— Гэта, мусіць, кроў нашага Хрыста Збавіцеля, — сказала гаспадыня.
— Напэўна, — згадзіўся госць. — А яшчэ кажуць, што хутка павуцінне затчэ ўсё неба, і толькі жалезныя птушкі будуць лётаць уверсе і па сваёй прыхамаці забіваць людзей.
— Гэта ўжо, мабыць, будзе перад канцом свету.
Нявестка з сынам слухалі і ў гаворку не ўступалі. Але Раман сам першы звярнуўся да Таісы, дастаючы з кішэні жменю капеек:
— На, маладая, палічы, што тут мне людзі надавалі.
Пакуль Таіса лічыла грошы, Раман дастаў з торбы некалькі яек і сказаў Малашы:
— Падсмажце на вячэру.
— Навошта, Раманка? Нёс бы дахаты, — запярэчыла гаспадыня.
— Ці ж я іх данясу, — усміхаючыся ў бараду, адказаў старац, потым дастаў некалькі кавалкаў хлеба, паклаў на стол. — Шмат хлеба надавалі. Насушу сухароў і не буду хадзіць па людзях, як пачнуцца моцныя маразы.
Таіса паставіла на стол вараную бульбу, аздобленую льняным талакном, патэльню са смажанымі яйкамі, запрасіла ўсіх да стала. Ліза спусцілася з печы. Сёння яна раптам адкрыла для сябе, што старцы зусім не цікавяцца дзецьмі. Раман нават не спытаў ні пра браціка, які спаў у калысцы, ні пра Лізу. Зразумела, што дарослыя падманвалі і запалохвалі яе. Пасля вячэры Раману паслалі на лаве, і ён лёг задаволены, амаль шчаслівы, што знайшоў прытулак на гэтую ноч, бо ніколі не ведаў, ці дажыве да раніцы.
16
Тою восенню, калі ўсё пажалі ды пакасілі, раптам заўважылі лядчукі, што кожную раніцу прыязджаюць на машыне нейкія людзі, нешта робяць на полі, а пасля ўвечары з’язджаюць. Што за людзі, каб чаго не начаравалі часам, меркавалі паміж сабою жанчыны. Мужчыны наогул не ведалі, што думаць, таму пайшлі ў сельсавет пытаць, што гэта робіцца? Ніхто нічога пэўнага сказаць ім не здолеў. Спыталі ў старшыні калгаса — таксама нічога не ведае. Да бацюшкі звярнуліся, выказалі меркаванне, мо святы калодзеж будуць капаць, але і яго не спадобіў Бог ведаць намеры прыхадняў.
Таіса, якая ўвесь час пакутавала ад безграшоўя, упарта думала пра тое, як і куды адсюль з’ехаць, пайшла да тых невядомых людзей і спытала:
— Што вы тут, хлопцы, робіце?
— Бяром пробы глебы на аналіз. Плануецца пабудаваць тут электрастанцыю.
Таіса адразу сцяміла, калі будуць будаваць электрастанцыю, дык з’явіцца праца.
— А калі ж вы будзеце яе будаваць? — спытала маладзіца.
— Калі ўсё будзе добра, дык спачатку трэба зрабіць праект, на гэта пойдзе гады два-тры, а потым і будоўля распачнецца, — адказаў чарнявы чалавек, мусіць, галоўны тут над людзьмі.
— А ці не знойдзецца ў вас якой працы для майго мужыка?
— Няхай прыходзіць, возьмем падсобнікам.
Так Аўдзей пачаў працаваць з геадэзістамі і геолагамі, якія прыехалі сабраць неабходныя дадзеныя для праекта будучай электрастанцыі. Яму выдалі новае рабочае адзенне, кірзавыя боты і ватоўку, а галоўнае — плацілі грошы за працу. Таіса была шчаслівая. Яна старалася нічога не траціць, збірала сродкі на тое, каб некуды пераехаць. Калі яшчэ тая станцыя будзе будавацца, а тут абнасілася ўся сям’я, няма чаго ні абуць, ні апрануць. Трэба некуды ехаць. З гэтаю думкаю яна засынала і прачыналася. Куды ехаць, пакуль не ведала. Казалі, што Антось Самота, які яшчэ вясною паехаў з сям’ёю некуды на Украіну, няблага ўладкаваўся. Калгас хату даў. Зарабляюць там людзі, прынамсі, такой нястачы і галечы, як тут, не ведаюць. Трэба распытаць у ягоных сваякоў, куды менавіта яны паехалі, дык на першым часе можна было б у яго спыніцца. Там жа ніхто нас не чакае, белых булак не падрыхтаваў для сустрэчы. За такімі думкамі заспела ў хаце Таісу Параска Рэчычанка.
— Што ты, Таечка, так задумалася, што нават не чула, як я ў хату ўвайшла? — спытала старая.
— Ай, цётачка, вось усё думаю, як тут жыць, што чыніць, як ратавацца ад галечы. Пакуль у горадзе жылі, працавалі, нешта зараблялі. А тут, як у яму ўлезлі, ні працы, ні заробкаў.
— Мы, вясковыя, звыклыя, ніколі не раскашавалі, а вам маладым, дык, мусіць, цяжка. Але ж няма куды падзецца ад гэтага жыцця, — адказала Параска. — А ў мяне радасная навіна. Мой сын жэніцца, дык я прыйшла запрасіць вас усіх на вяселле. Як і з чаго тое вяселле рабіць, адзін Бог ведае. Але неяк зладзім.
— Віншую вас з гэтаю падзеяю, а маладым няхай шчасціць ва ўсім.
— Дзякую, Таечка, але ў мяне і просьба. У майго маладога няма нават касцюма, каб на вяселлі пакрасавацца. Мо Аўдзей яму свой даў бы? Гэта ж штодня ходзіць у калгас на працу, а заробкаў ніякіх. Усяго і радасці, што на машыне ездзіць.
Читать дальше