятровіч.
— Хворых многа... Дызентэрыя, малярыя... Ядзім жа што папала... Нейкі час карміла раненых і хворых мясам... Рэзалі кароў і коней. Ды...
— Што — ды?
— Няма кароў... Заставаліся дзве, самыя лепшыя. Толькі дзецям на малако... Дзяцей у нас многа... Смерчаўцы з’елі...
— Як — з’елі? — уздрыгнуў палкоўнік.
— Так... Зарэзалі і з’елі... Яшчэ і цяпер ядуць... !х тут чалавек пяць. Жонкамі абзавяліся...
— Далёка яны? — пасля доўгага маўчання ціха спытаў Хмара.
— Ды не. Метраў трыста адсюль...
— Добра, Зоя, спі. Другая гадзіна.
Леанід Пятровіч прыхіліўся спінай да яліны, да болю сцяў зубы.
А Зоя Савельеўна і сапраўды імгненна заснула. У сне раз-пораз шукала яго руку, прыціскала да гарачай шчакі...
XI
Ранішнюю пабудку зрабіла «рама». Яна з’явілася высока над выспай, зрабіла шырокі круг і, відаць, нічога не выявіўшы, пайшла ў бок Паліка.
Асцярожна накрыўшы жонку шынялём, Хмара выйшаў з будана.
Пад ялінамі ў буданах-палатах зрэдку падавалі голас хворыя і параненыя. Стагналі яны асцярожна, здушана, відаць, баяліся, што пачуюць іх не толькі свае, але і тыя, што прытаіліся там, за балотам, у акопах і бліндажах, адкуль, хоць і зрэдку, прылятаюць снарады і міны і сюды, на выспу, ды шлях да буданоў ім заступаюць яліны: хапаюць сваімі магутнымі лапамі, у якіх яны і лопаюцца ад злосці, засыпаючы рыжай ігліцай парослую мохам зямлю.
Хворыя галодныя дзеці, наадварот, плакалі зычна, клікалі мам, прасілі есці.
Між панурых ялін, спатыкаючыся на карэннях, хадзіў вартавы. А каля «аперацыйнага» стала, засланага асакой і акрываўленай плашч-палаткай, сядзеў на перакуленым уверх дном вядры чалавек у чорнай скуранцы, з аўтаматам на каленях.
«Лявонаў? Ён. Вось дарэчы!»
Камбрыг Лявонаў, нібы пачуўшы несказаныя словы камандзіра, падхапіўся на ногі.
— Таварыш палкоўнік! Камандзір...
— Ціш-ш-ш, — прыклаў палец да губ Хмара. — Разбудзім...
— Рад за вас, таварыш палкоўнік, — ужо ціха прамовіў камбрыг. — Учора вечарам быў у мяне Вайцёнак, усё расказаў. Якое шчасце!
Яны адышлі ад шпітальных буданоў, уладкаваліся пад пасечанай асколкамі ялінай на пакрытай мохам калодзе. Леанід Пятровіч ад камбрыга Дубровіча ведаў пра цяжкае гора камбрыга Лявонава. У сорак першым, у час першай жа бамбардзіроўкі Мінска, загінула ўся яго сям’я: старэнькая маці, жонка, дзесяцігадовы сын і двухгадовая дачушка. Сам ён, работнік абкома, быў у камандзіроўцы і, калі вярнуўся ў Мінск, замест дома знайшоў груду яшчэ гарачае цэглы...
Парушыў маўчанне камбрыг.
— Добра, што Дубровіч вырваўся з блакады. Цяпер ёсць надзея...
— I рэальная, — падхапіў Хмара, рады, што цяжкія ўспаміны парушаны. — Надзея ёсць, і цвёрдая. Аб гэтым і пагаворым. Камбрыг «Разгрому» далёка?
Читать дальше