– Дамоў паўцякалі, – зрабіў выснову атаман. – Нічога, мы яшчэ сюды вернемся і разбяромся з усімі. Што ж, надыхаліся родным паветрам, пара назад тупаць.
Было відавочна, што тэрыторыя Брэстчыны занадта густа населена савецкімі партызанскімі атрадамі. Насельніцтва жыло ў чаканні хуткага вызвалення ад акупантаў. Чырвоная армія была на падыходзе. Менавіта цяпер, калі немцам асабліва востра не хапала рабочай сілы, яны мэтанакіравана вывозілі моладзь з забраных тэрыторый. Ратуючыся ад германскага прыгону, хлопцы і дзяўчаты ўцякалі ў лясы да чырвоных. Атрады папаўняліся сотнямі байцоў. Гэтым таксама карысталіся і казакі Украінскай паўстанцкай арміі, але яна не была настолькі папулярнай.
Камар павёў казакоў назад у Ратнаўскі раён, пры гэтым не парываў цесныя стасункі з сувязнымі з родных мясцін. Ужо ў канцы красавіка, калі зусім сышоў снег, а на чорнай зямлі сляды сталі непрыкметныя, Камар наважыўся з часткаю людзей зноў ісці на радзіму, таму што сувязны прынёс вестку: аднавясковец Панцялей Ляўчук мае сувязь з партызанамі. Акрамя таго, карцела Ціту паказаць аднавяскоўцам сваю сілу і ўладу. Гэта пры Польшчы ён быў малазямельны недарэка, які нават ажаніцца не здолеў своечасова, бо тая, якую ён хацеў, была дачкой заможнага бацькі. Таму і застаўся бабылём, не жадаючы звязваць лёс з абы-якою дзеўкаю, а тую першую і адзіную ніяк не мог забыць. Толькі яна ўжо даўно замужам, чацвёра дзяцей нажыла. Хіба ёй да любошчаў? Для яе Ціт мо ніколі не існаваў, так, як пустазелле пад плотам. Хацеў, каб яна хоць цяпер заўважыла яго, проста паглядзела і зразумела, што ўся справа не ў колькасці зямлі, а ў тым, які чалавек ёсць сам па сабе і на што ён здатны. Камар пакінуў атрад на свайго намесніка, узяў з сабою найперш землякоў: Сяргея Клімчука, Лёню Парахнюка і яшчэ сем адважных хлопцаў, у вернасці якіх не сумняваўся. Хаця, безумоўна, у чужую душу не залезеш і ніколі па-сапраўднаму нельга даведацца, як павядзе сябе чалавек, калі яму ў вочы паглядзіць смерць.
Сяргей з радасцю выправіўся ў дарогу, спадзяваўся пабачыцца з роднымі. Што задумаў Камар, яго турбавала мала. Але, калі гаворка ідзе пра помсту тым, хто дапамагаў партызанам, дык лічыў, што кара гэтая будзе справядлівая. Хутар Панцялея Сяргей мог бы знайсці з завязанымі вачамі, бо ведаў у ваколіцах сваёй вёскі ўсе сцежкі і гаці. Падышлі да хаты ў поцемках, пастукалі ў акно, белы твар узнік за шыбаю, мужчынскі голас спытаў:
– Хто там?
– Адчыняй, – загадаў Камар, – свае.
– Ноччу толькі свае прыходзяць, – прабурчаў гаспадар. – Якмань адчыню, пачакайце.
Ціт і тры казакі ўвайшлі ў хату, астатнія засталіся каля ганку. У хаце запалілі лямпу, на фіранках закалыхаліся цені. Хутка выйшаў Ціт і сказаў Сяргею:
– Удод з Салаўём ідзіце на хутар да Цімоха Мельніка і прывядзіце сюды, а ты, Варнак, з Голубам – дабудзь мне Уласа Хвалюка.
– Будзе зроблена, атаман, – адказаў Сяргей. – Салавей, пайшлі.
– Каб не заблудзіцца сярод ночы? Удзень мы тут хадзілі, вакол адно балота ды лес, – насцярожана спытаў спадарожнік.
– Калі цябе згублю, дык не вялікая страта.
– Ага, пажартуй мне, дык збягу і пойдзеш адзін.
– Я таго Цімоха і сам прывяду без цяжкасці.
– Не задавайся надта. Мо ў таго хутаранца мех з золатам на вышках? Гэта была б здабыча!
– Каб у яго было золата, дык, мусіць, не сядзеў бы на гэтым балоце, не разграбаў бы гной, а хадзіў бы панам па горадзе, – адказаў Сяргей.
– Сяляне – чорная косць. Ім хоць колькі багацця дай, яны ўсё роўна будуць зямлю грызці, як чарвякі.
– Гэта з-за звычкі і неадукаванасці… Цёмныя мы, што зробіш? Дзве ці тры зімы ў школу паходзіш – і ўся навука. А ты хіба надта пісьменны?
– Мы ў бежанцы выязджалі ў Расію. Там у школе вучыўся, але таксама не доўга. Бацькі вырашылі вярнуцца дамоў. Прыехалі, а ў нас адзін голы зруб стаіць. Каб трохі прыпазніліся дык і тое суседзі расцягнулі б на свае патрэбы...
Салавей недагаварыў і раптам спалохана войкнуў.
– Што з табою? – спытаў Сяргей.
– Уваліўся ў твань па калена.
– Пад ногі лепей глядзі.
– Дык не бачна ні халеры! Трэба пераабуцца, выліць ваду з бота.
Сяргей спыніўся, пачакаў хаўрусніка, падтрымаў яго, але той на адной назе не здолеў абуцца, сеў на зямлю. Калі Салавей нарэшце падняўся, Сяргей прапанаваў:
– Трымайся за мяне, бо другі раз шухнеш – дык і з галавою.
– Далёка яшчэ?
– Ды не ўжо. Бачыш, гаць канчаецца, а там, за карчамі, – Цімохаў хутар.
– Ведаеш яго?
– Бачыў колькі разоў ля царквы. Сяляне без ладу па вёсках не ходзяць, сам разумееш, у іх сто работ. Ён сталы мужчына, а я падшыванец быў…
Читать дальше