– Кулак пасля не баліць?
– Іншы раз пабольвае.
– Беражы здароўе, лейтэнант Скавышоў. Яго ні за якія грошы не купіш. А калі ўлічыць, што пры гэтым і сумленне можа захварэць, тады – капец…ъ
70
Сяргей увайшоў у хату, прывітаўся. Насустрач яму кінулася маці, абняла, прашаптала:
– Сыночак, Кастусь вярнуўся.
Хлопец запытальна зірнуў на нявестку, маўляў, ці не захварэла зноў маці?
– Так, так, Кастусь вярнуўся. Нешта там пераблыталі з паперамі, яго падабралі санітары іншай вайсковай часці, ляжаў у шпіталі амаль паўгода, – пацвердзіла нявестка.
– Добрая навіна! А дзе ж ён?
– У Пракапея, той паклікаў нешта яму трэба памагчы…
– Я таксама вярнуўся. Толькі мне трэба схавацца.
– Божачкі, дык цябе ж будуць лавіць, – спалохана сказала маці.
– Трохі часу ёсць, – спакойна адказаў Сяргей.
– Як жа ты будзеш?
– Дзе-небудзь буду, такая мая доля – у лесе ды на балоце жыць…
– Дык можа ідзі на хутар да дзядзькі Хведара, не чужы ж ён табе чалавек.
– Добра, схаджу…
– Да маёй сястры Куліны наведайся…
– Добра, мама, пажывём – пабачым. Пайду з Кастусём павітаюся.
– Мо не трэба, каб цябе бачылі людзі?
– Няхай бачаць, мне не зашкодзіць.
Сяргей выйшаў з хаты, агледзеўся, раздумваючы, дзе схаваць пісталет, які яму выдалі чырвоныя для забойства Варнака. На плоце сушыўся трапкач, зняў яго, пайшоў за хлеў, загарнуў пісталет і закапаў на самым рагу і толькі пасля гэтага падаўся да Пракапея. Сусед з Кастусём удвох пілавалі тоўстае бервяно пілою-двухручкаю.
– Які госць да нас завітаў! Жывём побач, а бачымся гады ў рады, – радасна прамовіў Пракапей і першы падаў руку.
Кастусь абняў брата, спытаў:
– Як ты? Дзе?
– Прыйшоў пабачыцца. Дапілоўвай бервяно. Пойдзем, раскажу…
– Мая баба прыхварэла, дык паклікаў Кастуся на дапамогу, – сказаў сусед.
– Давай, дзядзька, са мною папілуем, – прапанаваў Сяргей, адчуваючы, як рукі засумавалі па цяжкай мужчынскай працы.
Узяліся за ручкі пілы – яна заспявала, прагрызаючы вострымі зубамі драўніну, якая плакала тонкім струменем жаўтаватага пілавіння. Праз колькі хвілін справа была зроблена.
– Дзякую, хлопцы, калі трэба будзе якая дапамога, дык клічце…
Кастусь і Сяргей абняліся, так і пайшлі з двара, Пракапей толькі радасна ўсміхнуўся, пазіраючы ім у спіны.
– Дык ты зусім вярнуўся, ці як? – спытаў Кастусь.
– Адпусцілі мяне чырвоныя часова, але я не хачу вяртацца. Думаю схавацца недзе…
– А што ім трэба?
– Не трэба табе нічога ведаць, Кастусь, акрамя таго, дзе я буду адседжвацца, бо сам разумееш, я ж мушу нешта есці…
– Добра, брат, усё буду рабіць, як ты скажаш… Толькі пакінь адрас, куды ежу трэба будзе насіць.
– Гэта дробязь… Яшчэ цёпла, пакуль магу ў стагах адседзецца на балоце, а як пахаладае – пайду прасіцца да каго-небудзь…
Браты вярнуліся ў хату, пасля абедалі ўпершыню за шмат гадоў разам, і хоць усе адчувалі, што радасць гэтая часовая, ды ніхто не думаў пра благое. Аднак пасля абеду ў маці разбалелася галава, яна быццам страціла зрок ці зноў нікога не пазнавала. Сяргей зразумеў, што сваім з’ўленнем толькі растрывожыў родных. Расказаў Кастусю, дзе будзе пакідаць для яго запіскі і пад вечар сышоў з хаты, наладаваўшы заплечнік харчамі.
Тыдзень ён сапраўды жыў на балоце. Стаяў пачатак кастрычніка, цёплы і ясны, у паветры лёталі павуцінкі, бабіна лета песціла зямлю апошнім цяплом. Сяргею было самотна без працы, без людзей, хоць бы які занятак! Першыя дні тры ён проста адсыпаўся, адпачываў душою, смакаваў волю, а потым засумаваў і наважыўся пайсці на хутар да дзядзькі Хведара. Раней з гэтаю раднёю бачыліся рэдка: раз ці два на год дзядзька прыязджаў са сваёю шумліваю жонкаю Хадоскаю звычайна на Пакрову, калі выбіраўся на кірмаш. Маці заўсёды рыхтавала добры абед, прыпасала пляшку вішнёвай настойкі, каб пачаставаць гасцей. Тыя далёкія гады здаваліся Сяргею шчаслівымі і святочнымі. Толькі ў гэты дзень мог Сяргей атрымаць пачастунак – пеўніка на палачцы ці абаранак.
Дзядзька Хведар сустрэў Сяргея няветліва, спытаў:
– Што здарылася?
– Схавацца мне трэба часова, – патлумачыў хлопец.
– Нічым не магу памагчы, мае дзеці ў школу ходзяць, яшчэ прагаворацца, дык усіх нас з табою разам замятуць у Сібір. Усе ж ведаюць, дзе ты быў і чым займаўся…
– Прабач, што патурбаваў, – адказаў Сяргей, павярнуўся і пайшоў.
Думаў, што дзядзька верне яго, у хату запросіць, пакорміць ці даць чаго з сабою, а той, мусіць, узрадаваўся, што адбіўся ад нежаданага родзіча. Крыўда апанавала хлопцаву душу, слёзы навярнуліся на вочы, злосна падумаў: "Каб ты падавіўся тымі пеўнікамі і баранкамі, якімі мяне частаваў". Дзядзька знешне быў вельмі падобны да Сяргеевага бацькі, які памер маладым. Пляменнік назіраў, як старэў Хведар, уяўляў, якім мог быць цяпер ягоны бацька, таму, можа, асабліва любіў яго і вылучаў сярод іншых родзічаў. Аказалася, што ягоная любоў нічога не азначала, гэта былі толькі юнацкія перажыванні. Дзядзька Хведар мае сваё жыццё і сям’ю, якую ён аберагае і рызыкаваць не збіраецца. Няпэўнасць вывела хлопца з раўнавагі. Наперадзе зіма, каратаць халады самотна ў якой-небудзь лясной зямлянцы яму не хацелася, таму ён вырашыў не адкладаць візіт да цёткі Куліны, каб высветліць канчаткова, што яго чакае, ды шукаць нейкае выйсце.
Читать дальше