– Забіць Варнака – гэта ж не зайца ўпаляваць… Яго яшчэ трэба адшукаць. Дзе ён зараз можа быць? Калі вы старую базу парушылі, дык ён туды не вернецца.
– У цябе будзе дастаткова часу, каб па ранейшых сувязях адшукаць яго. Мы не будзем ні сачыць за табою, ні прыспешваць. Але запомні, калі здрадзіш абяцанаму слову, дык не будзе табе даравання, "вышка" забяспечана.
– Я ўсё зразумеў і гатовы выканаць ваша патрабаванне, – паспешліва адказаў Сяргей, быццам баючыся, што язык прамовіць нешта процілеглае.
– Выдатна, – усміхнуўся кучаравы следчы і яшчэ раз паўтарыў: – выдатна! Мы цябе выпусцім сёння ж, пачакаеш толькі, пакуль табе выпішуць дакументы і падрыхтуюць зброю. Мы нават пакідаем табе старую клічку, ты ў нас таксама будзеш Удодам. Бачыў я аднойчы гэтую птушку, прыгожая і вялікая.
– Прачытай і падпішы пратакол допыту, – сказаў арыштанту лысаваты следчы, што сядзеў за машынкай.
Сяргей прабег вачамі напісанае, але асабліва не засяроджваўся на тэксце, які цяпер не меў ніякае вагі, калі яго выпускаюць, пачнецца інакшае жыццё. Як толькі ён падпісаў пратакол, адразу па яго прыйшоў канваір і павёў па калідоры ў службовае памяшканне. Два следчыя засталіся ў кабінеце, пераглянуліся.
– Ты, думаеш, што яму можна верыць? – спытаў лысаваты.
– Ён і сам цяпер не ведае, ці праўду сказаў. У людзей так: сёння адзін настрой, заўтра – іншы, – адказаў рыжы.
– Ці маем мы права рызыкаваць?
– Можа, і не маем, але ж выкарыстаць магчымасць абысціся малою крывёю павінны. Інакш гэты галаварэз Варнак яшчэ чорт ведае што ўчыніць. Гэта на фронце, Антон, нам было ўсё зразумела: тут – нашы, па той бок – фашысты. А тут паспрабуй разбярыся, хто на чыім баку.
– Ты як хочаш, а я не веру гэтаму Удоду і на вось столькі, – лысаваты паказаў кончык пальца.
– Супакойся, Антоша, ён ад нас далёка не ўцячэ. Калі падмануў, усё роўна зловім разам з Варнаком.
– Набрыдла мне лавіць гэтую погань.
– Тады трэба вяртацца да былой прафесіі. Ты кім быў да вайны?
– Нікім, памагаў бацьку па гаспадарцы. Вайна з мяне чалавека зрабіла.
– Шкада, што ў цябе так няўдала атрымалася. А я да вайны настаўнікам працаваў, вучні мяне любілі. Сам на працу, як на свята хадзіў, у школе сваю Марусю сустрэў. Яна піянерважатаю была. Як убачыў яе першы раз, дык спакой страціў, пакуль не ажаніўся.
– І не памыліўся ў выбары?
– Ты б пакаштаваў яе пірагоў, дык не ставіў бы пад сумненне мой выбар.
– Калі пірагі пячэ, дык, безумоўна, цаны ёй няма, – пагадзіўся Антон. – Мая маці таксама ўмела кухарыць. Нідзе не еў смачнейшых баршчоў, чым яе… Падпішы, Сярожа, пратакол. Паперы трэба захоўваць у парадку.
Рыжаваты напісаў свой чын і прозвішча: капітан Новікаў і распісаўся. Лысаваты таксама паставіў свой подпіс насупраць радка, дзе было пазначана: лейтэнант Скавышоў і сказаў:
– Адчувае мая душа, давядзецца пабегаць нам за гэтым Удодам.
– Нічога, мы зрабілі добрую справу, далі магчымасць хлопцу выратаваць уласнае жыццё, калі не захоча, няхай пяняе на сябе. Шкада мне яго, цёзка мой усё ж такі, таксама Сяргей.
– Дзіўнае супадзенне!
– Як мы іх на Воўчай выспе цёпленькімі ўзялі! Га?! Цуд!
– Выдатна атрымалася! Шыкоўна! Галоўнае, у нас ніякіх страт, адзін Пахомаў лёгка паранены і той вось-вось з бальніцы выпішацца. А бандытаў вунь колькі палегла!
– Хацелася б, каб і далей у нас гэтак жа добра справы ішлі, але ж у лесе шмат яшчэ паскуднай набрыдзі: дызерціры, украінскія і польскія нацыяналісты, проста крымінальнікі. Каб ачысціць краіну, мо не адзін год спатрэбіцца.
– Не давядзецца табе, капітан, настаўнічаць, не адпусцяць.
– Часам шкадую, што не магу вярнуцца ў школу. Нават на гэтага Удода глядзеў, як на неразумнага вучня, якога трэба вучыць розуму.
– Я заўважыў, што ты занадта добры. Хоць ён усё расказваў, мне так і хацелася даць яму па шыі проста за тое, што ён не такі, як мы.
– Ведаеш, Антоша, я перакананы, што дзяцей і людзей, наогул, біць нельга. Ад гэтага яны лепшыя не робяцца, а наадварот набіраюцца злосцю і прагаю помсты. Жывёлу таксама нельга біць – пры нагодзе можа адпомсціць.
– Ну, ты скажаш! Жывёла адпомсціць!
– Твой бацька каня меў? – спытаў Новікаў.
– Не, мы з наймітаў, з самых беднякоў, – з гонарам адказаў Скавышоў.
– Яно і бачна. У нашым сяле быў адзін гняўлівы чалавек, лупіў свайго каня без жалю, дык той аднойчы прыладзіўся і даў яму капытом проста ў зубы. А ты кажаш…
– Дурніцу з галавы толькі кулаком можна выбіць, што я звычайна і раблю.
Читать дальше