Пасля вяселля маладая пераехала на сталае жыццё да Кандрата, узяла на сябе ўсю хатнюю працу. Малашы заставалася толькі хадзіць на вячоркі, прасці, жыць бесклапотна ды чакаць унукаў. Стары Каленік не мог дазволіць, каб яго Ульянка тупала па земляной падлозе. Таму дамовіўся з лесніком, нарэзаў з Кандратам дрэва, напілаваў дошак і разам з зяцем паклаў добрую падлогу. Малаша не магла нарадавацца на новых сваякоў, якія не пакідалі Ульяну без увагі, а дапамагалі харчамі, нават сена воз далі, калі не хапіла яго Малашынай карове. Яно, вядома, нявестцы патрэбна было добрае харчаванне, бо яна адразу зяцяжарала. Ды восенню з’явіўся ў Малашы здаровенькі і прыгожанькі ўнучак Алег, вельмі падобны з твару на Кандрата, што асабліва ўсцешыла яе. Нікога яшчэ яна так не песціла і не любіла, як гэтае немаўля. Сваіх дзяцей гадаваць не было калі, хворы на сухоты муж заставаўся з дзецьмі, а яна працавала за сябе і за яго. Ён вельмі добра даглядаў дзяцей. Неяк Малаша і Дамінка, дзве маладыя гаспадыні, забыліся пакінуць у печы чыгун з цёплаю вадою. Яму спатрэбілася падмыць дзіця. Дык ён з крышаноў зліў вадкасць і выкарыстаў на гэтую патрэбу. Цяпер Малаша як бы адпрацоўвала і сваё страчанае маладое мацярынства, і абавязкі бабулі.
26
На лета Таісе прапанавалі працу ў калгасным дзіцячым садку, які абсталявалі ў вялікай хаце суседкі Марыі Тронь, высокай ладнай жанчыны. Яна ўзначальвала брыгаду агароднікаў, вырошчвала гуркі, памідоры, цыбулю, перац. Мела двух сыноў. Малодшы Мікола служыў у войску мараком. У тое лета ён якраз прыехаў на пабыўку. Ліза, як і ўсе вясковыя дзеці, з захапленнем разглядвала ягонае марацкае адзенне: белую сарочку, бесказырку са стужкамі. Ёй хацелася паслухаць, пра што ж расказвае марак сваім сябрам, якія сабраліся ў ягонай хаце. Яна падбягала да акна, дзе тоўпіліся хлопчыкі, заглядвала ў яго і чула брыдкія словы, якімі Мікола перасыпаў свой аповед. Мацюкі быццам адкідвалі яе ад акна. Але цікаўнасць перамагала. Яна зноў падбягала да акна і зноў адлятала ад яго, як напалоханая птушка. У яе засталося адчуванне, што знешнасць маракоў вельмі падманлівая. Звонку яны прыгожыя і цікавыя, але калі пачынаюць гутарыць з некім, адразу губляюць прывабнасць.
Старэйшы Марыін сын Андрэй працаваў даяром у калгасе і славіўся вялікімі надоямі на ўвесь раён. Гэта была рэдкая з’ява, каб хлопец рабіў справедку жаночую справу. Але так ужо атрымалася, што муж Марыі загінуў на вайне, а яна мусіла працаваць у калгасе і гадаваць двух сыноў. Вось і дзяліла хатнія абавязкі са старэйшым сынам, які не цураўся ніякае працы, добры вырас хлопец.
Праца ў садку лічылася лёгкаю, Таісу ўзялі туды, бо яна мела даведку ад доктара, якая забараняла ёй працаваць на полі. У гэты ж садок уладкавалі і малога Міцьку. Ліза была школьніца, але ў садку і ёй знаходзілася дзе-якая справа: за малымі паназіраць ці памагчы чым на кухні. Цяпер у яе з’явілася шмат вольнага часу, які яна бавіла на рэчцы. У садок хадзіла дачка старшыні калгаса, Лізіна равесніца, Светка. Яе бацькі вельмі аберагалі, яна толькі збіралася ў першы клас. У святочныя дні, калі садок не працаваў, Ліза хадзіла ў госці да Светкі. Там яна чытала сяброўчыны кніжкі, але яны былі нецікавыя. І не падабаліся Лізе. Напрыклад, у адной каляровай кніжцы быў вершык пра жанчыну, якая любіла насіць капялюш, які ёй падыходзіць, як карове сядло. Гэты верш быў падобны на плётку, а пляткарыць, на Лізіну думку, брыдка. Іншы раз Свеціна мама пры Лізе спрабавала накарміць пульхную дачушку, а тая ўпарта адмаўлялася ад ежы. Жанчына пагражала дачцэ:
— Калі не будзеш есці, аддам Лізе.
Перакормленая Света пачынала есці мёд з булкаю ці яшчэ якія прысмакі, ад якіх яе вярнула. Ліза не ведала смаку мёду, але разумела, калі Света не хоча яго есці, дык, мусіць, той мёд ці што там яшчэ ёй даюць, вельмі нясмачнае. Ліза любіла цукеркі. Каштавала яна іх толькі на Новы год, калі ў школе давалі падарункі. Яна збірала паперкі, у якія былі загорнуты цукеркі, чытала надпісы. На адной абгортцы было напісана «Радій» (з націскам на другім складзе), што перакладалася з украінскай мовы, як «радуйся». Невядома скуль, мо чула па радыё, але Ліза ўжо ведала, што радзіем называецца нейкае шкоднае рэчыва.
Света збіралася ў першы клас грунтоўна. Ёй купілі карычневую сукню з прыгожым карункавым каўнерыкам, бліскучы партфель, а, галоўнае, чаму ўжо нават Ліза зайздросціла, сяброўцы абяцалі зрабіць да першага верасня вялізны і прыгожы букет з вяргіняў і маёраў. Адна вясковая цётка вырошчвала гэтыя кветкі і абяцала старшынёвай дачцэ падараваць іх на першы дзень вучобы. Ліза таксама хацела б прыйсці ў школу з такімі ж кветкамі, але дзе іх узяць? Яна помніла, як у першым класе ёй падаравалі прыгожы букет, а потым настаўнік аддаў яго іншай дзяўчынцы. З таго часу яна марыла, што аднойчы ўсё ж прыйдзе ў школу з вялізным букетам. Там будуць вяргіні і маёры і яшчэ мноства розных прыгожых кветак. Што яна збіралася рабіць з гэтым букетам, не ведала, толькі хацела яго абавязкова мець. Такім уяўлялася яе дзіцячае шчасце. Хаця шчасце магло быць зусім іншым, напрыклад, праехаць на кані.
Читать дальше