Марцін, бясспрэчна, стакроць згадзіўся б мець справу са сваімі зласліўцамі, чым з чалавечападобнымі істотамі, якія пачалі адціскаць людзей ад шкла і хутка цалкам запанавалі вакол ратонды. Ён дзесьці ўжо бачыў гэтых пачварных стварэнняў з неміргатлівымі вачыма на безвалосых ілбах і шэрымі кашлатымі хабаткамі замест насоў.
Яны прысмоктваліся хабаткамі да шкла і рабілі яго ў тым месцы відавочна празрыстым і з другога, свайго боку. Бязбровыя вочы, якія прынікалі да пакінутых хабаткамі круглых плямак, сведчылі, што ён не памыляецца.
Неўзабаве чалавекападобныя з’адзіночыліся ў адным месцы, і хабаткі- мацуны заміж бязладных плямак на шкле ўтварылі малюнак, падобны да пчаліных сотаў. Тады Марцін убачыў, што яны цягнуць не падобны ні на што загадкавы апарат са шматлікімі стырчакамі-іголкамі. Апарат прыставілі да «сотаў», і ён пачаў роўна гусці. Праз хвілю Марцін зразумеў, што стырчакі-іголкі насамрэч — тонкія свярдзёлкі, якія пачалі прагна ўгрызацца ў шкло ягонай ужо ненадзейнай фартэцы. Хутка і ўадначас свярдзёлкі паказаліся ўжо з гэтага боку шкла.
Ён злякана адбегся да процілеглай сцяны і ўбачыў, як свярдёлкі ўцягнуліся назад, але затое там, знадворку, хобатаносыя ўтварылі жывы калідор, па якім хтосьці ў масцы ката ішоў з цяжкім молатам у руках-лапах. Марцін з апошняй надзеяй кінуў позірк на Віту з басконцам і Жанну-Ганну, ды іх ужо шчытна атачылі хобатаносыя.
Чалавек-кот размахнуўся молатам, і пад першым жа ўдарам зробленыя агіднымі хабаткамі «соты» разляцеліся на драбочкі, утварыўшы ў шкле вялікае вакно.
Марцін прачнуўся ў халодным поце і доўга ўтаймоўваў сэрца. Урэшце дапамагло тое, што чалавекападобныя істоты, якія кагадзе трымалі яго ў аблозе, былі створаныя ягоным жа ўяўленнем і калісьці жылі ў жоўтым нататніку з сонейкам на вокладцы, увасабляючы сабой падступных і жорсткіх іншапланетнікаў.
34
Пасля ранішняй кавы Марцін паставіўся да сну ўжо амаль весела і сустрэўся з думкаю, ці не завесці яму на прыклад Сведэнборга свой « Журнал сноў».
Нільс папрасіў дазволу папрацаваць, і Марцін атрымаў магчымасць на самоце паблукаць па горадзе. Спачатку яму здавалася, што вось-вось насустрач з-за павароткі пакажуцца стакгольмскія каханкі, але тыя, мусіць, з’ехалі або, не даючы суседзям за сцяной спакою, утрапёна займаліся недзе каханнем.
Марцін з выдаўцом сустрэліся на абедзе ў той самай кавярні. Афіцыянта-шкіпера таксама не было відаць, і ўчорашнія сустрэчы ўжо здаваліся яму прыснёнымі ў добрым і камфортным, параўнаўча з сённяшнім, сне.
35
Народу ў гарадской бібліятэцы сабралася паболей, чым на кніжным кірмашы: гарадок, напэўна, не быў распешчаны культурнымі імпрэзамі. Разам з тым Нільс і дырэктар бібліятэкі пайшлі на невялікую хітрасць. Частка прысутных яўна засталася паслухаць замежнага госця пасля вернісажу ў холе.
Выстава складалася з фотапартрэтаў, аўтарам якіх быў сам дырэктар — невысокі, круглагаловы і наогул круглявы лысы чалавек, што няспынна выпраменьваў цеплыню і гасціннасць. Аказалася, ён усё свядомае жыццё здымае землякоў. Фатаграфіі не столькі чаплялі вока і розум майстэрствам, колькі, падумаў Марцін, своеасаблівым выбарам герояў. Ці не кожны другі з іх меў якуюсьці, часам невідавочную, але часцей выразную загану.
Наліты дужасцю рыбак-велікан з мёртвым шкляным вокам. Стройная дзяўчына, знявечаная заечай губой. Сівы гожы стары з люлькай у зубах, але на драўлянай назе. Кучаравы, як анёлак, падлетак з пустымі вачыма і струмком асцы ў куточку вуснаў. Нармальны з выгляду хлопчык з мёртвай птушкай у руцэ.
З даўняга, відаць, чорна-белага здымка глядзела немаладая прывабная пара: яна ў народным строі і ён у форме марака. Трывожнай нотай тут гучала чорная кашуля, якая сушылася на вяроўцы побач. Марцін запытальна зірнуў на Нільса, ды той, зразумеўшы, адмоўна пакруціў галавой.
Урэшце, сярод персанажаў хапала і людзей без чарвяточынкі, проста яны менш кідаліся ў вочы.
Адну з фатаграфій Марцін атрымаў ад дырэктара ў падарунак. Здымак адно ўмоўна належаў да партрэтнага жанру: з глыбіні начнога саду вабіў асабняк з асветленым вакном, у якім відаць была жаночая постаць з раскінутымі, нібы для абдымкаў, рукамі.
Нільс падаваў знакі, што трэба распачынаць. Ён ужо запаліў на іхнім століку вялікую свечку, што, мабыць, павінна была служыць і нейкім кшталтам гадзінніка.
Праходзячы ўздоўж сцяны са здымкамі да свайго століка з сінімі касачамі і стосам кніг, Марцін наастачу схапіў вокам яшчэ адно фота: у небе над цёмным наваколлем цвіло жудлівае і адначасна магнетычнае дрэва разгалістай маланкі. Марцін нават пачуў далёкае водгулле грымотаў і, ужо ўладкаваўшыся з Нільсам за сталом, адчуў, што ягоная оптыка — як калісьці на тым далёкім навальнічным возеры — зноў перайначылася.
Читать дальше