— Сястра наказала, каб у капелюшы прыехаў. Што ж, пафранчу. Толькі што ёй купіць? І швагру. Ды і пляменніца будзе цягнуць ручкі, каб чаго даў. Дзе дзенешся, трэба раскашэліцца.
Пасля бадзяння па гандлёвых залах нічога не купілі. Вадзім вырашыў, што лепш даць сястры са шваграм трохі грошай, а Анютцы цукерак купіць у булачнай.
Таўчок на Камароўцы гаманіў сотнямі галасоў. І дзіўна, колькі тут было рэчаў, якіх днём з агнём не знойдзеш у дзяржаўным гандлі.
— Во што значыць прыватнікі, — захапляўся Рыгор. — І дзе яны бяруць тавар? Тут жа многа і замежнага. Паглядзі, які плашч фартовы, у ім жа ні ў дождж, ні ў якую слату не страшна. А колер!
Дзяцюк, у якога папыталі пра цану, пагардліва скрывіўся:
— Не па Сеньку шапка.
Рыгора гэта зачапіла:
— Сам ты Сенька негаблёваны. У цябе па-чалавечы пытаюць, а ты выкабельваешся. Вось зараз пакажу табе корачку, свісну сваіх, і ў цябе па ўсёй форме спытаюць, з якога спекулятыўнага гнязда вылез, праз якія кардоны і хто дастаўляе падпольны груз.
Дзяцюк пабялеў, хацеў шуснуць у натоўп, але Рыгор за локаць затрымаў яго.
— Не дрышчы драбней маку. Надалей будзеш ведаць, як з людзьмі размаўляць. То што, якая цана?
Дзяцюк, усё яшчэ не верачы, што можа выблытацца з непрыемнай сітуацыі, назваў цану, якая задаволіла Рыгора, але той прынцыпова прапанаваў у два разы меней.
— Мяне чацвяртуюць, калі я прынясу такую выручку, — ужо як не плакаў нябога.
Рыгор злітасцівіўся:
— Не хацеў бы, каб з цябе біфштэкс рабілі. Так і быць, даю, колькі назваў.
Ён прымераў плашч і здаволены, адлічыў патрэбную суму.
— Вось так трэба таго-сяго вучыць, — смеючыся, казаў па дарозе назад Рыгор. — За сябе не пастаіш, то ўсюды белай варонай будзеш.
Бліз вакзала яны купілі пляшку белага вінаграднага віна, некалькі рыбных кансерваў, два кольцы кракаўскай каўбасы, кулідку хлеба і, задаволеныя ўдалымі пакупкамі, вярнуліся ў свой пакой.
Вячэра сапраўды была царскай. Вадзім збегаў яшчэ ў гастраном і купіў дзесятак яек, пачак маргарыну, пра які яны забыліся, і зрабіў на патэльні смажаніну.
— Пальчыкі абліжаш, — пахваліў сваё кулінарнае майстэрства Вадзім.
Рыгор адкаркоўваў бутэльку, рэзаў каўбасу і сапраўды глытаў слінкі. Калі
выпілі па шклянцы нямоцнага, але вельмі смачнага напою і збольшага закусілі, летуценна пацягнуўся:
— Як жа пабачыць маю чарняўку? Во запала ў сэрца. Думаў, на цаліне забуду, а прыехаў, і зноў затрымцела душа.
— А ты будзь больш настырны і ўпэўнены, — параіў Вадзім. — Так як на Камароўцы. Дзяўчаты не любяць надта сарамлівых. Вось прыеду і разам падумаем, як да яе падступіцца.
12
Два тыдні ў Вадзіма і Юзіка праляцелі ў карпатлівай працы. На колькі дзён завітаў быў і Славік, але, ці то спалохаўшыся, што трэба раненька ўставаць і позна класціся, бо не будзеш жа дрыхнуць, калі іншыя ўкалваюць, ці то і сапраўды ў яго скончыўся кароткі адпачынак, але ён, папрасіўшы ў сястры бульбы, квашанай капусты, салёных агуркоў, гарбузовых семачак, адправіўся пешкі на станцыю. Вадзім, калі Юзік быў на працы, у пустой і пакуль што вельмі халоднай хаце — печ і грубку яны запланавалі зрабіць к Новаму году, каб ужо канчаткова сюды перасяліцца — па-новаму асвойваў інструмент: гэблікі розных памераў, стамескі, іншыя сталярныя прылады. Ён адмяраў, стругаў і, паколькі дошкі былі ўжо сухія, клаў на лагі падлогу. За гэты час зрабіў нямала, акрамя падлогі паставіў перагародкі між залай і спальняй. Заставалася столь, але аднаму ўправіцца з гэтай работай было немагчыма. Юзік да позняга вечара прападаў у калгаснай майстэрні. Капалі бульбу, і бясконца што-небудзь ламалася, выходзіла са строю. Даводзілася варыць, кляпаць, выштукоўваць розныя прыстасаванні, каб тэхніка неяк пратрымалася да капітальнага рамонту ў МТС. Толькі позна ўвечары швагер мог гадзіну-другую падсобіць Вадзіму. Радаваўся за зробленае ім.
— Без цябе невядома калі адужаў бы гэтулькі. На зімовыя канікулы, калі прыедзеш, то ўжо будзем у новай цёплай хаце.
Вадзім толькі зараз мусіў прызнацца, што яго не будзе. Пакорпаўшыся сярод сваіх папер, адшукаў канверт і запрашэнне з Саюза пісьменнікаў.
— Так што я буду ў Доме творчасці, — сказаў не без гонару.
— То дай божачка, каб цябе там прыкмецілі, каб хто важны сказаў добрае слоўка, — сястра расчулілася і ажно пусціла слязу. — Можа, сам Якуб Колас будзе вам за старэйшага і адзначыць цябе. Тады і па радзіву сказалі б. Ого! Тут і так пра цябе ведаюць, а каб яшчэ па радзіву. Вот бацькі радаваліся б, каб былі жывы. Не давялося ім, бедным, пацешыцца дзецьмі, дачакацца ўнучачкі. Такія маладыя параць зямлю.
Читать дальше