У артыкуле Ёгансэн падае ўказанне на тое, што Агасфер ідэнтычны з «ліфляндскім прарокам» Юргенам з Мэйсэна. «Фактычна, піша Ёгансэн, паралелі ў апісанні гамбургскага Агасфера і ліфляндскага прарока і прапаведніка настолькі відавочныя, што не можа быць ніякіх сумненняў у ідэнтычнасці абодвух асобаў». Нават часавае супадзенне іх выступлення настолькі эклатантнае, што проста міжвольна абедзьве асобы зліваюцца ў адзін вобраз.
Ёгансэн прыводзіць старадаўняе даступнае азнаямленню апісанне Агасфера з 1602 года ў Родэ з выдрукаванай у Данцыгу народнай кніжкі пра Вечнага Жыда, паводле якой Паўль фон Айцэн, у той час студэнт з Вітэнбэрга, зімой 1547 года ў Гамбургу «ў кірсе падчас казані ўбачыў чалавека, які ўяўляў з сябе вельмі высокую асобу са звіслымі на плечы валасамі, які стаяў насупраць катэдры босы; які з такой увагай слухаў казань, што ў ім нельга было адчуць аніякага руху; толькі, калі было выслоўлена імя Ісуса Хрыста, ён схіліў галаву на грудзі і ўздыхнуў вельмі глыбока; і ніякай іншай вопраткі на ім не было ў тую суровую зіму, апрача пары штаноў з падранымі калашынамі, курты па калені і паўзверх яе паліто да пятаў».
Я цытую гэта паведамленне, якое Вам, гер калега, па ўсёй верагоднасці, знаёмае, якое дае базіс для параўнання з сучаснымі паведамленнямі пра прарокаў Юргена альбо Ёрга з Мэйсэна. Так Ёган Рэнэр, пазнейшы храніст горада Брэмена, які жыў з 1556 па 1558 г. у Ліфляндыі, піша: «І быў у гэты час адін такі ў Рызе, на імя Ёрген Мэйсэнскі, а хадзіў ён распранута і боса, не хацеў таксама есці і піці, а да таго працаваў. Памянёны заклікаў месцічаў штодзённа да пакаяння. Але ён быў таксама дзевяць гадоў таму назад (г. зн. 1547!) тут у Рызе і заклікаў людства да пакаяння, і, ці не пакараў яго Бог агнём, калі яго заклікі нічога не далі, прапаў».
Пасля чаго ў Рызе сапраўды выбухнуў вялікі агонь — пажар, у якім згарэлі Домскі сабор і большая частка горада. Узіму 1557/1578 гг. Ёрг зноў знаходзіцца ў Ліфляндыі, пра што паведамляе рэвельскі пастар і храніст Балтазар Русаў (Chronica der Provinz Lyfflandt, Bаrth, 1584), а менавіта: «Таго ж года ўзіму ў Ліфляндыю праз Польшчу і Прусію прыбыў чалавек вельмі дзіўны, а хадіў ён зусім боса, гола і раздзета, апранута толькі ў вярэту, меў доўгія валасы ніжэй плячэй. Некаторыя мелі яго за вар'ята, некаторыя за фанатыка, а некаторыя маўлялі, што гэта цудоўная азнака Божая, і што нешта такое адбудзецца».
Што адбылося, дык гэта нашэсце Івана Жахлівага на Ліфляндыю. Тыльман Бракель, ліфляндскі паэт у сваёй улётцы «Хрысціянская гутарка пра жудаснае разбурэнне Ліфляндыі праз маскавітаў», дарэчы, піша:
Апошні знак даброці Боскай:
Павінен муж-вар'ят прыйсці,
На плошчах люду абвясціць —
Пакайцеся, пакуль не позна,
Бо страшны будзе Божы суд,
Бо ўмыецца крывёю люд,
Яму ж не верылі, ды з войскам
Прыйшоў маскаль на ўлонне наша,
І — перапоўнілася чаша.
Ёгансэн цытуе крыніцы, паводле якіх прарок Ёрг быў забіты неадукаванай чэрняй пад Дэрптам, непадалёк ад рускай мяжы, сумняваецца ў крыніцах, але і ставіць пытанне: што, зрэшты, трэба было прапаведніку пакаяння на рускай мяжы? І што меў на ўме храніст Русаў, пішучы, што Ёрг прапаў недзе паміж Рэвелем і Нарвай? Ёгансэн знаходзіць таксама пэўную ідэнтычнасць асобы Агасфера-Ёрга з Васілём Блажэным (Васілём Шчасным), юродам, які шпурляў камянямі ў чорта і пагражаў Івану Жахліваму Божай карай, імем якога названы сабор на Краснай (Прыгожай) плошчы ў Маскве. Апрача таго, заўважае Ёгансэн, юрод Васіль быў шавец, як і Агасфер.
Але чаму — пра гэта і Вы, паважаны гер калега Лёйхтэнтрагер, даўно маглі б спытацца, — чаму прарок Юрген падчас свайго побыту ў Гамбургу назваўся Агасферам? Калі ў астатнім ён падарожнічаў пад сваім уласным імем!
Ёгансэн дае гэтаму праўдападобнае тлумачэнне. Ён пераносіць сустрэчу Юргена з Айцэнам, які паводле Ёгансэна «быў асобаю, чыя даставернасць не можа быць пастаўлена пад пытанне», у Мікалаеўскую кірху, дзе яшчэ ў 1547 годзе знаходзілася вялікая карціна, на якой былі ўвасоблены персідскі цар Агасфер са сваёй яўрэйскай каханкай Эстэрай; карціна была ў 1555 годзе знішчана, калі, паводле хронікі горада Гамбурга, маланка ўдарыла «ў Ніклавуса кірку разом з малёванем коніга Агасфэрума і Гэстэрай, пабіўшы і оклад на ковалкі». Юрген, «нерозумовы чловек», лічыць Ёгансэн, быў так уражаны карцінай, што прыняў цара за яўрэя Агасфера. «Калі гэта так, высноўвае ён, дык імя Агасфер для Вечнага Жыда можа быць растлумачана толькі ў гэтай сувязі».
Читать дальше