— Сёння не сорак другі. I не сорак трэці...
VIII
А ў гэты час Рыгор Вайцёнак, Антон Сімук і Віктар Дрозд на Рыгоравай лодцы гойсалі па рачулцы, што надзейна ахоўвала Барсучыныя горы.
Дзед Рыгор сцвярджаў, што на рачулцы, дужа глыбокай, ёсць перакат, даволі вузкае месца з нізкімі, але трывалымі берагамі, і што цераз гэты перакат партызаны дваццатых гадоў вазілі з зарэчных лугоў сена ў свой лагер, на гару.
Як і заўсёды, памяць не падвяла старога разведчыка. Перакат — вады паўаршына, дно — жвір, хоць цяпер залівай гудронам, — знаходзіўся трошку бліжэй, чым яго шукалі. Вось толькі правы, патрэбны партызанам бераг, аказаўся не такі ўжо і нізкі, бо ціхоня-рака за доўгія гады падтачыла і яго.
Ды бяда не дужа вялікая. Дзесятак добрых хлопцаў, дзесятак рыдлёвак, гадзіну-другую працы, і каці, хоць на легкавушцы!
...Вечарам, за гадзіну да адплыцця Вайцёнка і Хмары, «танкі» Сімука і Дразда памянялі пазіцыю, сталі ў кустах маладога арэшніку насупраць перакату...
IX
Прадчуванне не падманула Леаніда Пятровіча: «худзенькая, беленькая» і сапраўды аказалася яго жонкай, Зояй Савельеўнай Хмара.
З дапамогай старога Вайцёнка ён адшукаў яе на малюсенькай выспе сярод гразкіх балот. Тут рос дзесятак-другі старых ялін, на карослівых шэрых ствалах якіх, нібы струпы ад застарэлых язваў, віселі камякі даўно засохлай смалы. Пад гэтымі ялінамі, пад іх цяжкімі, амаль чорнымі лапамі і размясціўся шпіталь брыгады «Лявона», — некалькі буданоў, складзеных з такіх жа яловых лапак.
Зоя Савельеўна Хмара, адзіны хірург шпіталя, рабіла аперацыю. Малады партызан, распрануты да пояса, ляжаў на «стале», складзеным з жардзін і засланым асакой і нямецкай стракатай плашч-палаткай. Мажнога складу мужчына, відаць, асістэнт хірурга, у некалі белым халаце, стаяў ля «стала» і звычайнай сталярнай нажоўкай адпілоўваў партызану левую пасінелую руку. Прыгожы твар партызана быў белы, засыпаны буйнымі кроплямі поту, рот і вочы шырока раскрыты. Здавалася, зараз ён закрычыць і скочыць на дол, усланы рыжай ігліцай. Але хлопец — маўчаў. Глядзеў у неба і маўчаў.
Каля мужчыны з нажоўкай са шпрыцам у руках стаяла яна, Зоя Савельеўна Хмара. Твар яе таксама быў белы, і яна таксама маўчала.
Маладзенькая дзяўчына ў светлай паркалёвай сукенцы стаяла ля галавы хлапца, трымала яго правую, здаровую, руку і раз-пораз падносіла да яго кірпатага носа бутэлечку, — відаць, гэта быў нашатырны спірт. Дзяўчына таксама маўчала, а па яе амаль дзіцячым твары каціліся празрыстыя слёзы.
Нарэшце чалавек у калісьці белым халаце разагнуў спіну, кінуў у вядро ампутаваную руку, на белы ручнік паклаў пілку і пайшоў прэч ад «стала». Зоя Савельеўна зрабіла ўкол параненаму, павярнулася, каб узяць з рук дзяўчыны бінт і, ціха ўскрыкнуўшы, павольна асела на зямлю.
...За яе спінай, сціснуўшы сабе горла адзінай рукой, стаяў Леанід Пятровіч Хмара, якога яна пахавала ў вогненную чэрвеньскую ноч 1941-га, калі ёй сказалі, што пагранічнікі, якімі камандаваў муж, загінулі. Усе як адзін...
Х
Чалавеку не дадзена ведаць, адкуль прыйдзе дапамога ў самы крытычны момант у жыцці...
...Антося Вакуловіча ў Брэсце бачылі многія, ды мала хто ведаў. Маўклівы, ваўкаваты, ён не меў ні сяброў, ні добрых знаёмых. Ніхто толкам не ведаў, дзе ён нарадзіўся, дзе жыў усе свае трыццаць год. Казалі, што вырас на Гродзеншчыне, нават меў уласны хутар, ды жыў бабылём. У трыццаць восьмым яго ўзялі ў Войска польскае, у трыццаць дзевятым трапіў у нямецкі палон. Уцёк. Басцяўся па свеце, бо нехта спаліў яго хутар — струхлелую халупу. I вось з’явіўся ў Брэсце. Уладкаваўся на станцыі. Моўчкі хадзіў уздоўж саставаў, грукаў па колах вагонаў малаточкам. Састаў адыходзіў. Пакідаў перон і Вакуловіч.
Пачалася вайна. Прыйшлі фашысты. А Антось Вакуловіч так і застаўся на станцыі. Цяпер хадзіў са сваім малаточкам уздоўж эшалонаў тых самых гансаў і фрыцаў, што некалі паланілі яго. А на захад, у Германію, везлі новых палонных, жанчын, дзяцей, нарабаванае дабро.
Вось гэты Антось і выхапіў тады з бяды жонку падпалкоўніка Хмары, хірурга Зою Савельеўну, якую ведаць не ведаў і бачыць не бачыў.
...Як і ўвесь медсастаў крэпасці, 20 ліпеня немцы адправілі Зою на станцыю і, відаць, пакуль не ведалі, што рабіць з урачамі і медсёстрамі.
Ахоўваў медыкаў салдат з перавязанай левай рукой. Быў ужо прыцемак, на пероне святла не было. Стаяў пад параю доўгі вайсковы састаў, на платформах якога былі накрытыя карычневым брызентам аўташыны і нешта яшчэ ў вялізных скрынках. У самым канцы эшалона свяцілася акенцам цяплушка.
Читать дальше