А дома Лізу чакала новая радасць. Пакуль яны з татам ездзілі па сена, мама атрымала пасылку ад цёці Сімы, якая прыслала пляменніцы казку пра залатую рыбку, новы сшытак і аловак. Атрымаць адразу такое багацце — было вялікім шчасцем. Цёцю Сіму, малодшую маміну сястру, Ліза помніла мала. Згадвалася толькі, як яна ўпершыню ўзяла пляменніцу ў кіно. Ліза, калі зараз заплюшчыць вочы, дык бачыць тое залатое поле, якое красавала буйнымі каласамі на экране. Пры гэтым гучала песня:
Стеной стоит пшеница золотая,
И ни конца, ни края не видать.
За дзедавай хатаю расло такое высачэннае жыта, што Ліза баялася нават туды хадзіць, каб не заблудзіцца, а яшчэ там магла жыць гадзюка, якая церлася аб сцябліны і скідала сваю старую скуру. Дзяўчынка ведала, што гадзюка можа балюча ўкусіць, пасля чаго чалавек памірае. Таму гадзюк не любяць і забіваюць.
Ліза адразу разгарнула тоненькую кніжачку, спачатку пагартала, разгледзела малюнкі, пачала чытаць пра тое, як жылі-былі на свеце дзед з бабаю і задумалася, чаму так атрымліваецца, што бабуля Хрысціна даўно памерла, а з яе дзедам жывуць толькі ягоная дачка Поля і ўнук Віця, а ў бабы Малашы няма дзеда, ён таксама даўно памёр. Чаму людзі паміраюць? Няхай бы жылі і жылі. Але тут жа забылася і пачала чытаць далей пра тое, як дзед злавіў залатую рыбку. Віця таксама браў з сабою Лізу на рыбалку. Хлопцы залазілі ў ваду з таптухамі, сплеценымі з лазы, заганялі ў іх рыбу, а дзяўчынка чакала на беразе. Малая так захапілася чытаннем, што нічога не чула і не бачыла. І раптам да яе даляцела песня бабы Малашы. Тая спявала пра нейкую раку Дунай. Ліза спыніла сваё чытанне і прыслухалася.
Ды рынула вада з Дуная,
З Дуная ціхага, з беражка крутога.
Там тры конюхі ды коней паілі.
Ды рынула вада з Дуная,
З Дуная ціхага, з беражка крутога.
Там тры дзевачкі ды ваду бралі.
Ды рынула вада з Дуная,
З Дуная ціхага, з беражка крутога.
Іваначка кажа, я Ганначку люблю,
Я Ганначку люблю і за сябе вазьму.
Ліза адразу згадала велічны і прыгожы Дняпро, які быў бачны з гары ў канцы дзедавага агарода, і зноў ёй захацелася перанесціся туды і жыць там заўсёды, нікуды не пераязджаючы. Але тут жа падумала, а дзе той Дунай, пра які спявае баба Малаша. Я ж ехала на возе, ніякае ракі не бачыла. Яна спытала ў мамы, якая завіхалася ля печы, варачы вячэру:
— А дзе той Дунай?
— Дунай. Далёка, гэта за мяжою. Не ў нашай краіне.
«Дзіўна, — падумалася Лізе, — чаму баба Малаша спявае пра нейкую раку, якую ніхто не бачыў, няхай бы лепш пра мой Дняпро паспявала, а я б паслухала. Толькі, мусіць, няма такой песні, інакш усе б яе ведалі». Тата часам таксама спяваў розныя песні, асабліва Лізе падабалася, як хораша ён выводзіць пра васількі:
Ах, васильки, васильки,
Много мелькало вас в поле,
Помню у самой реки
Вас собирали для Оли.
Оля любила реку,
Оля рекой любовалась,
Поздней порою она
С милым на лодке каталась.
Песня была доўгая і жаласлівая, апавядалася ў ёй пра тое, як тая дзяўчына ўтапілася, а васількі збіралі ёй на магілу. Спявалася там пра нейкую безыменную раку, не пра Дняпро. А Лізе хацелася, пачуць песню менавіта пра сваю любімую раку, непаўторную і велічную, якая раскрываецца з гары такая спакойная, у зялёнай аправе вербалозу. Гара парасла бярозкамі, асінкамі, арэшнікам, а той бераг да самага гарызонту спрэс пакрыты сінім лесам. Як жа добра і радасна там жыць.
9
Вёска рыхтавалася да Вялікадня. Жанчыны выносілі з хат падушкі і посцілкі, каб яны прасохлі і праветрыліся. Усе платы былі абвешаны рознакаляровым сялянскім багаццем. У Малашынай хаце таксама кіпела праца. Нявестка пабяліла печ і сцены, памыла вокны, пашаравала лавы, ажно святлей стала ў пакоі. Ліза старалася не замінаць дарослым, назірала за працаю, выходзіла на двор, сядзела на прызбе, жмурылася ад яркага сонца і ўсё спрабавала ўявіць, якое ж яно будзе тое свята. З хаты раз-пораз выходзілі ці баба Малаша, ці мама, нешта рабілі на дварэ, пасля зноў ішлі ў хату. Вецер калыхаў прыгожы бабін андарак, ручнікі і посцілкі на плоце. Можна было доўга назіраць, як варушыцца і моршчыцца тканіна, быццам жывая. Потым дзяўчынка заўважыла мурашоў, якія бегалі каля прызбы, і доўга сачыла за іхняю мітуснёй.
А назаўтра быў Вялікдзень. Тут ужо і Лізіна дапамога спатрэбілася. Яна разам з бабаю падмяла вуліцу каля свайго двара і пасыпала жоўтым пясочкам. Гэтак зрабіла кожная гаспадыня. Потым усе вяскоўцы выйшлі на вуліцу з размаляванымі кошыкамі, напоўненымі рознымі прысмакамі і чакалі, калі з’явіцца бацюшка. Ён прыехаў на кані, апрануты ў каляровую рызу, спачатку памаліўся, а потым хадзіў і пырскаў з пэндзля на кошыкі святою вадою.
Читать дальше