— Ёсць, а як жа, — заінтрыгаваны паведамленнем хлопцаў, азваўся міліцыянер. — Ён у нас самы буйны, акрамя абласнога цэнтра. Дык, кажаце, заўтра ноччу?
Пачухаўшы патыліцу, заглянуўшы ў якіясь паперы, дзяжурны набраў нумар тэлефона і праз хвіліну сказаў у трубку:
— Зноў я. Хлопцы знайшліся. Так, самі прыйшлі. Блукалі па стэпе... Што? Не, не бачна, каб выпівалі. Цвярозыя, толькі стомленыя да чорцікаў. Важную навіну сказалі. Быццам падслухалі размову тых двух уцекачоў, якіх вы беспаспяхова ловіце як не паўгода, — Фенькі Кудлатага і. як яго? Міхалёва, па мянушцы Затычка. Яны нібыта дзесьці ў вобласці рыхтуюцца зрабіць налёт на банк. Калі, пытаеце? Заўтра. Мая справа далажыць, а вы ўжо самі глядзіце... Гэтых двух? Дзе ж у нас сродкі? Хай той банк, які ўратуюць, падкіне ім за інфармацыю. А прозвішчы і ўсё іншае я запішу.
Дзяжурны, паклаўшы трубку, павярнуўся да Вадзіма і Рыгора.
— Калі ўсё так і на месцы злачынства зловяць тых рэцыдывістаў, вы, хлопцы, прагрыміце на ўсю вобласць, а то і рэспубліку. За іх затрыманне, нават падказку, дзе хаваюцца, абяцаюць добрыя грошы. Прасілі цяпер, пакуль што-якое, вам аддзячыць.
Кірсанава Валя і Мятлік, заадно з імі і Віця Баравік, паціснулі хлопцам рукі, а дзяжурны падрыхтаваўся пісаць пратакол. Прозвішчы свае хлопцы назвалі. А вось наконт якой бы там ні было ўзнагароды рашуча запратэставалі:
— Нам бы толькі... — Рыгор наблізіўся да дзяжурнага, шапнуў як не ў вуха: — Бутэлек колькі віна прыстарацца. Ведаем, што зараз тут сухі закон. Але ж, у парадку выключэння... Мы, пакуль не ўпрэгліся ў работу, хочам адзначыць дзвюх дзяўчат дні нараджэння, ну, і наш прыезд сюды. То як, таварыш сяржант? Падсобіце?
Дзяжурны пачухаў патыліцу:
— Але ж гэта не ў маёй кампетэнцыі. Далажу пра вашу просьбу дырэктару саўгаса. Мо і ўважыць. А зараз адпачывайце. Папіце вады, — ён падсунуў ім графін і шклянку, — і размяшчайцеся хто як. Крэслы я прынясу з кабінета начальніка.
Гэта ноч далася ў знакі не толькі Вадзіму і Рыгору, а таксама тым, хто памчаўся ў дагонку, але і астатнім з іхняе групы. Ніхто не клаўся спаць, з хвіліны на хвіліну чакалі вяртання машыны. Але яе не было і не было, хоць пайшла другая гадзіна ночы. Бліз сталоў расклалі невялікае цяпельца, грэлі рукі, спіну, наганялі на сябе страх, расказвалі розныя жахлівыя выпадкі з жыцця цаліннікаў, якіх наслухаліся ў поездзе па дарозе сюды. Толькі калі пачало світаць, і перадранішняя прахалода стала нясцерпнай, большасць пайшла ў палатку на свае сеннікі, пад коўдры і, нават не распранаючыся, не знімаючы цёплых швэдараў, залегла, каб хоць трохі перагнаць сон.
Вярнулася ўся кампанія перад абедам, незадоўга да прыезду саўгаснага начальства. Прывезлі іх у міліцэйскай машыне, убачыўшы якую, можна было абамлець. А ўсмешлівы вадзіла па-заліхвацку крутнуў руль ля саменькіх сталоў і, даўшы сігнал, спыніўся, толькі пыл закурэў з-пад колаў.
— Вы што гэта сабе дазваляеце? — сарвалася з языка ў паварыхі Каці Шмыровай. — Тут у нас праверка намячаецца, а вы пясок гоніце на сталы і каструлі.
З кабіны, з гіканнем і смехам, вывалілася праз розныя дзверы ўся пяцёрка.
— А мы ўжо абамлелі, убачыўшы міліцыю, — Каця гукнула астатніх. — Многія яшчэ спяць, бо цалюткую ночку сядзелі ля агню і чакалі.
Хутка ўся палатка была на нагах.
— Во яны, блудныя сыны, — Мятлік кіўнула на Вадзіма і Рыгора. — Заварылі тут кашу, усё жыццё помніць будуць. І праславіліся. Пасля раскажуць. Стрэнем толькі начальства. У палатцы, калі хто дрыхне, хуценька хай засцілае пасцелі.
Рыгор папрасіў шафёра адчыніць багажнік, выняў адтуль цэлую сетку бутэлек з рознымі наклейкамі.
— Прымай, Каця, пад тваю поўную адказнасць. Вечарам гульнём як мае быць.
Міліцэйская машына паехала і амаль тут жа падкацілі «Волга» і «Масквіч». З «Волгі» выйшаў цёмнавалосы мужчына гадоў пяцідзесяці, з ужо досыць прыкметным пузам, якое, аднак, не псавала яго фігуру, а надавала яшчэ большую саліднасць. Гэта і быў дырэктар саўгаса «Стэпавы» Ігнацюк Кірыла Васільевіч. Яго абступілі і студэнты, і тыя, што прыехалі ў «Масквічу» — галоўны аграном, брыгадзір трактарнай брыгады, а таксама важак цалінных камсамольцаў Багамолаў.
— Ну, то з прыездам, таварышы цаліннікі, — звярнуўся да ўсіх Ігнацюк. — Бачыце, якое перад вамі мора пшаніцы. Убраць своечасова і без страт усё зерне — задача з задач, якая перад намі пастаўлена. Людзі нашы згаладаліся па хлебе. Відаць, і ў Мінску ў вас яго няхватка. Белыя батоны і булачкі ўсе любяць, толькі дай. А вось многія гараджане, пэўна, і не ведаюць, якім потам, слязамі даецца гэтае дабро. Так што віншуем усіх вас, што адгукнуліся на заклік і прыехалі нам у помач.
Читать дальше