Ён яшчэ гаварыў бы і гаварыў, але Рыгор перапыніў яго пытаннем:
— А колькі ж зарабляюць тыя, каму так пашэнціла годна жыць?
Валасацік трохі збянтэжыўся, але адказаў з выклікам:
— Пытанне з падтэкстам. Але скажу сумленна: грошай калгаснікі атрымалі на працадзень мізэр, затое зерня далі на працадзень па цэламу кілаграму. А гэта ўжо валюта, ды яшчэ якая. Заробленае жытцо ды свая з агародаў бульба, там буракі, рэдзька — жыві і не тужы.
— Нам трохі рэдзькі захапіў бы, — пасмейваўся Рыгор. — Як нахрумсталіся б, ноччу домік узарваўся б!
— Смейцеся, смейцеся, а людзі ўга як давольныя.
Перад кіно хлопцы вырашылі трохі яшчэ прагуляцца. Ні ў аднаго, ні ў другога не выходзіў з галавы новы напарнік.
— Ці ён дурань апошні, ці проста ачмураны прапагандай чалавек, — сказаў Вадзім. — Сумняваюся, каб што людскае ён напісаў. Хаця паглядзім. Бываюць такія прасцячкі, наіўныя, але таленавітыя.
І на другі, і на трэці дзень чарга не дайшла ні да Рыгора, ні да Вадзіма. Разглядалі найперш тых, што прыехалі з раённых цэнтраў. Хлопцы, не маючы лішніх экземпляраў, невялікія творы чыталі ўслых, час ад часу зіркалі на прысутных, прыкідваючы, як тыя рэагуюць на тое ці іншае наватарскае слова, на нечаканы эпізод ці развязку дзеянняў. Гэта што тычылася прозы. Але празаікаў было, уключаючы Вадзіма і Пякарскага, толькі сем чалавек. Астатнія — паэты. Па кожным з іх у канцы калектыўнага меркавання выступаў афіцыйны кансультант, прызначаны кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў. Той, бывала, асаджваў таго, хто пераходзіў межы прыстойнасці ў крытыцы, прасіў быць абыходлівымі ў дачыненні да творцаў, якія жывуць у глыбінцы і варацца ва ўласным соку. Мала-памалу абмеркаванне набыло больш канструктыўны, а то і сяброўскі характар. Барыса Пякарскага разглядалі на трэці дзень пасяджэння. Ён, таксама не маючы лішніх экземпляраў, папрасіў дазволу прачытаць услых усё апавяданне, якое было ў абласной газеце і, дзіва дзіўнае, з першага да апошняга радка ніхто ў зале не варухнуўся, не кашлянуў, не кінуў ніякай рэплікі. Апавяданне было пра хлопчыка, які, адбіўшыся ад дарослых, заблудзіўся ў тайзе і семнаццаць дзён ішоў куды вочы глядзяць, толькі б напаткаць жывую душу ці якое жытло. Яго шукалі днём і ноччу, бацькі звярталіся не толькі ў міліцыю, але і да ваенных, і тыя пасылалі верталёт, які гадзінамі кружыў над зялёным морам, пасля, зачапіўшыся ў тумане за верхавшу магутнага кедра, упаў і разбіўся.
Хлопчык, змарнелы і абяссілены да крайнасці, натрапіў на рэшткі гэтага верталёта. Ён не ўзарваўся, ляжаў глыбай на баку з расчыненай насцеж кабінай. Далей распавядалася, як хлопчык ратаваў акрываўленага пілота і як ужо разам шукалі людзей. Апавяданне канчалася трагічнай нотай: пілот, згубіўшы многа крыві, памёр ужо бліз горада, калі да крайніх дамоў заставаліся лічаныя метры.
Пякарскі скончыў і сеў, чакаючы рэакцыі прысутных, а рэакцыя была амаль адназначная: апавяданне і па змесце, і па мастацкай тканіне вартае таго, каб гаварыць пра яго аўтара як бясспрэчна вельмі здольнага чалавека. Кансультант таксама павіншаваў Пякарскага з відавочнай удачай.
За вячэрай Быкаў, які пры абмеркаванні адмоўчваўся, папытаў у аўтара, ці былі ў яго яшчэ якія творы, каб вечарам пачытаць. Той паабяцаў прынесці раніцай, як збяруцца на сняданак.
Па дарозе ў свой домік Рыгор раптам спыніўся, азадачаны нейкім рашэннем. Пасля, калі ўжо клаліся спаць, сказаў:
— Пабудзі мяне чым найраней. Ёсць справа.
— Што, прычашчацца пойдзеш, ці за музу возьмешся? Выспаўся б лепей.
— На снеданне і на абед не чакайце, — сказаў Рыгор. — Паеду вавёркам па арэхі.
Сініцы, калі Вадзім прачнуўся, ужо не было. Хлопец ламаў галаву, што за ідэя ўзбрыла яму ў галаву, каб ні свет ні зара імчацца на дарогу, галасаваць машынам, каб падвезлі да сталіцы. І гэта дзеля арэхаў? Мала верылася, што Рыгор адмовіцца ад магчымасці лішнія гадзіну-дзве падрыхнуць, ахвяраваць сняданкам і абедам, траціць грошы на транспарт і ўсё дзеля той пакупкі. Не, тут нешта не тое.
Рыгор усё ж з’явіўся к абеду, нейкі таямніча-загадкавы, вясёлы.
— Ці не на спатканне са сваёй краляй ездзіў, — з’яхіднічаў Вадзім. — Ужо мог бы звечара сказаць. А то ламі тут галаву, што цябе ўзбурыла. Быкаў сказаў, што сёння цябе будуць чыхвосціць. Вось была б карцінка, каб своечасова не прыехаў. Панчанка тут, усе семінарысты на месцы, а аўтар, спалохаўшыся, даў драпака. Вось смяхоцце было б.
— Будзе смяхоцце, будзе, — загадкава адказаў Рыгор. — Не падганяй коней, яны і так узмыленыя.
Читать дальше