Па колькі слоў сказалі галоўны аграном і брыгадзір трактарнай брыгады. Даўжэй прамаўляў камсамольскі важак Багамолаў. Гэты расказаў страшную гісторыю пра гібель трох першацаліннікаў, якія паехалі па груз на чыгуначную станцыю і па шляху назад у іх заглух матор. Апруцянелых, зацярушаных снегам, іх знайшлі толькі на другі дзень.
— Так што бачыце, — падсумаваў ён, — многія і жыццём сваім ахвяравалі.
Гаспадары саўгаса бавіліся нядоўга. Зайшлі ў палатку, Ігнацюк пацікавіўся нават, што сёння на абед.
— А вы сядзьце за стол, — замітусілася Каця. — Паспрабуйце наша варыва.
— Абедайце без нас, — сказаў Кірыла Васільевіч. — У нас жа не вы адны. Сёння трэба ўсіх аб’ехаць, бо заўтра пачынаем жніво і на такі пальецца зерне, многа зерня. Думаю, вас праінструктуюць, як яго сушыць, пералапачваць. Не лёгкая, скажу вам адразу, праца. Давядзецца і начамі шчыраваць.
Калі адбылі машыны, толькі тады дзяўчаты кінуліся да Рыгора і Вадзіма, да астатніх, хто з імі прыехаў.
— А мы тут па вас паніхіду хацелі заказваць, — засмяялася круглатварая, з доўгай, да пояса, касой Аксана Печкіна.
— А яны з’явіліся і не запыліліся. Ну, цяпер спавядайцеся.
— Дайце хлопцам трохі ачомацца, — заступілася за Рыгора і Вадзіма Рэня Мятлік. — Няхай прасоленыя ад поту сарочкі зменяць, памыюцца як мае быць, тады ўжо... А ты, Шмырова, стаў на стол абед, калі ўсё гатова. Мы як ваўкі згаладаліся. За ядой нашы хлопцы і раскажуць, дзе былі і што ўчынілі.
11
Цаліннае лета прамільгнула ў цяжкай, можна сказаць, знясільваючай працы. Дырэктар саўгаса не маніў: бывала, што і па дваццаць гадзін, з невялікімі перапынкамі, даводзілася шураваць лапатай гарчае з сярэдзіны, бы прысак, зерне, выварочваць яго наверх альбо адкідаць у іншае месца. А машыны з паўнюткімі кузавамі ўсё пад’язджалі і пад’язджалі, выгружалі збожжа і зноў імчалі ў стэп, да камбайнаў. І так дзень пры дні, з ночы ў ноч. Больш за месяц ішла ўборка, і пра сябе не было калі падумаць. Самае вялікае жаданне было заваліцца куды — хоць тут, зарыўшыся ў бурт пшаніцы, хоць у палатку — і паспаць колькі гадзін запар, каб ніхто толькі не тармасіў, не галёкаў, што прыбыў груз.
Назад яны ехалі ўжо ў самых што ні на ёсць пасажырскіх вагонах, дзе грэлі і падавалі чай, дзе працаваў рэстаран, у якім можна было смачна паесці, абы былі грошы.
Вадзім з Рыгорам не шыкавалі, але ў першы дзень па дарозе дадому ўсё ж адшукалі той рэстаран і — была ні была — вырашылі-ткі трохі расслабіцца, а заадно аблегчыць свае кішэні. Сказаць, каб яны вельмі адтапырваліся, было б няпраўдай, але і наракаць ніхто не збіраўся. Многія лічылі — вясковыя дзяўчаты перш-наперш, якія жылі на адну стыпендыю, — што саўгас расплаціўся з імі шчодра, кожнай адваліў прыстойную суму. У вагоне толькі і размовы вяліся, як лепш патраціць гэтыя грошы, каб купіць сабе гожую сукенку ці кофту, што з абутку лепшае, а рэшту перадаць бацькам, бо яны таксама спадзяюцца на якую капейку.
У Мінск прыехалі ў холад і слату. З першых дзён верасня нечакана заімжэла, паўночны вецер працінаў да костачак, а яны, не падрыхтаваныя да такога надвор’я, выскачылі на перон і адразу адчулі розніцу тэмператур у Казахстане і ў Беларусі. Пераапранацца было некалі, бо іх на пероне сустракалі вельмі ўрачыста. Пад гукі двух гімнаў камсамольскія важакі, для якіх паставілі часовую трыбуну, прамаўлялі ўзнёслыя словы і віталі цаліннікаў, называючы многія імёны і прозвішчы як герояў. Сярод тлуму і мітусні, абдымкаў з роднымі і блізкімі да Рыгоравага вуха данеслася: «.не пабаяўшыся нават наведзенага на іх пісталета, яны, мужныя нашы сябры, умудраліся злаўчыцца і выбіць зброю з рук мацёрых бандытаў. Некалькі сутак ідучы па голым стэпе без вады і якоганебудзь харчу, яны зусім выбіліся з сіл, а Рыгор Сініца — бачыце, якога палёту птушкі пасяліліся пад дахам універсітэта — дык вось гэты мужны хлопец усю дарогу ў дзвесце кіламетраў пратопаў з навярэджанай, апухлай нагой. Гурко і ён па чарзе прысаджваліся адпачываць, трымалі на мушцы рэцыдывістаў, якія мелі намер абрабаваць банк, нават, у выпадку супраціўлення, забіць ахоўніка. Іх нашы хлопцы здалі міліцыі, адзначыўшы гэты ўчынак у мясцовым друку...»
— Што ён там пярындзіць? — верыў і не верыў сваім вушам Рыгор. — Гэтак хутка і да звання Героя Савецкага Саюза прадставяць.
Вадзім таксама быў ашаломлены пачутым.
— Ды ну іх, — сказаў, ужо смеючыся, — плюнь і разатры. Не пойдзем нават да трыбуны. Няхай пагалёкаюць. Ім за гэта плацяць. Толькі перад сваімі будзе брыдка.
Читать дальше