Напісала запіску: скажыце Анечцы (гэта мая ўнучка), што бабуля паехала далёка ў госці…
Тым днём паднялася рана і ўсё шукала сабе работу, каб быць занятай. Раніцай смажыла катлеты. Хацела моцных пахаў. Адчуць яшчэ раз, як пахне смажанае мяса… Пасля ўсчала вялікае мыццё. Цыравала. Нешта рабіць-рабіць. Але не думаць. Мае любімыя духі «Можа быць»… Дастала. Я хацела, каб пасля мяне ў доме жыў пах жыцця, а не смерці…
З рэчаў, з прадметаў нічога не хацела пакідаць. Ні маіх фатаграфій, ні маіх пісьмаў, ні майго почырку. Выбіралася, як з гатэля, усё вынесла, выкінула. Нават свой кавалачак мыла, зубную шчотку. Я памятала, як памерла суседка. Як спяшаліся згрэбці і вынесці з кватэры тое, што пасля яе засталося. А яна пражыла доўгае жыццё, некалі была вядомай балерынай: фатаграфіі, пісьмы ў вялікіх кардонных скрынках… Нейкія сувеніры, каменьчыкі, засушаныя лісточкі… Скамечаныя запісачкі: «Каханая…», «Прынцэса…», «Чароўная…». Усё гэта яе сын пакаваў у вялікія цэлафанавыя мяхі і паліў за нашым домам на пустцы. Чалавек столькі смецця пасля сябе пакідае…
Калі б я была ўлюбёная ў сваю дачку… Ці ў свайго сына… Я ім чужая… Я ім гэткая не патрэбна… А муж пакінуў… Ён пайшоў да другой жанчыны… А я яго кахаю… Дагэтуль… Я — адналюб… (Раптам усміхнулася.)
Паставіла букет кветак, каб, калі зойдуць у мой пакой, не так злякаліся смерці… (Паўза.)
Я ведаю, як трэба жыць у зоне… Я ведаю, як можна выжыць у зоне… Я выжывала там шмат разоў…
У мяне псіхалогія зэка… Мае дзеці са мною паводзяць сябе гэтак, быццам я — хворая, хворая на нейкую невылечную хваробу. Гэта не перадаць… Гэта не растлумачыць… Быў мой дзень нараджэння… Я штосьці прыгадала пра лагер… Мы радавацца не ўмеем, нават калі нам добра, штосьці гняце душу. Я прыгадала, як мы любілі свята Першамая. У руцэ — чырвоны сцяжок… Нам выдавалі новыя паліто і новыя сукенкі… Усе аднолькавыя… Як нас віншаваў генерал… Мы паўзлі, караскаліся на высокі падваконнік…
— Навошта ты нам гэта расказваеш? Прызнаешся навошта? Сорамна ж! — абарваў мяне сын.
(Маўчыць, а пасля працягвае, раптам заікаючыся, бязладна.)
— Яны ін-ншыя… Яны не б-былі там, у зоне… Яны п-прыго-жыя… На вуліцы я люблю г-глядзець на ма-аладых, а дома я… іх… я… іх б-баюся… (Запыняецца.) У дзяцінстве… У дзетдоме заікалася… Пасля мінулася… Вылечылася… Часам ц-цяпер вяртаецца… Хутка про… пройдзе… Пап-п-п'ём гарбаты… Чайку… Зараз завару… Прынясу… (Ідзе на кухню.)
(Праз паўгадзіны мы заканчваем нашу гаворку.)
Ён мне сказаў, крыкнуў:
— Навошта ты гэта расказваеш? Прызнаешся навошта? Сорамна ж! На вас, як на жабах, паставілі бесчалавечны дослед. Уніжальны. Разумееш, уніжальны! А вы ганарыцеся, што вытрывалі! Засталіся жывыя?! Лепш бы памерці! А цяпер чакаеце спачування. Удзячнасці. За што? Як там старажытныя гаварылі? Чалавек — гэта надзелены здольнасцю думаць трыснёг… Удабрэнне, гной, а не думаючы трыснёг. Пясок… Будаўнічы матэрыял для камунізму… Мяне нарадзілі ў рабстве і вучылі жыць у рабстве… У зоне… Вакол шумела свята жыцця, а вы ў ім не ўдзельнічалі. Тваё пакаленне… Вас трымалі ці то ў клетцы, ці то ў кантэйнеры. А ты хочаш, каб я гэта памятаў?! Ты ніколі не будзеш вольным чалавекам. Я чую, як і ўва мне цячэ твая рабская кроў… Я зрабіў бы сабе пераліванне крыві!!! Клеткі ўсе памяняў бы! Нават калі б у мяне была магчымасць адсюль паехаць, я ўсё роўна такога б сябе павёз з сабой… З тваім саставам крыві… З тваімі клеткамі… Ненавіджу!
…Я пусціла газ у кватэру… Уключыла радыё…
Я была вольная… Я ніколі не думала, што здолею гэта зрабіць…
Вы думаеце, я не хачу жыць? Я вельмі хачу жыць! Я жыццём не налюбавалася…
З сённяшніх газет:
У Расеі расце колькасць самагубстваў. «У 1991-ым годзе 60 000 людзей пакончылі з сабой, гэта на 20 000 больш, чым год назад», — паведаміў кіраўнік Расейскага інстытута грамадска-палітычных даследаванняў Генадзій Осіпаў, па інфармацыі агенцтва Інтэрфакс. «Расея стаіць над безданню, — заявіў далей Осіпаў у размове за «круглым сталом». — Мільён людзей рабілі спробу самагубства; дваццаць працэнтаў насельніцтва, гэта значыць пятая частка велізарнай краіны, мараць аб эміграцыі…»
Ён параўнаў цяперашнюю сітуацыю ў Расеі з ХІІІ стагоддзем — перад татарскім нашэсцем…
«Франкфуртэр Рундшаў», 28 сакавіка 1992 г.
Сумная вестка: Юлія Друніна пакончыла з сабой. Яна магла тысячу разоў загінуць на той вайне, на якую пайшла ў семнаццаць гадоў. А памерла па сваёй волі ў гаражы на дачы… прыняўшы снатворнае і ўключыўшы ў машыне выхлапны газ.
Читать дальше