Віктар ахнуў: перад ім была старонка нейкай прафесійнай студыі. Гэтак усё адмыслова, сур’ёзна і стыльна... «Студыя “Z” Тое, што мы хаваем. Нябачная камера ў нашым горадзе. Пазнай сябе!»
— Крута! — у захапленні вымавіў Віктар.
— А то... — усміхнуўся Алік. — Цяпер глядзі функцыянал: уваход у адмінку — тут дабаўляем, рэдагуем, сціраем, сочым за каментамі. Каменты пад кожным ролікам можна дазваляць ці не дазваляць. Каменты таксама можна паставіць на прамадэрацыю...
— Г эта як?
— Ну, камент чалавек пакіне, але ён не з’явіцца, пакуль ты яго не пачытаеш і не 5 дасі дазвол на публікацыю. Ролік кідаеш, выбіраеш любы раздзел. Назвы раздзелаў можна мяняць у любы час. Тут вось пакінута месца пад банеры. Карацей, пароль
табе вядомы, садзіся за комп і разбірайся. Не забудзь змяніць паролі на ўсё, каб толькі ты быў гаспадаром. Мне іх ведаць больш не трэба.
— Выдатна, проста выдатна... Вось твае 50 баксаў, дзякуй. Пайду круціць...
— Чакай! — спыніў Віктара Алік. — Я ж табе казаў: з дому не працуй. Па ІР праб’юць, калі нехта зоймецца пошукамі ўладальніка.
— Дык у мяне ІР дынамічны...
— А, ну гэта іншая справа. Але ўсё адно, я раю закачваць ролікі адсюль. І танней, і хутчэй, і бяспечней. І адмініць будзеш — лепш старайся тут. Сайт ужо ў сетцы, няхай індэксуецца. Але ж рэкламаваць пакуль няма чаго...
— У мяне паўтара дзясятка ролікаў ужо гатовых з тэкстоўкамі, — падзяліўся поспехам Віктар. — І даволі цікавыя.
— Малаток, не сядзеў, — пакруціў галавой у захапленні Алік. — Значыць, пойдзе ў цябе справа.
— Што б я без цябе рабіў, — шчыра прамовіў Віктар. — Наўрад ці што ў самога атрымалася. Прапаў бы мой заробак.
— Ну, усе мы адзін аднаму дапамагаем. Самі і вучымся, — адмахнуўся паблажліва Алік. — Некалі і ты мне дапаможаш.
— Я? Ты столькі ведаеш...
— А што ты? Вось раскруціцца сайт, стане папулярным. Вырасце ТІЦ за сотню, а PR — да чатырох-пяці — адна спасылка з галоўнай на месяц пацягне паўсотні баксаў, а скразняк — на паўтары. То ты па сяброўску, глядзіш, і размесціш спасылку на які мой рэсурс, га?
— Без праблем! — радасна паабяцаў Віктар, узбуджаны ад яшчэ і такой перспектывы.
Дома ён з нецярпеннем уключыў камп’ютар, хутка набраў адрас у браўзеры. Як прыгожа! Як хвацка! І гэта — яго сайт! Ах, як цягнула вось зараз жа пачаць працаваць, стварыць раздзелы-катэгорыі, заліць колькі ролікаў... Не, трэба пачакаць. Старт павінен быць выбуховым! Каб ніхто не змог перахапіць ідэю. Потым, потым ён зарэгіструецца на ўсіх гарадскіх форумах і сайтах, раскідае спасылкі на свой сайт. І яшчэ была рэкламная ідэя: самыя элементарныя аб’яўкі на слупах, на прыпынках аўтатранспарту, ля крамаў. Няхай і сарвуць потым, але ж будзе толк!
Не сядзелася без справы. Але ісці сёння ў лес на вышку Віктар не збіраўся. Са свайго балкона надта не паназіраеш — дзень, на будоўлі праца ідзе. Хіба на дах залезці? А што? І пазагарае заадно...
...Што падказала Віктару навесці тэлескоп на дзяцей у суседнім двары ў той момант — хто ведае. Хутчэй, прафесійная інтуіцыя. Звярнуў увагу на пясочніцу. Пяску там засталося мала, дзеці выграблі. Зрэшты, і дзяцей было мала, толькі двое малых займаліся нечым незразумелым. Віктар прыгледзіўся — і ахнуў.
Дзеці гулялі ў секс! На самай справе: дзяўчынка і хлопчык гадоў па чатыры-пяць імітавалі ў пясочніцы ўсе тыя рухі, якія могуць быць толькі пры адным занятку. Г эта было дзіка бачыць, але ўражвала іншае: міма праходзілі людзі, на лавачцы сядзелі жанчыны, мо і іх маці-бабулі... Віктар здагадаўся: дарослыя з-за высокіх борцікаў пясочніцы не бачаць «гульні» дзяцей. «А божачка», — цэлая гама пачуццяў сплялася ў душы ў адзін клубок. Тут і агіда, і смех, і адчай незразумелы...
Але ж недзе яны гэта бачылі! А што тут дзіўнага — у фільмах такіх сцэн хапае. Вось гэта выхаванне... Што ж, цудоўная назва: «Дарослыя гульні ў пясочніцы». Вось, яшчэ адзін раздзел атрымаўся: «Дзеці». Значыць, трэба шукаць яшчэ...
Хутка ад лаўкі адразу дзве жанчыны сарваліся з месца. «Секс у пясочніцы» закончыўся...
Гадзіны чатыры, аж пакуль не пачало шарэць, Віктар «паляваў» за дзецьмі. І недарэмна! Зняў дзяўчынак. Зусім яшчэ малыя, а забіліся за вугал будоўлі, паселі на будаўнічых блоках і курылі. А потым аднекуль з’явілася бутэлька віна. Сухога — тое Віктар разгледзеў пры вялікім павелічэнні.
Яшчэ адзін ролік: бойка хлопчыкаў гадоў па 10—12. І так жорстка... Хлопцы капіравалі бойку з тэлеэкранаў: імкнуліся біцца нагамі, пляжылі ляжачага...
Непрыемны халадок у жываце нагадаў Віктару пра тое, наколькі ён сам баіцца боек. Так склалася, што Віктар увогуле ніколі не біўся. Ад сваіх аднагодкаў, ад сяброў у двары ён знаходзіўся крыху ўбаку, імкнуўся з самага малога ўзросту пазбягаць канфліктаў. Калі адчуваў, што можа ўспыхнуць бойка, — уцякаў. Яго ніколі не білі ні маці, ні бацька. Калі казаць шчыра, то Віктар зведаў толькі адзін фізічны боль — зубны... Біўся ён хіба што на маніторы, у час гульні. Толькі там яго збівалі з ног, білі, нават і забівалі... Але ж там не баліць.
Читать дальше