Па Руткоўскага прыйшлі два канваіры і павялі ў камеру. Ён ішоў і адчуваў жаданне праваліцца скрозь зямлю, не існаваць, не трываць здзек, ніколі не вяртацца ў кабінет следчага, ды яскрава разумеў, што на лепшыя перамены ў жыцці пакуль разлічваць не мае ніякай магчымасці. Страшныя выпрабаванні і прыніжэнне пазначаць апошнія дні перад канцом усяго, што было ягоным мінулым. Будучыня адступіла ў цень і быццам не існавала, а цяперашнія варункі ён не мог прыняць ні душою, ні целам. Нарэшце яго завялі ў камеру-адзіночку. Дзверы з грукатам зачыніліся. Пан Руткоўскі пастаяў, паўзіраўся ў закратаванае акенца пад столлю, за якім было відаць толькі абрысы высокай агароджы з клубкамі калючага дроту па перыметру. Было яшчэ цёмна, той глухі час, калі душы асабліва чула і ўражліва перажываюць мітрэнгі лёсу. Сеў на ложак, абапёрся локцямі на калені, звесіў галаву, спытаў сам сябе: "Што мяне чакае? – і сам адказаў: – Расстрэл або шыбеніца… Але да гэтага яшчэ давядзецца вытрываць шмат пакут, прыніжэння і здзекаў. Дзеля чаго мне гэта трываць? Ці выдаць чыгуначнікаў? Загубіць усю арганізацыю? Іх будуць вадзіць на вочную стаўку, паказваць мяне, здрадніка, юду! Гэтага я хачу дачакацца?! Ах, невыносна!.. Што мяне трымае тут? Анэля, дзеці… Ці жывыя яны?.. Ці вернуцца?"
З успамінам пра сям’ю нават у вачах пасвятлела. Яму згадалася, як ён упершыню ўбачыў пасля нараджэння сына, колькі гонару і радасці перажыў, калі ўзяў на рукі свайго нашчадка! А яшчэ – удзячнасць і любасць да жонкі. Яна здзейсніла ягоную мару! Безумоўна, старэйшую дачку ён таксама любіў, але сын яму быў больш жаданы і патрэбны, як спадчыннік, апора сям’і, які прадоўжыць у вечнасці існаванне роду Руткоўскіх. Аднак Саветы пазбавілі яго шчасця. Няхай бы выслалі з сям’ёю, хоць жывыя ці мёртвыя, а былі б разам. Далёка ад радзімы, затое магілы побач. Нічога, на тым свеце сустрэнемся, не размінёмся. Цяпер нават калі яны выжывуць, Францу немагчыма сустрэцца ні з жонкаю, ні з дзецьмі, бо няма яму месца ні сярод немцаў, ні сярод палякаў. Калі выжыве, значыць, здраднік. З Саветамі ў яго асаблівыя рахункі, а ў іх, безумоўна, свае. Няма яму месца на зямлі, адзін Бог ведае, што нікому Франц Руткоўскі не рабіў зла, стараўся жыць згодна са сваім сумленнем. А цяпер ягоны шлях завяршыўся. Ён не жадае слугаваць фашыстам, не жадае ніколі іх яшчэ хоць раз бачыць. І калі яны думаюць, што схапілі яго і будуць віць вяроўкі, дык памыляюцца! "Віць вяроўку буду я сам! – сказаў ён сабе ўголас. – Толькі з чаго? – бездапаможна агледзеўся, і раптам здагадка асвяціла ягоны твар. – З уласнага адзення!"
Ён помсліва пасміхнуўся, калі ўявіў, як расчаруе катаў, якія не знойдуць больш магчымасці прыніжаць сваю ахвяру. "Франц Руткоўскі нарадзіўся не для таго, каб розныя нелюдзі здзекваліся з яго! Навалач паскудная! Знойдзецца і на вас шыбеніца! У мяне раптам раскрыўся зрок перад смерцю. Як я буду пазіраць на вас з таго свету і смяяцца з вашай паталагічнай баязлівасці, з бессэнсоўнага жадання жыць. Вы сталі мерцвякамі з перашай сваёй ахвярай. Яна валачэцца за вамі ў сне і на яве, яна б’е ў званы вашага занядбанага сумлення…"
Успомніліся бацькі: вось сядзяць яны, усміхаюцца, пазіраюць на свайго Франэка, вясёлыя і шчаслівыя, што ён хутка будзе разам з імі. Руткоўскі шырэй расплюшчыў вочы, каб зразумець, ці не сон гэта, як быццам не, працягнуў руку, каб дакрануцца да маці – пуста. "Падалося, – падумаў ён. – Але настолькі відавочна. Мусіць, сапраўды бацькі чакаюць мяне. Няхай брат дажыве і пусціць карані, народзіць дзяцей, каб доўжыўся наш род, а я не здолеў з-за ненажэрных злыдняў, якім мала зямлі. Яны яе дзеляць і дзеляць, а ўрэшце атрымаюць два квадратныя метры пад магілу. Мо і таго не дачакаюцца, заграбуць у зямлю, як сабак, каб не паганілі свет…"
Ён рашуча расшпіліў гузікі, скінуў з плячэй сарочку, з сілай разадраў на пяць доўгіх палос, звязаў іх, праверыў моц вузлоў, зрабіў пятлю, накінуў на шыю, зірнуў у пасвятлела неба, памаліўся, каб Бог прыняў яго з ласкаю, пашукаў, за што зачапіць вяроўку, і задаволеная ўсмешка ледзь кранула яго вусны, калі такая рэч знайшлася…
47
Восень і зіма для Сяргея Клімчука прайшлі нудна, жылі ў холадзе і ў бяздзейнасці. Казакі часам галадалі, часам балявалі, але не было сапраўднай справы. Некалькі разоў увязваліся ў сутычку з савецкімі партызанамі, ды акрамя страт, нічога ад гэтага не мелі. У выніку хавалі пабітых ды лячылі параненых. Толькі таму, што сам Сяргей быў увесь час пры атамане, з ім нічога дрэннага не здарылася. Вясной Камар вырашыў падацца бліжэй да радзімы. Зайшлі на тэрыторыю Дывінскага раёна, але адразу ж сутыкнуліся з чырвонымі партызанамі, якія, па ўсім было відаць, абжылася тут ужо даўно. Бой быў кароткі, казакі адступілі, вынеслі з сабою аднаго забітага хлопца, якога пахавалі на ўскрайку балота. Камар палічыў гэтую непрыемную сустрэчу чыстай выпадковасцю і рушыў у родныя мясціны да сваёй вёскі Вялікая Багна, аднак кіламетраў за пяць ад роднага селішча зноў спаткаліся з партызанамі, у выніку чацвёра казакоў засталіся ляжаць на полі боя, бо партызаны паднаціснулі так, што бульбоўцам давялося разбягацца. Калі ацалелыя казакі сабраліся разам, дык аказалася, што акрамя забітых, не хапае яшчэ трох чадавек, усе з Вялікай Багны.
Читать дальше