— Пацвельваешся, лайдак. Так і быць, дрыхні, але толькі калі пачую храп, то ў рот усуну кляп.
— Табе б катам працаваць, — агрызнуўся Рыгор і ўлёгся ў мяккі ложак.
У галоўны корпус яны прыйшлі ці не першыя, бо на вешалцы не было ні адной апраткі. Падняліся на другі паверх і там убачылі Васіля Уладзіміравіча. Той, кіўнуўшы ім галавой, працягваў размаўляць з прафесарам Гутаравым, на лекцыі якога марыў трапіць кожны. Хлопцы, каб не перашкаджаць і не мазоліць вочы, выйшлі ў хол, прысланіліся да падаконніка. Пачалі сцякацца і іншыя ўдзельнікі семінара. Універсітэцкіх Вадзім налічыў пяць чалавек. Астатнія былі незнаёмыя. Прыехалі з Мінска некалькі салідных пісьменнікаў, сярод якіх Вадзім пазнаў вядомага гумарыста і байкапісца Уладзіміра Корбана, паэтаў Пімена Панчанку і Анатоля Астрэйку, празаіка Макара Паслядовіча. Яны ручкаліся з кожным, хто сустракаў іх, пыталіся прозвішча і жанр, у якім працуе, дружалюбна паляпвалі па плячы. Першы пачаў Іван Васільевіч Гутараў. Гэтага чалавека можна было б слухаць і слухаць гадзінамі, і не надакучыла б. Ён меў фенаменальную памяць, якая выручала яго ў самых нечаканых выпадках. Расказвалі са смехам, як Гутараў лоўка абводзіў вакол пальца самых заўзятых бюракратаў. Не маючы моцы пісаць канспекты сваіх лекцый, ён, калі нечакана заходзілі ў аўдыторыю правяральшчыкі, клаў перад сабою падрыхтаваныя загадзя якіясь спісаныя лісткі і быццам цытаваў класікаў марксізму-ленінізму, чытаў вытрымкі з таго ці іншага твора славутых рускіх і замежных пісьменнікаў. Калі праверка канчалася, ён са смехам адсоўваў паперкі ўбок і працягваў лекцыю, здзіўляючы сваёй эрудыцыяй.
Зараз Іван Васільевіч быў сур’ёзны. Сказаў, што ранкам наведаў у бальніцы Якуба Коласа і той папрасіў перадаць ад свайго імя гарачае віншаванне маладой змене літаратараў. Усе дружна запляскалі, папрасілі расказаць пра здароўе народнага песняра.
— Слабаваты, але вычухаецца. Марыць к канцу семінара пад’ехаць да вас, каб пагутарыць і сфатаграфавацца на памяць.
Гулам адабрэння і радасці сустрэлі словы прафесара.
Пімен Емяльянавіч падзяліўся ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Швецыю з усесаюзнай дэлегацыяй пісьменнікаў. Калі ён называў некаторыя лічбы, усе ахалі ды охалі. Але, заключыў паэт, у гасцях добра, а дома лепш.
«И дым Отечества нам сладок и приятен», — пад смяшок прадэкламаваў нехта вядомыя радкі.
— Чаго-чаго, а дыму ў нас хапае, — шапнуў Вадзім, але яго пачулі і таксама засмяяліся.
Пачалася сур’ёзная разборка твораў. Кожнаму быў прызначаны яго дзень. Вырашылі збірацца ў гэткі ж час, калі людзі паабедаюць, хто захоча адпачне. Ну, а ранак дадзены для творчай працы.
Да Вадзіма падышоў Макар Паслядовіч і папрасіў у яго новыя і надрукаваныя ўжо творы. Хлопец адкрыў кардонную папку, паказаў усё яе змесціва: тры гумарыстычныя часопісы, выразку з апавяданнем у сельскагаспадарчай газеце, два маладзёжныя часопісы, дзе значылася яго імя.
— Вершы таксама друкаваліся, але я закінуў паэзію, таму не хацеў бы паказваць.
— Чаму ж, — падахвоціў Макар Трафімавіч. — Я паспрабую разабрацца. А што зараз напісаў ці пішаш?
Вадзім зніякавеў:
— Скончыў нядаўна апавяданне, але яно ў мяне ад рукі. Не меў часу даць каму перадрукаваць на машынцы.
— То хай будзе і ад рукі. Почырк жа, можа, у цябе не прафесарскі. А калі не разбяруся, то ў Саюзе пісьменнікаў дам машыністцы, яна любы тэкст рукапісны чытае. Заадно табе экземпляр будзе.
На сёння яны былі вольныя. Пасля вячэры абяцалі паказаць кіно «Чапаеў», і хлопцы вырашылі, што гэтую карціну паглядзець варта. Рыгор пахваліўся, што сам Панчанка падрадзіўся разгледзець яго вершы. Вячэралі без Быкава. Яго, сказаў хтось, некуды павёз Іван Гутараў. Затое чацвёртае месца за сталом заняў малады, вёрткі і вельмі гаваркі хлопец з доўгімі, як у папа, валасамі. Назваўся Барысам Пякарскім. Родам з-пад Баранавіч. Працуе ў раённай бібліятэцы. Спазніўся, бо на паўдарозе зламаўся аўтобус, а пакуль далі іншы, пакуль знайшоў будынак Саюза пісьменнікаў, пакуль растлумачылі, як дабірацца сюды, то і дзень мінуў.
— Спачуваю, — сказаў Рыгор. — Добра тое, што добра канчаецца.
Валасацік, відаць, моцна прагаладаўся, бо папрасіў яшчэ адзін біфштэкс са
смажанай бульбай і дзве шклянкі чаю. Пакуль хлопцы дапівалі свой, ён выняў з-за пазухі пінжака скрутак і паказаў публікацыі ў раённым і абласным друку. Гэта былі невялікія навелы, а адно і апавяданне ледзьве на на ўсю старонку.
— Цяпер аповесць пішу, — пахваліўся Пякарскі. — Пра дбайнага гаспадара, старшыню калгаса, які даў людзям годнае жыццё. Думаю, калі скончу, у маладзёжны ці які іншы часопіс завезці.
Читать дальше