«Э-э-э, ды тут і сапраўды здарылася нешта нядобрае», — убачыўшы крыжы, захваляваўся Крамнёў. Ён яшчэ раз абвёў доўгім позіркам вёску, пустую вуліцу, квітнеючыя, быццам густа намыленыя, сады і, адшукаўшы веснічкі, праз чыйсці сад, наўпрост, цераз агароды і поле збажыны, пашыбаваў да старых бяроз і крыжоў на пагорку.
Тут, на гэтым адзінокім пагорку, быў вясковы могільнік, старанна дагледжаны, абнесены трывалай жалезнай агароджай. Вёска была невялікая, стаяла далёка ад іншых, і магіл тут было не многа. Таму новыя крыжы і бугаркі свежай зямлі адразу ж кінуліся ў вочы Крамнёву. !х, гэтых свежых магіл, было пятнаццаць. Як і хаты ў вёсцы, яны стаялі строга ў адну шарэнгу, убаку ад старых магіл, і — былі «голыя»: ні помнікаў, ні агародж, ні вянкоў, ні хаця б якога надпісу. Толькі на кожнай — смалісты крыж, а на бугарку свежай зямлі — ці галінка бэзу, ці завялы букецік лугавых кветак.
Крамнёў доўга глядзеў на гэты дзіўны «парад» сасновых крыжоў, такі нязвыклы для вясковых могільнікаў, і ў галаву лезла думка, якая зусім не стасавалася з тым, што ён бачыў перад сабою. Нейкімі несур’ёзнымі здаліся яму і крыжы, і магілы, і завялыя букецікі кветак. Асабліва гэты «парад» крыжоў.
«Такое — у час эпідэміі? — ламаў галаву капітан. — Ну, братцы... »
I, ужо не асцерагаючыся, па добрай палявой дарозе ён падаўся назад, у Бабцы. Пайшоў ад хаты да хаты, і ўсюды яго сустракаў той жа плакацік, відавочна, створаны адной і той жа рукой: «ТЫФУС». I тыя ж ашчэраныя чорныя зубы, і тыя ж ружовыя косці.
«Ну, братцы, ці вы, ці мо я... але нешта тут не тое!» — заклапочана ламаў галаву Крамнёў і, згубіўшы ўсялякую надзею разгадаць гэты рэбус, падняўся на высокі чысценькі ганак апошняе хаты.
Гэту хату Крамнёў запомніў добра. Тут, мо месяц назад, «балявала» іх разведгрупа, тут мучыла «хромку» прыгажуня Гэлька Шаблюк, калгасны старшыня, гаспадар гэтае хаты, «саломенная ўдава», ад якой, як шапталі кабеты на вуха разведчыкам, толькі што некуды збег чалавек, мужчына не Казанова, але майстар на ўсе рукі, і не толькі.
Дзверы хаты Шаблюкоў, азначаныя ўсё тым жа кляймом «ТЫФУС», былі не зачыненыя, і Крамнёў, пераступіўшы парог, прысеў на шырокую лаву, вырашаючы, куды падацца далей.
I тут, у «старшынёўскай» хаце, якая калісьці так сардэчна сустрэла «сваіх», «рэгулярнікаў», таксама панаваў адмысловы парадак. Нішто не кранула чужая рука. Нават прыбавілася нешта новае, чаго ён, капітан Крамнёў, не прыкмеціў той памятнай красавіцкай ноччу. У «чырвоным кутку», дзе быў тады партрэт Леніна, вісела... ікона. Гэта адкрыццё здзівіла яго больш, чым «парад» крыжоў на вясковым могільніку. Хуценька падышоў да стала, каб лепш разгледзець, якому богу зараз моліцца бязбожніца Гэлька Шаблюк. Доўгі, шырокі ручнік надзейна хаваў пад сабою ікону, і Васіль асцярожна тупым дулам аўтамата прыўзняў край ручніка.
З просценькай незашклёнай рамкі на яго з журбой і дакорам зірнуў... Дастаеўскі.
Васіль плюхнуўся на лаву і зарагатаў.
— Цырк! — захапляўся ён, задыхаючыся. — Цырк на дроце! Ад гэтай Шаблючыхі здохнуць можна!..
— Яно, братка, так, яно так.
Васіль крута павярнуўся на голас. У дзвярах бакоўкі, без штаноў, у доўгай жаноцкай сарочцы, якая закрывала яму ногі да пят, стаяў незайздроснага росту чалавек з рэдзенькай русай бародкай. Гэта быў камічны гібрыд двух знакамітых літаратурных герояў адразу: гогалеўскага Шпонькі і шолахаўскага дзеда Шчукара. Толькі вось гэты Шпонька-Шчукар, як шапталі суседкі, уладу сваёй прыгажуні жонкі, якую прызнавалі ўсе ў Бабцах, прызнаваць не хацеў і ваяваў з ёю, як толькі мог. Спачатку стараўся дагадзіць, потым пачаў ратавацца. Ашалеўшы ад незаслужаных папрокаў, што ўшчэнт нішчылі яго мужчынскую годнасць і якую ахвотна прызнавалі суседкі, хапаў вуду, бохан хлеба і скрозь ноч уцякаў на раку ці куды яшчэ, абы толькі далей ад Бабцоў, ад сваёй «старшыніхі». Не прыходзіў дамоў дзён гэтак пяць, пакуль не абрастаў «мохам». Тады непрыкметна вяртаўся, начы дзве-тры туліўся ў пуні, потым перабіраўся ў сені, дзе стаяў даўно выкінуты Гэлькай тапчан, а там неўпрыкмет перабіраўся і ў хату, на Гэльчыну пуховую пярыну. I зноў ажываў. Яшчэ да сонца ляцеў на калгасны двор, рамантаваў калёсы, стругаў новыя аглоблі, шыў хамуты і сядзёлкі, вечарам браў касу і рэзгіны, прыносіў бычку і парсючку маладую канюшыну, а калі выпадала вольная гадзінка, маляваў плакаты і аб’явы для калгаснага клуба. Стараўся. А потым... Ну а потым пачыналася ўсё спачатку.
Грымнула вайна, і хоць нейкі, але ўсё ж звыклы лад жыцця разляцеўся ўшчэнт. На шчасце, ці не за дзесяць год няспынных сямейных баталій эмацыянальная парачка дзяцей прыдбаць не паспела, і лёгкі на нагу, не надта ацяжараны клопатамі Шаблюк, не сказаўшы ні слова сваёй грознай палавіне, знік, нават не прыхапіўшы і вуды. Дзе яго насіла месяц і болей, апрача яго, відаць, мала хто ведаў, ды вось...
Читать дальше