— Сорак два.
— Як яму. А мне дваццаць...
Як Лі-Лі!.. Яму — як мне, а ёй — як Лі-Лі...
— Колькі?
— Дваццаць. Чаму вы так здзівіліся?..
Я не стаў казаць, чаму...
— Памыліўся гадоў на дзесяць... Па голасе вам каля трыццаці...
Яна і не падумала пакрыўдзіцца: у дваццаць гадоў на такое не крыўдуюць.
— Гэта ад цыгарэт, кідаць трэба... У вас ёсць цыгарэты?..
— Ёсць...
— Прасуньце адну ў адтуліну замка... Яна шырокая, ён вялікім ключом мяне замыкае... А ў мяне на ўсю ноч і паўпачака не засталося...
— На ўсю ноч?..
— Ён раніцай прыязджае...
Я прасунуў цыгарэту, якую яна выцягнула і спытала:
— Выйшла нешта накшталт сексу, праўда?..
Нічога не адказаўшы, я стаў прасоўваць цыгарэты адну за адной... Яна засмяялася:
— Ой, хопіць... Калі многа, дык непадобна... Сабе пакіньце...
— У мяне прыпаліць няма чым... Згубіў запальнічку...
— Пачакайце...
Чуваць было, як яна паднялася, прайшла на кухню, вярнулася — крокі яе былі лёгкія, лятучыя... У адтуліне замка закурыўся дым і паказаўся агеньчык цыгарэты. Я прыпаліў...
— Дзякуй...
— Вам дзякуй... — За дзвярыма дзінькнула шкло аб шкло. — А ў мяне выпіць ёсць. Хочаце?
— Хачу... Мне галава баліць...
— Зараз вып’ем...
— Не вып’ем... Праз дзверы выпіць не прыдумаем...
— Вып’ем, я ўжо прыдумала...
З адтуліны замка, пакурваючыся дымком, вытыркнуўся кончык пластмасавай трубачкі для кактэйля... Знаходлівая, я б да такога не дадумаўся.
— Што ў цябе там?..
— Смакчыце, не атрута...
— А раптам...
— Дык памрэце — і ўсё. Усё адно ж паміраць, сорак два ўжо...
Вясёлая... З такай атруты не атруты, а воцату смактанеш... Лі-Лі ў такім жарце сабе не адмовіла б...
Як адчуўшы нешта, яна зноў засмяялася:
— Вам што... няўжо страшна? Нашто вы мне мёртвы?..
— А жывы нашто?..
— Я люблю жывых... Піце, а то перадумаю. Гэта каньяк французскі...
Я смактануў французскага каньяку, каб яна, пакуль вагаюся, сапраўды не перадумала і не наліла айчыннага воцату.
— Як цябе зваць?
Нечакана яна пастражэла ў голасе.
— Мы ўжо на ты?..Чаму?..
Ранейшы зварот на ты яна прапусціла, нібы не заўважыла...
— Бо памыліўся... На дзесяць гадоў памыліўся...
Яна вырашыла не рабіць з гэтага праблемы.
— Лілія. Ліля.
Глянь ты, як блізка...
— А вас?..
Я паспрабаў угадаць:
-- Гэтак жа, як твайго мужа...
Не бачачы, я адчуў, як яна напружылася.
— І як зваць майго мужа?..
— Раман.
Толькі што западозрыўшы мяне, яна з палёгкай выпусціла струменьчык дыма ў адтуліну:
— Не Раман...
— А як?
— Якая розніца?..
Сапраўды, якая, калі не Раман... І добра, што не Раман... Не Раманчык.
— Ніякай. Добра, што не Раман...
— Вы, значыць, Раман?..
— Раман Канстанцінавіч...
— Бо вам сорок два...
— Бо мне сорак два...
— Што ж, вып’ем за знаёмства...
Яна высунула кончык трубачкі, з якой цягнуў я доўга — галаву ад каньяка адпускала.
— Ого...
— Што ого?..
— Паўшклянкі... Вы п’яніца?
— Я лабух.
— Хто?..
— Музыкант.
— Тады п’яніца... На чым вы граеце?..
— На ўсім...
— Так не бывае. На ўсім ніхто не грае...
— Я граю...
— А дзе вы граеце?..
— У рэстаране... Лабухі ў рэстаранах граюць.
Я падумаў, што зараз яна ўздыхне з жалем, пачуўшы пра рэстаран, і яна з жалем уздыхнула:
— Весела вам...
— Не.
— Чаму?
— Не ведаю...
— Бо вам сорак два?..
— Бо мне сорак два...
— І вы не Раман, а Раман Канстанцінавіч?..
— І я Раман Канстанцінавіч...
Мне здалося, што яна спрабуе зазірнуць у шчыліну замка... На лесвічнай пляцоўцы было амаль цёмна, лямпачка гарэла паверхам ніжэй.
— Хочаце, я вас Раманам буду называць?.. І на ты... У мяне муж, як ты...
— Называй... Ты ўжо называеш...
— І пытацца буду...
— Пытайся...
І нечакана яна спыталася:
.— Раман, а ў цябе раманы цяпер толькі праз дзверы?..
Я падумаў і сказаў:
— Маёй таксама дваццаць.
— А-а... — у другі раз працягнула яна з бабскімі ноткамі. — І ў цябе праблемы...
— Не ў гэтым...
— А ў чым?
— Шмат у чым, але не ў гэтым... Хочаш, гісторыю адну раскажу?
— Пра сваю?.. Якой таксама дваццаць?..
— Не.
— Тады хачу...
— Гісторыя доўгая...
-- Не даўжэйшая за ноч?
— Не даўжэйшая... Яна і была ўночы...
Гэта зацікавіла яе.
— Ну?..
— Дай яшчэ выпіць... І прыпаліць, у мяне патухла...
У адтуліну высунуўся кончык трубачкі, а за ёй, калі я выпіў, паказаўся агеньчык цыгарэты... Нешта ёсць у гэтым — праз дзверы.
— Гульня такая піянерская была, ваенная...
— Ваенная?...
— Я ж кажу: гульня... “Зарніца” называлася. Ты не застала?..
Читать дальше