— Дамоў яго не павязу! Пакіну на ганку! Памрэ, дык хоць нехта будзе адказваць.
Зрабіла выгляд, што пайшла з бальнічнага двара, а сама назірала з-за рога будынка. Па Аўдзея прыйшлі дзве медсястры, пасадзілі ў інвалідную каляску. Ён махнуў Таісе рукою, маўляў, ідзі, я застаюся. Толькі тады яна супакоілася і паехала дамоў. Праз тыдзень наведала яго. А ён ужо вясёлы, на мыліцах выйшаў да яе. Нага выпрасталася — удала прафесар Панамарчук зрабіў аперацыю. Пасядзелі, пагаманілі, на развітанне Аўдзей сказаў:
— Больш не прыязджай. Не трэба пакідаць дзяцей адных ды нервавацца. Дай мне грошай на дарогу. Як выпішуць, сам дабяруся.
Яна выйшла з бальнічнага двара, прайшлася па горадзе, раздумваючы, ці ехаць на вакзал, ці лепш пагаласаваць на ўзбочыне ды папрасіцца на якуюнебудзь спадарожную машыну. Убачыла гаспадарчую краму, з цікавасці ўвайшла, нагледзела невялікі чыгунок, у якім добра будзе варыць бульбу і набыла яго. Зазірнула таксама ў гастраном ды купіла хлеба. Грошай засталося зусім мала, не хацелася траціць апошнія капейкі на аўтобусны білет. Яна накіравалася на ўскраіну горада, на магістраль. Ёй пашанцавала, бо хутка спынілася грузавая машына, і шафёр прыкладна яе ўзросту весела падміргнуў і спытаў:
— Куды табі, молодычка?
— Да Мар’янаўкі, гэта вёска перад Сафіеўкай кіламетры за тры.
— Знайдэмо...
— Вялікі дзякуй, бо ў мяне мужык у бальніцы, а дзеці адны дома.
— Звідкіля сама родом?
— З Беларусі.
— Знаемо і таку зэмлю, — пасміхнуўся шафёр.
Пакуль ехалі, дык ён усё хапаў Таісу за калена, ці імкнуўся абняць, яна адбівалася, сварылася, але ён не зважаў, а толькі смяяўся ды хітра паглядваў на яе. Калі пад’ехалі да Мар’янаўкі, шафёр не спыніў машыну, а сказаў, маўляў, даедзем вунь да той пасадкі і адпачнём. Таіса зірнула ў акно, убачыла аднавяскоўцаў, якія працавалі на полі, выхапіла з торбы чыгунок і закрычала:
— Спыніся, бо зараз вокны паб’ю!
Ён нічога не адказаў, толькі зацята ціснуў на газ і круціў руль. Таіса з размаху стукнула па лабавым шкле, яно звонка дзынькнула і трэснула. Шафёр рэзка затармазіў, кінуў на жанчыну азвярэлы позірк, расчыніў дзверцы кабіны, штурхнуў яе, што яна паляцела потырч, выкінуў услед за ёю торбу і паімчаў па трасе. Таіса паднялася, атрэслася, памацала плячо, якое вельмі балела, патупала ўвярэджанай нагой, прамармытала сабе:
— Вось дык праехалася... Ледзьве шыю не зламала, але дзякаваць богу, быццам абышлося. Каб ты праваліўся, сабака! Скаціна бязрогая! — накульгваючы, патупала дамоў.
Яна больш не ездзіла ў горад, чакала Аўдзея дома. А яго ўсё не было і не было. Ужо не ведала, што і рабіць, мо зноў рынуцца ў адведкі. Але аднойчы лістападаўскім раннім надвячоркам расчыніліся дзверы — і на парозе ўзнік Аўдзей. На шыі ў яго вісела вязка абаранкаў — падарунак дзецям. Ён абапіраўся на мыліцы і ўсміхаўся. У хату вярнулася радасць.
Яшчэ месяц пабыў Аўдзей на бальнічным, раз у тры дні ездзіў з Антосем у райцэнтр на перавязкі, а потым вярнуўся на працу і з радасцю даведаўся, што Хведара перавялі на куратнік. «Самае найлепшае для яго месца: курэй шчупаць», — задаволена сам сабе пасміхнуўся Аўдзей. Пайшоў на стайню запрагаць свайго гнядога коніка, які, падобна было, узрадаваўся яму, пахітаў грываю, патупаў капытом ды спакойна падставіў шыю пад хамут.
— Ты ўжо на працы! Ачуняў! — пачуў за спінаю знаёмы голас Антося Самоты. — Ну, здароў!
— Як мае быць, — бадзёра адказаў Аўдзей, паціскаючы руку земляка.
— Мусіць, яшчэ баліць нага?
— Ці яна дурная балець? — адказаў пытаннем Аўдзей. — І весела дадаў. — Чуў, Жаўнера на куратнік накіравалі, курэй шчупаць.
— Яму не да курэй, ён Падалянку мацае.
— Ажаніўся, ці што.
— Сышоўся, жывуць разам, а жонцы і дочкам пасылкі шле. Ведаеш, у Лядах вялікія перамены наспяваюць.
— Якія?
— Электрастанцыю збіраюцца будаваць. Брат прыслаў ліст, піша, што тэхнікі рознай прыгналі, людзей на працу набіраюць, пачалі дарогу да Лядаў напрасткі праз лес пракладаць.
— Бач ты, усё-такі бяруцца будаваць. Гэта ж я калі з геолагамі працаваў, яны мне казалі, што будзе вялікае будаўніцтва, а я не надта верыў.
— Думаю, ці не вярнуцца дамоў, — заклапочана сказаў Антось. — Брат піша, што мой плот ужо нехта разабраў на дровы. Яшчэ трохі тут пажыву, дык і хату расцягнуць. Ведаеш, нешта замаркоціўся я, дамоў хочацца. Украінскія пшанічныя булкі смачныя, але наш чорны жытні хлеб мне мілейшы...
— Не ведаю, што табе параіць, Антось. Сам жыву, нібы на раздарожжы. Дактары кажуць, што Таісе клімат не падыходзіць. Ціск у яе высокі, галава часта баліць. Я таксама толькі што з хваробы выкараскаўся. Скуль яна ўзялася? Столькі гадоў мінула, і раптам выявілася, драмала з маленства, ад добрага жыцця ці што на нас хваробы нападаюць?
Читать дальше