Пакуль сціскаў я і расціскаў кулак, Поль, чакаючы, зноў прабег пальцамі па клавішах, паўтарыўшы мелодыю.
— Не крыўдуйце... Вы з густам музыкант, не абы-што ўкралі.
Можа, даць яму ўсё-ткі?.. Не біць — шчотачкай пад задніцу...
Ён відавочна правакаваў мяне, нахабства было ўжо дастаткова, каб болей не трываць, выставіць анёла за дзверы, толькі што з таго?.. Поль нібы адразу пастанавіў давесці, што я ні ў чым не пераважаю яго, нічым за яго не лепшы, сапернічаў са мной без прычыны саперніцтва, ці прычына была, але я не ведаў яе...
Я не стаў яму дзякаваць за камплімент.
— Выходзіць, ты падлавіў мяне і з тым прыйшоў? Каб я цябе паслухаў і на сцэну паставіў?.. Ты нармальны?
Поль зноў заўсміхаўся, ён, мусібыць, проста не мог, не ўмеў не ўсміхацца.
— А вы?
Давялося яшчэ раз стрываць.
— Думаю, што нармальны.
— Дык і я так пра сябе думаю... І бацька мой, які мяне Полам назваў, так пра сябе думае, і маці, якая перайначыла ў Поля... У краіне, дзе я Павэлкам, ну, няхай Павалам быць павінен, гэта нармальна?
Я падумаў пра Лі-Лі.
— Тут якраз нічога такога... Адзін мой знаёмы, зусім нармальны, доктар філасофіі, па-кітайску дачку назваў.
— Лі-Лі? — імпульсіўна спытаў Поль — і амаль няўлоўна, на імгненне прыкусіў губу ў куточку рота, пашкадаваўшы, відаць, што спытаў.
Ці не тут прычына?..
Гэтага я не чакаў, нешта торгнулася ўва мне, адразу згадаліся словы Лі-Лі: “А то я ці проста ляжу, ці стаю на карачках, соўгаюся...” — і мне не без намагання даўся выгляд, быццам я ніколькі не здзіўлены тым, што Поль ведае Лі-Лі. Але, каб не спытаць пра гэта нібыта абыякава, утрымацца я не здолеў:
— Вы знаёмыя?
Ды й трэба было спытаць, чаму не?..
Поль да знаёмства з Лі-Лі быў таксама ўжо нібы абыякавы.
— Знаёмыя. Спяваць спрабавалі разам... Лі-Лі спявае някепска, не чулі?..
Я не чуў. Не думаў нават, што Лі-Лі спявае. Калі не лічыць спевамі гукі, што вырываюцца з яе ў нябесных палётах. Так мало хто спявае. Ды ніхто так не спявае, апроч Лі-Лі.
Але ж не з некім.
Што гэта са мной?..
Лі-Лі і сама не хавалася, што ўсё ў яе да мяне было, хоць і без палётаў... Яно і не магло не быць, смешна думаць, і я адносіўся да гэтага спакойна, наогул я ніяк да гэтага не адносіўся... Толькі што з “прафесаршай...” Брыдотна, магло гэтага не быць, але, калі ўжо так выйшла... Я музыкант, мне мала адной песні...І раптам... толькі што... уявіўшы Лі-Лі з гэтым анёлам... Ды само сабой!.. непазбежна!.. такі прыгажунок з такой прыгажуняй!.. як яны маглі абмінуць адно адное, не пакаштавацца?.. Калі толькі ён сапраўды не з блакітных — па голасе зараз і распазнаем...
— Не чуў я, як Лі-Лі спявае, — стаў шукаць я ў стале... што-небудзь, каб рукі заняць. — Давай ты ўжо голас падай, калі з сабой прынёс.
— Прынёс, — дастаў Поль з кішэні касету. Я ўзяў яе, пакруціў у руках і кінуў на стол.
— Так не пойдзе... Нашто мне запіс слухаць, калі ты тут жыўцом?
Белы, як снежка, твар Поля паружавеў.
— Я не буду спяваць.
— Чаму?
— Не хачу...
Ды ў яго самыя звычайныя комплексы! Баіцца і, каб абараніцца, вырашыў нападаць... А я ўжо чорт ведае да чаго дадумаўся!
Сеўшы за раяль, я ўзяў некалькі акордаў той самай “злізанай” джагераўскай мелодыі. Але сваіх акордаў...
— Давай, давай гэтую скрадзеную, з якой ты вырастаў... Не заціскайся, нікога ж, апроч нас, няма...
— Ёсць!
Поль, ледзь не адбіўшы мне пальцы, ляснуў вечкам клавіятуры.
— Не буду я спяваць! Вы тупы, як калун! Нічога не зразумелі! Банальна ўскрыўдавалі! — кінуўся ён да дзвярэй. — Я ад пачатку не хацеў, каб вы ўва мне памыляліся! Бо я зусім не той, кім выглядаю!
Ён ужо выходзіў, але я паспеў яшчэ спытацца ўслед:
— А кім ты, думаеш, выглядаеш?
— Анёлам! Хіба не так?.. А ўва мне д’ябал жыве!
І ляснулі дзверы.
Каб насамрэч я што-небудзь зразумеў — дык забі мяне гром... Трэба будзе Марце пазваніць, ці нават спаткацца з ёй: што гэта такое?.. І на хрэн нам прысніліся такія незвычайныя?..
Касету я паслухаць не паспеў: пазваніў Росцік і сказаў, што чакае лазня.
IV.
Росцік калі і ўзяў піва, дык глыток на двух, а мог і зусім не ўзяць, скажа: “Мая лазня — тваё піва”, — і па дарозе я заскочыў у краму, дзе наткнуўся на пакамечанага і пакалашмачанага Алеся Крабіча, з якім былі мы некалі сааўтарамі і напісалі з тузін песень. У свой час, звязаны сем’ямі, праблемамі іх дагляду і пракорму, ва ўсім вольнаму Крабічу я нават зайздросціў. Да пачатку ўсялякіх там саюзных перабудоў і нацыянальных адраджэнняў Крабіч жыў сабе нармальным жыццём паэта, вершаваў, піў і гуляў, а потым даў нырца ў барацьбу — і дагэтуль з яе не выплывае, хоць піць не кінуў. Перапачывае ён ад барацьбы хіба толькі з перапою — і сёння, выглядала на тое, быў дзень адпачынку.
Читать дальше