Вадзіму чамусьці захацелася зноў праз недалёкую адсюль вулку схадзіць на лог, ужо быў падняўся, але здаля ўбачыў Колю, пачаў чакаць, пагладзіў рукой шурпатую кару ліпы, дзе дружна шчыравалі пчолы, і адчуў такую палёгку, якой даўно не ведаў. Коля абрадаваўся, убачыўшы брата.
— Даўно чакаеш? — папытаў, паціскаючы Вадзіму руку. — А я з могілак. Аглядалі магілы бацькоў і брата. Лілька яшчэ там засталася. Вырвала ўсю траву, а я вярнуўся, каб узяць сякеру. Гэта ж нарасло хмызу, і без сякеры з ім не справіцца.
— Во, і мы сёння з Люсяй гаварылі пра гэта. Я і прыехаў, каб нешта зрабіць.
— Агароджу трэба, — пачухаў патыліцу Коля. — А то стопчуць, зруйнуюць, што будзе не пазнаць, дзе хто пахаваны. Туды ж і жывёла заходзіць. Ведама, плоту няма. І што сельсавет сабе думае?
— Там такія ж нядбайныя, як і мы з табой. Да гэтага часу не ўпарадкавалі магілы родных. Няма нам апраўдання. А з агародкай можам вырашыць. Знайсці б толькі зваршчыка. Трубы ў цешчы ёсць. Па шляху назад можна забегчы, Люся пакажа.
На могілках корпаліся як не да вечара. Коля з Лількай, калі скончылі на сёння работу, клікалі да сябе, каб павячэраць і з нагоды сустрэчы ўзяць па чарцы. Аднак Вадзім, спаслаўшыся, што яму вечарам трэба ехаць, бо тое-сёе дапісаць патрэбнае для работы, рашуча адмовіўся.
— Іншым разам, — сказаў, развітваючыся. — У наступны выхадны прыеду.
Яму і праўда трэба было зрабіць адну перадачу. Але не сёння. Гэты вечар і ноч ён, ні аб чым не дбаючы, правядзе з сям’ёй.
8
У дзіцячым часопісе, куды яму дапамог уладкавацца Рыгор, які добра сябраваў з рэдактарам, Вадзіму падабалася найперш тое, што не трэба было прыходзіць з саменькага ранку. Вядома, у тоўстым літаратурным часопісе яшчэ вальготней жылося яго работнікам, але ж у параўнанні з радыёкамітэтам — і гэтая вольніца была б марай кожнага журналіста. Літаратурны аддзел узначальваў стары дзіцячы пісьменнік Васіль Шукевіч, які нядаўна папрасіўся на пенсію, бо ўжо адмаўлялі пакалечаныя ў вайну ногі. Больш за тры месяцы галоўны трымаў месца для блізкіх яму людзей. Але ніхто пакуль не адгукнуўся на яго прапанову. Рыгор дазнаўся пра вакансію і настаяў узяць Гурко. Сказаў, што той піша прозу і ў паэзіі разбіраецца, бо і сам яшчэ нядаўна друкаваў вершы. Галоўны чуў прозвішча Гурко, але асабіста не быў знаёмы. Яны сустрэліся ў рэдакцыі, абмеркавалі ўмовы, і Вадзім, адпрацаваўшы належныя дні на радыё, прыйшоў на новую працу.
Дзіцячая творчасць яго захапіла, і ён з галавой акунуўся ў новую для сябе справу. Вершаў і апавяданняў прыходзіла шмат. Вядома, пераважная большасць з іх была слабізна, і ніякая праўка, шліфоўка іх не выручыла б. Напісаць жа самому за аўтара і змясціць на старонках пад яго прозвішчам было б недаравальнай памылкай. Пакуль што абыходзіўся тымі творамі, якія па мастацкіх якасцях здавальнялі ўзровень часопіса. Былі сярод аўтараў і масцітыя пісьменнікі. З тымі праблем не было, аднак галоўны не вельмі гэта вітаў, прымушаў даваць ход пачынаючым. Яно, вядома, было б правільна, каб гэтых здольных пачынаючых хапала на кожны нумар. З паэзіяй было яшчэ туды-сюды, можна, крыху паправіўшы, наскрэбці пяць-шэсць вершаў, а вось над прозай даводзілася папацець. Апавяданні былі наіўныя, на ўзроўні школьных сачыненняў, і Вадзім здзіўляўся, як Васіль Шукевіч рабіў з іх досыць прыстойныя творы. Вядома ж, перапісваў, робячы дрэнную паслугу аўтару. У адным з апошніх нумароў Гурко прачытаў такое апавяданне і, пакорпаўшыся ў шуфлядцы пісьмовага стала, знайшоў арыгінал. Параўнаў два тэксты і за галаву хапіўся: ніводнага сказа ад аўтара не засталося. Дык навошта ж пладзіць графаманаў, якія, уявіўшы сябе пісьменнікамі, пасля калечаць сваё жыццё і атручваюць жыццё яго блізкіх. Цікава, ці ведае пра такія праўкі галоўны? Калі гэта ўзаконеная практыка, то ўсё, ты, Вадзім Гурко, уліп і з гэтай работай. Так перапісваць на свой капыл прозу ў яго няма ніякага жадання.
Рыхтуючы чарговы нумар, ён рашыў схадзіць да Сініцы, параіцца з ім. Рыгор, выслухаўшы сябра, шчыра паспачуваў яму, але сказаў, што трэба цярпець і, закасаўшы рукавы, рабіць так, як рабіў яго папярэднік.
— Зразумей, — казаў Рыгор, калі яны засталіся ў ягоным кабінеце адны. — Твой галоўны — чалавек успыльчывы, ледзь што не так, то і мацюкнуцца можа, і паслаць цябе к чортавай мацеры. У яго рабоў знойдзецца колькі заўгодна. А табе ж трэба карміць сям’ю, тым больш, як сам казаў, чакаеш папаўнення.
Вадзім паслухаўся добрай парады, засеў за праўку з усёй сур’ёзнасцю. Свае творчыя планы пакуль што закінуў да лепшага часу.
Читать дальше