— Няўжо праўда?
— Праўда, дзеду. А яшчэ там вагончыкі ў паветры лёталі.
— Такія? — спытаў Карней і паказаў рукою на тутэйшы лятучы транспарт.
— Ага. Я думаў, што такія толькі ў снах бываюць...
— Мы ў будучыні, Уладзік. Тут жывуць дактары, якія цябе вылечаць...
— Гэта як у фантастычных мульціках? — спытаў Уладзік.
— Амаль так...
Яшчэ мінулым разам Карней паспеў разгледзець і монаксілы, як называўся гарадскі транспарт, і жыхароў. А былі яны тут усе маладыя і здаровыя. Гэтае паселішча вырасла на месцы ягонай вёскі Вырай. Справа цягнулася возера, за спінаю застаўся поплаў і яр. Дэкарацыі тыя ж, а дзеянне іншае...
Знаёмай дарогай Карней пакрочыў да рэабілітацыйнага цэнтра. У мінулы раз, калі ён з’явіўся на вуліцы, людзі збегліся на яго паглядзець. Ім ніколі не даводзілася бачыць такога старога чалавека. Цікаўная маладзіца спытала, ці не трыста гадоў яму? Ён падумаў, што гэта жарт. Аднак адказаў сур’ёзна, што яму яшчэ і сямідзесяці няма. А тая здзівілася і сказала, што ёй сто дваццаць, але ж яна захавалася намнога лепш. Сапраўды, жанчыне ён не даў бы і трыццаці пяці: скура свежая, вочы ззяюць, валасы густыя і бліскучыя. Тут ужо і сам ён успрыняў яе словы са смехам. Махнуў рукою і пайшоў далей, цікаўна азіраючыся па баках. Тут яго і заўважыў доктар, пачаў распытваць хто ён, адкуль. Прапаноўваў абнавіць арганізм у цэнтры, але Карней толькі пасмяяўся, маўляў, навошта тая штучная знешняя маладосць, калі душа старая?
— З вамі папрацуюць псіхолагі, і ўсё атрымаецца, — пераконваў доктар. — А для мяне гэта цікавы эксперымент. У нас людзі не чакаюць старасці, а з маладых гадоў займаюцца карэкцыяй усіх адхіленняў у арганізме. Таму няма ў нашым грамадстве старых, усе маладыя, і кожны чалавек, калі захоча, можа жыць вечна...
— Шкада, што позна я сюды прыйшоў. Сёлета ў мяне памерла жонка. Мусіць, вы змаглі б яе выратаваць...
— Бясспрэчна...
Тады Карней не згадзіўся на амаладжэнне, ды і зараз ён прыйшоў сюды толькі дзеля Уладзіка, які, мусіць, з-за Чарнобыля атрымаў сваю хваробу.
На вуліцах яшчэ было пуста, гарадок спаў. Уладзік разглядваў каляровыя будынкі і не пераставаў здзіўляцца.
— Усё, як у маім сне. Толькі я там з хлопцамі ў футбол гуляў.
— Так яно і будзе, — адказаў Карней. — Тутэйшыя дактары ўсё ўмеюць.
Дзверы рэабілітацыйнага цэнтра самі расчыніліся перад імі. Насустрач выйшаў знаёмы доктар і радасна ўсклікнуў:
— О, каго бачу! Спадар Карней вярнуўся! І менавіта ў маё дзяжурства! Гэта лёс! А хто з вамі, унук?
— Гэта сусед мой, Уладзік, у будучыні, мусіць, будзе футбалістам. А пакуль у яго хворыя ногі. Памажыце яму, калі ласка.
— Паглядзім, паглядзім, — прамармытаў доктар і пачаў абмацваць слабыя Уладзікавы ногі. — Усё будзе выдатна! Прашу ў мой кабінет.
— А куды ж мне падзець маё жарабя? — спытаў Карней, беручы Уладзіка на рукі.
— Не хвалюйцеся, пра яго паклапоцяцца.
— Яго нельга трымаць у хляве, выпусціце яго на поплаў, ён сам сябе пракорміць.Яны ўвайшлі ў пакой, абсталяваны нейкімі незразумелымі прыборамі і экранами Доктар пасадзіў Уладзіка на крэсла, пачаў націскаць кнопкі, разглядваў выявы на экранах, нешта сам сабе мармытаў, пасля сказаў:
— Уладзік, ты будзеш бегаць хутчэй за ўсіх. А зараз я накірую цябе ў палату, там цябе памыюць, накормяць, а потым пачнём лячыцца. Згода?
Уладзік пагадзіўся не раздумваючы. Доктар націснуў кнопку. На экране ўзнік прыемны твар дзяўчыны. Доктар растлумачыў ёй, дзе трэба размясціць хлопчыка. Праз тры хвіліны дзяўчына была ўжо ў кабінеце, яна прыязна ўсміхнулася юнаму пацыенту і пасадзіла яго ў самаходную каляску.
— Гэта ж сапраўдная машына! — з захапленнем прамовіў хлопчык. — Я на такой мог бы і ў школу ездзіць.
— Ты хутка на сваіх нагах будзеш бегаць, — усміхнуўся доктар.
Калі дзверы зачыніліся, ён рэзка павярнуўся да Карнея і спытаў:
— А што з вамі будзем рабіць, спадар Карней? Няўжо так і збіраецеся дажываць век старым і бяззубым дзедам?
— Не я першы, не я апошні, — разважліва адказаў Карней.
— Вы апошні ў наш час, як ні сумна... Гэта старасць за вас гаворыць, ёй нічога не трэба, яна нічога не хоча. Я падару вам маладосць!
— Ведаеце, каго я найбольш баяўся ў сваім жыцці? Дактароў! З іхнімі ўколамі, скальпелямі і горкімі парашкамі! Нічога больш жахлівага я не ведаў!
— Кіньце згадваць леташні снег. Мусіць, вас бабуля напалохала такімі казкамі ў маленстве, — засмяяўся доктар. — Цяпер нічога падобнага няма! Нанатэхналогіі дазваляюць бескантактна кіраваць працэсамі аднаўлення арганізма.
Читать дальше