На тэму нацыянальнага пантэона добрых, злых ці абыякавых да чалавека стварэнняў Марцін здатны быў прачытаць грунтоўную лекцыю і пабуджаны пасярод ночы. Ён абмежаваўся тым, што коратка адзначыў: яго народ тут не абдзелены, згадаў колькі імёнаў паганскіх бажкоў і з усёй магчымай сур’ёзнасцю паведаміў, што найбольш жывучымі і трывушчымі выявіліся якраз найбліжэйшыя да людзей дамавікі, лазнікі, лесавікі ды вадзянікі з русалкамі-ўндзінамі. Свой лаканічны адказ Марцін расквеціў аповедам пра родную бабулю, у якой дамавік, па яе словах, почасту прысаджваўся за стол на вячэру, а лесавік, бывала, зладзеявата даіў казу, а ў калядныя халады без дазволу залазіў начаваць у падпечча. На такі адказ ягонай англійскай не хапіла, але, мяркуючы па смеху ў зале, Нільс справіўся з перакладам няблага.
І тут грымнула.
39
Прыгажуня ў швэдры зноў устала, абцягнула зялёныя рукавы на пальцы і хутка, глытаючы словы, загаварыла па-англійску. З усімі дзівоснымі істотамі, пра якіх расказаў госць, яна цудоўна знаёмая. Чаму? Ды з тае прычыны, што яны або жывуць у яе, або часта наведваюцца ў ейны дом, куды яна, каб госць пераканаўся ў тым на ўласныя вочы, запрашае яго на гарбату ці на нешта мацнейшае ды цікавейшае.
Дырэктар бібліятэкі зрабіў спробу перавесці прапанову ў жарт, аднак расхваляваная красуня не падтрымала ягонага тону і настойвала. Усе будуць радыя, казала яна, маючы на ўвазе сваіх кватарантаў, а можа — хто ведае? — і паўнапраўных гаспадароў. Яны сыграюць прывітальны марш, бо маюць свой аркестрык. Госць можа спыніцца ў яе на гэтую ноч і на колькі заўгодна. Авал твару ў абладзе каштанавых валасоў залівала густая чырвань, у вачах успыхвалі неспакойныя агеньчыкі.
40
Публіка перашэптвалася. Дырэктар абвясціў прэзентацыю скончанай, і Нільс дзьмухнуў на свечку. Усіх чакаў пачастунак ад выдаўца і ўнікальная магчымасць узяць аўтограф у аўтара, які жыве крыху бліжэй за паўночныя шведскія фіёрды.
Прысутныя з гатовасцю адгукнуліся на абодва заклікі. Хвілінаў пятнаццаць Марцін падпісваў кнігі, гадаючы, ці падыдзе да яго стакгольмская парачка і ўдзельнік вечарыны, падобны да Любаміра. Аднак апошняй у невялікай чарзе апынулася гаспадыня дома з дамавікамі.
Марцін ужо рыхтаваўся дадаць да стандартнага With the best wishes from the author штосьці адмысловае, але заміж кнігі на столік перад ім лёг ліст — пульхная ружовая капэрта з напісаным буйнымі літарамі словам Urgent і драбнейшым подпісам — Emma.
Ён узняў галаву, іхнія позіркі сустрэліся. У Эміных зялёных вачах пульсавала няпростая гама эмоцый, з якіх Марцін здолеў вылучыць роспач і надзею. Ён убачыў у яе валасах нітачкі ранняй сівізны. Кропелька восені чулася і ў празрыстым водары парфумы.
Марціну хацелася супакоіць Эму ціхімі словамі, пацалаваць ёй руку, ды жанчына імпэтна адышла да вакна, паспеўшы ўсёй сваёй істотай — ад секунднага дотыку цёплай рукі да перарывістага гарачага дыхання — пакінуць мужчынскую існасць Марціна разгублена-расхваляванай.
Ён узяў у рукі капэрту, дзе штосьці інтрыгоўна зашамацела, але мусіў схаваць яе ў кішэню: акурат падкаціўся, ззяючы нязводнай усмешкай, круглявы дырэктар. Перад стакгольмскім цягніком госцю абавязкова трэба падсілкавацца. Падымаючыся з-за століка, Марцін незразумела чаму паклаў у кішэню з Эміным лістом і запалкі, што ляжалі побач са свечкай. Яму хацелася прыхапіць і саму недагарэлую свечку, ды тое выглядала б надта дзіўна.
Нільс не паскупіўся на пачостку. Марцін налічыў сем відаў паважаных ім сыроў з цвіллю, аднак, выпіўшы келіх пяцігадовага к’янці, аддаў перавагу падсушанай на сонцы і ветры аляніне. Тым часам публіка няўзнакі разышлася, адна Эма па-ранейшаму стаяла, пазіраючы ў цёмнае вакно, дзе люстравалася зала.
She’s crazy, — перахапіўшы Марцінаў пагляд, прабачліва прамовіў дырэктар. З далейшага стала вядома, што Эма ўвогуле ціхая і не ўяўляе небяспекі. Жыве насупраць, вось і прыходзіць заўсёды, калі ў бібліятэцы штосьці адбываецца.
З келіхам у адной руцэ і лусцікам у другой да іх наблізіўся выдавец. Да Нільса данёсся канец дырэктаравай фразы, і ён працягнуў тэму. «Памятаеш мемарыяльную дошку ў царкве? У тым цунамі загінулі яе муж і сын. Я чуў, яна да апошняга дня адгаворвала мужа ад паездкі. Потым год прабыла ў лякарні… Целы, канечне, паглынуў акіян, але яна зрабіла дзве магілы ў садзе…»
З Нільсавых словаў вынікала, што Эма не проста з’яўляецца на ўсе бібліятэчныя імпрэзы, але і запрашае да сябе кожнага прыезджага госця-мужчыну. «Кажуць, хвароба ператварыла яе ў німфаманку…»
Читать дальше