Што ж, ашавурак Шыгуцкі сапраўды мог бы купіць хоць вядро тых нырак...
Алік стаіць на калідоры і, не ведаючы, куды падацца, торгаецца. “Пайшлі, — прапаную я, — пашпацыруем па шпіталі...”
— Я трубкі яму перагрызу, — грозіцца Алік. — Дальбог, уночы ўстану і перагрызу.
Я ўспамінаю пра вяроўку, перагрызеную Максімам. Кожны чалавек і кожны сабака, маючы зубы, можа нешта перагрызці. Уся штука ў тым, што і для чаго...
Ныркі ныркамі і нефрыт нефрытам, Адам Захаравіч дастае Аліка яшчэ і Зіначкай. “Куды табе, вёска, у такі гарадок!..” А Зіначка дастае мяне ўколамі. Не ўсё ў мяне весела з раманчыкам, калі так пораць.
Коле Зіначка кожны раз па-рознаму, і па тым, баліць ці не баліць, можна вызначыць, як яна ў кожны момант да мяне адносіцца. Няроўненькая натура... Але гэта выдае ў ёй страсць, ці ва ўсякім разе тэмперамент, таму я думаю пра лепшае і трываю.
— Да вас яшчэ адна фіфачка, — зноў балюча ўкалоўшы, кажа Зіначка. — Яе ўнізе не пускаюць, позна ўжо.
Калі б унізе чакала Лі-Лі, яна была б не яшчэ адной фіфачкай, а фіфачкай той самай... Тады хто?.. З кім бы я зараз заасцярогся сустракацца, дык гэта з Зояй: шкада раманчыка. І я пытаюся:
— Якая яна з сябе?
— На тую самую падобная, — як я і чакаў, надзімае губкі Зіначка. — Толькі меншая. Заўтра карліца прыдзе?
Не, дальбог, у нас ужо адносіны...
— Скажыце ёй, што не ўстаю, — прашу я Зіначку, і ў яе адразу робяцца губкі як губкі.
Але з чаго ў нас адносіны?.. Я пальцам пад іх не зварухнуў, не тое што раманчыкам... Ці ў Зіначкі адносіны з усімі, каго яна коле? Можа быць і такое, маленькія — яны заядлыя. Толькі не падобна: гэтыя надзьмутыя губкі... З-за Лі-Лі ў нас адносіны, вось з чаго. Гэта, блізкае да рэўнасці, саперніцтва маленькай, але ўдаленькай, з той, якая несправядліва ў выйграшы. Неўсвядомленая спроба хоць нейкім чынам перадзяліць тое, што Бог няроўна падзяліў. На ўзроўні гульні, канечне, бо не надта Бог і пакрыўдзіў, але ж з гульні ўсё і пачынаецца...
-- Зіначка, раскажыце пра сябе... Вунь і Аліку з Адамам Захаравічам цікава... Мы ўсе трошкі закаханыя ў вас.
— Трошкі? — толькі ў мяне пытаецца Зіначка.
— Ну, як хто...
Зіначка думае.
— Што расказваць?.. Я медыцынскае вучылішча скончыла...
— На двойкі?.. — пытае Адам Захаравіч, і Зіначка, падазрона глянуўшы на ўсіх, зноў надзімае губкі і рашуча ідзе да дзвярэй. — Ды ну вас!..
І правільна.
— Пстрычка, — кажа Адам Захаравіч, і Алік выходзіць следам за Зіначкай. Нявыгадна ён маладзейшы за яе, гады на тры. І не ў піянерскім лагеры ўсё адбываецца, што істотна.
Чаго да мяне Зоя прыходзіла?..
— Адам Захаравіч, вы ў лагеры піянерскім былі?
— Я не ў піянерскім быў.
— А ў якім?
— У сібірскім.
Мяне гэта здзіўляе.
— Вы сядзелі?
— Як гэта сядзеў? Я камуніст з дваццаці гадоў. Там і ўступіў у партыю.
— Дзе?
— У лагеры.
Я не магу састыкаваць адно з другім.
— Камуністы ж таксама сядзелі...
— А я стаяў!.. Камуністы не сядзелі, ашавуркі сядзелі ўсялякія!.. Служыў я ва ўнутраных войсках. Дубасіў гэтых ашавуркаў, але не дадубасіў.
Вунь яно што... Біяграфія ў чалавека...
— Наце, — вяртаецца Зіначка і падае складзеную паперчыну. — Я не чытала.
Значыць, чытала...
“Раман, Лі-Лі не сказала вам, каб не хваляваць, але я думаю, што гэта важна, вы павінны ведаць, быць гатовым. На кватэру да вас сёння з міліцыі прыходзілі, пыталіся, дзе вы? У нечым вас падазраюць, мне так здалося.
Медсястра кажа (харошанькая), што вы не ўстаеце... Вам гэтак кепска? Я перажываю за вас.
Лі-Лі яшчэ дзіця, можаце ва ўсім на мяне разлічваць. Зоя”.
Што ж гэта выходзіць — яны цяпер і жывуць у мяне ўдзвюх?.. Тады чаму да тэлефона ніхто не падыходзіць?..
— Перадаць што-небудзь? — пытаецца Зіначка. — Дама ваша чакае.
Ужо не фіфачка, а дама... Пра Зіначку, што яна харошанькая, Зоя для Зіначкі і напісала... Дзіця ты ў параўнанні з ёй, Зіначка, як і Лі-Лі.
— Дзякуй, не трэба... Скажыце, што сплю.
Для Зіначкі гэта ў маленькую радасць... Вось яна зараз скажа Зоі, што я сплю, а будзе ведаць, што не сплю... Змова, далучэнне...
Пра міліцыю я, падумаўшы, вырашыў, што гэта праз Крабіча. Шыгуцкі, як і гразіўся, даў каманду ім заняцца — і з міліцыі прыйшлі вызнаць, што і як... Значыць, да ўсіх праблем яшчэ і гэтая.
Засынаючы, я нічога не баяўся, апроч сну пра блізнятак... Сон, дзякуй Богу, не паўтарыўся, але, пакуль я спаў, памёр Адам Захаравіч. Алік не перагрызаў яму трубкі, не сталася нічога са штучнай ныркай — спынілася сэрца. Недзе а шостай раніцы Зіначка прыйшла калоць, а ён не прачынаецца. Скончылася біяграфія...
Читать дальше