— Ну, не ўсе ж такія, — не пагадзіўся Вадзім. — А твая жонка гэтак бы зрабіла?
— Мая — не, бо яе няма ў мяне. Пасля тога выпадку з палкоўнічыхай мяне адвярнула ад дзяўчат.
— Ну, ты яшчэ на сваю не натрапіў. Знойдзецца такая, што ночы не будзеш спаць, толькі і будзеш думаць, як заваяваць яе сэрца.
— Ат, — хацеў запярэчыць хлапчына, ды тут штось стрэліла пад колам, і машына імгненна вільнула ўбок і з высокага насыпу ўсім сваім цяжарам гахнулася ў прыдарожнае дрэва. У нейкія долі секунды Вадзіма кінула на шкло, ад якога засталіся толькі вострыя аскабалкі, затым выкінула вонкі, ударыла аб камель, мяшком кульнула ў запыленую крапіву. Болю ён не адчуў, толькі, плаваючы ўжо ў паветры, абыякава назіраў, як цела яго распластана ляжыць на зямлі, як ля кабіны курчыцца ў перадсмяротных сутаргах шафёр, спрабуючы адпаўзці ад машыны далей. І ў гэта імгненне слуп зыркага агню адначасова з выбухам узняўся ў неба, ледзьве Вадзім паспеў узмахнуць рукамі-крыламі і адплысці далей. Ён бачыў, як спыніліся адна, другая, трэцяя машыны. З іх павыскоквалі людзі і з жахам глядзелі на ахопленае полымем жалеза.
Вадзім пакружыў над імі, хацеў сказаць, каб ратавалі шафёра, ён жа яшчэ такі малады, і не яго віна ў тым, што яны кульнуліся, відаць, лопнула кола, але чамусьці не мог вымавіць ні слова. Мужчыны, ці то пачуўшы яго, ці самі асмеліліся, спусціліся з крутога адхону, пачалі шнарыць бліз машыны, бо бліжэй усё яшчэ гарэла, ішоў густы едкі дым, ад якога слязіліся вочы.
— Во, адзін нехта нібы жывы, — пачуў Вадзім голас над сваёй плоццю. — У каго ёсць люстэрка? — гукнуў жанчыне на насыпе. — Хутчэй нясі. Праверым, ці дыхае. «Адчапіцеся ад мяне. Мне як нікому добра», — зноў гукнуў і не пачуў свайго голасу. Пасля наглядаў, як клалі яго на насілкі, неслі ў легкавую машыну з чырвоным крыжам на баках. Ён, бесклапотны і легкакрылы, ляцеў за імі ўслед, абыякава назіраў, як неслі ў бялюткую палату, клалі на стол. «Што яны хочуць рабіць? Ну, пакінулі б мяне ў спакоі. Мне так добра». Жанчыны, аднак, хутка распранулі яго, пакінулі зусім голенькага. «Здурнелі яны, ці што?» Вадзім хацеў рукой прыкрыць сваё сарамоцце, але ні адна, ні другая рука не слухаліся, ляжалі ўдоўж цела, бы вяроўкі. Ён успомніў, як палкоўнічыха хацела распрануць дагала шафёра, а таму выпадак памог вылузацца з яе абдымкаў. А як ад гэтых вылузацца? Але, дзякаваць богу, жанчыны пайшлі, іхняе месца занялі два, пасля далучыўся і трэці, хірургі з белымі шапачкамі на галаве і ў такіх жа беласнежных халатах. Яны перамаўляліся між сабой, ківалі галовамі, пасля, калі на століку ім падвезлі інструменты, пачалі паласаваць яго цела. «Пакіньце мяне ў спакоі!» — прасіў-маліў Вадзім. Але яны, не зважаючы ні на што, нешта кроілі, шылі, з-за галоў і спін не было бачна.
Пасля ён адчуў, як неадольная сіла выпіхнула яго ў якуюсь трубу. Ляцець было і страшна, і прыемна. Страшна, што занадта вузкая адтуліна, а прыемна ад самога лёту, тым больш, што ўперадзе мільганула святло незвычайнай яркасці, якой на зямлі ніколі не бачыў. У зіхоткай прасторы да яго падплылі маці, бацька, брат Лёва, усё такія ж, як помніў іх з дзяцінства. Ён хацеў усіх абняць, сказаць, як цяжка яму, сястры, абдвум яго братам без бацькоў, колькі яны выцерпелі ўсяго, што адзін Бог толькі ведае. Але маці, хоць і ласкава глядзела, адпіхнула яго ад сябе, сказала адно: «Табе яшчэ рана сюды, пажыві». Яны, узяўшыся за рукі, кудысь адплылі, і ў гэты момант Вадзім адчуў, што зноў неадольная сіла пацягнула яго ў трубу.
— Во, здэцца, пачаў дыхаць, — пачуў Вадзім голас аднаго з мужчын. — Але ж і трывушчы. Другі даўно б канькі адкінуў.
Толькі зараз Вадзім адчуў, як востры боль працінае ўсё цела. Ён застагнаў, у бяспамяцтве нешта прамармытаў.
— Змачыце яму губы, — распарадзіўся той жа голас, — піць, але адну лыжачку.
Калі дайшоў да памяці, першым чынам паспрабаваў пашавяліць рукой, нагой. Правая нага трохі слухалася, а левая ляжала дзеравяшкай. «Божа, хоць бы не аднялі», — жахнула думка. Ён паспрабаваў адкінуць коўдру, каб глянуць, што там унізе, нават падняў галаву, але ў шыі і ў грудзях кальнула так, што страціў на нейкі час прытомнасць. Відаць, моцна застагнаў, бо ў палату прыбегла сястра, схілілася над ім. Прыйшоўшы ў сябе, Вадзім асмяглымі губамі прашаптаў:
— А левую нагу. Што, адрэзалі?
Сястра паклала халодную далонь яму на лоб, супакоіла:
— Ды цэлая, цэлая нага, і правая, і левая. Яшчэ месяц-паўтара і скакаць будзеш. А вось грудзі, шыю, ды і бок правы моцна зачапіла. Як сэрца толькі вытрывала?
Читать дальше