Бацька зрабіў сабе возік на чатырох колах, у ім ездзіў па двары, дапамагаў сыну дзе парадаю, дзе рукамі, прывучаў да спрадвечнай сялянскай працы. Майстравіты быў чалавек! Кожны раз, калі Карней бачыў Уладзіка на калясцы, яму згадваўся бязногі бацька, пачынала балець сэрца і розныя горкія думкі лезлі ў галаву. Ён праклінаў вайну, якая знішчыла і пакалечыла мільёны маладых прыгожых мужчын, падрэзала пад корань шмат сем’яў, не дала расквітнець талентам.
Карней пасля дзесяцігодкі не паехаў вучыцца ў горад, а застаўся дома, бо трэба было дапамагаць бацькам. Выдатніца Васіліса пакахала Карнея. Так яны і пражылі век разам — адно дзеля аднаго, жонка і цяпер жыла б, каб не сын, які невядома куды паехаў і сем гадоў не адгукаўся. Не вытрымала яна невядомасці, слабае мела сэрца... А зрэшты, Карней быў перакананы, што смерці няма... Не можа жывая чалавечая душа проста так знікнуць, бо існуе закон захавання энергіі. Нішто нікуды не знікае, проста мяняе форму існавання...
Карней схамянуўся, калі пачало ўжо вечарэць, аблаяў сябе старым ёлупам, развітаўся з Васілісаю, пакланіўся бацькам і шматлікім родзічам (па іхніх магілах можна было б вывучыць радавод, каб былі на іх надпісы, але ў мінулым па беднасці ставілі нябожчыкам толькі драўляныя крыжы, якія хутка згнівалі), потым падазваў Косю, які адышоў далекавата ад могілак, і накіраваўся да Уладзіка. Хлопчык сядзеў у калясцы, жаваў яблык.
— Здароў, мужык, — павітаўся з ім Карней за руку, як з роўным.
Уладзік узрадавана заўсміхаўся і сказаў:
— Вой, і Кося прыйшоў, — працягнуў далонь і пагладзіў жарабя, — а я маму чакаю...
— Не чакай сёння. Яе разам з Ангелінкаю паклалі ў бальніцу. — адказаў Карней.
— А ты хочаш вылечыцца?
— Хачу... Вось прыедзе тата, прывязе грошай і знойдзе сапраўднага доктара...
— Я ўжо знайшоў для цябе добрага доктара, — прагаварыў Карней, — збірайся.
— А што мне збірацца? Так і паеду ў калясцы...
— Не, каляска табе больш не спатрэбіцца. Сядай на Косю...
Вочы Уладзіка засвяціліся шчасцем. Карней пасадзіў хлопчыка на аднарога, і яны рушылі з двара ў бок поплава. Па дарозе ім сустрэлася Леакадзія Максімаўна, яна здзіўлена спытала:
— Куды ж ты, Уладзік, едзеш?
— Лячыцца, — адказаў хлопчык.
— Добра ты прыдумаў, Карней, я па тэлебачанні бачыла, што дзяцей, якія не ходзяць, лечаць, возячы на конях, — пахваліла яна суседа, а хлопчыку падала цэлафанавы пакет. — Вось табе піражкі з яблыкамі. Частуйся, на здароўе.
— Дзякую, Леакадзія Максімаўна, я піражкі вельмі люблю, — узрадаваўся хлопчык, адразу разгарнуў пакунак, дастаў печыва і пачаў есці, потым схамянуўся, пачаў частаваць і Карнея, але той адмовіўся ад прысмакаў.
Жанчына дакранулася да лба Косі, правярала, ці сапраўды ёсць у яго рог і сказала:
— Мой Платонавіч нібы звар’яцеў. Увесь час толькі пра аднарога і гаворыць. У Нацыянальную акадэмію навук тэлефанаваў, у Мінск, ды там сёння навукоўцы сабраліся на сход — нічога не дабіўся. Гаварыў, што заўтра з самага ранку зноў пачне...
— Няхай заўтра, перш чым тэлефанаваць, да мяне забяжыць, маю нешта цікавае сказаць, а як не заспее, дык няхай чакае, — загадкава ўсміхнуўся Карней.
— Добра, так яму ўсё і скажу, — паабяцала Максімаўна на развітанне.
Карней вывеў аднарога на поплаў. Лёгкі туман слаўся над травою. За лес скацілася сонца, але яшчэ цемра не апусцілася на зямлю.
— Што гэта ў нас пад нагамі, дым? — здзіўлена спытаў Уладзік.
— Гэта туман. Няўжо ты ніколі раней не бачыў туману? — падзівіўся Карней.
— Я ніколі не быў тут, хоць даўно хацелася паглядзець, што за вёскаю.
— Яшчэ нагледзішся.
Карней павёў Косю напрасткі да яра. Ён хваляваўся і трывожыўся, ці атрымаецца, як тады? Памарудзіў на ўскрайку і асцярожна, прытрымліваючы аднарога за грыву, пачаў спускацца ў зеленаваты морак. Туман паглынуў людзей і жарабя, быццам іх ніколі не было.
11
Туман развеяўся, Карней убачыў над галавою зорнае неба, а наперадзе — яскравыя агні вялікага селішча, узрадаваўся: «Здаецца, усё атрымалася!»
— Гэта горад? — спытаў Уладзік. — Я і не ведаў, што ён так блізка.
— Цяпер усё блізка, пойдзем туды, сам пабачыш.
Здавалася, зусім не шмат часу патрацілі яны на дарогу, а неўпрыкмет пачало світаць. Вядома, летняя ноч кароткая. А мо для Карнея, чалавека з іншага часу, гадзіны праляталі хутчэй? Наперадзе за прысадамі паказаліся першыя збудаванні, круглыя з высокімі дахамі.
— Я такія хаты сніў надоечы, — паведаміў Уладзік.
Читать дальше