Шыгуцкі сеў насупраць Панка, я — насупраць Фелікса.
Памаўчалі...
— Гаварыце, — павярнуўшыся да мяне, сказаў нарэшце Шыгуцкі. У гэтых калідорах і ён прыцішыўся...
Пра што гаварыць?
— Як ты, Фелікс?..
— Нармальна. Як у турме.
— Затрыманы патрабуе сустрэчы з консулам, — сказаў Панок Шыгуцкаму. Той паківаўся на зэдлі:
— Кіньце... З якім консулам? Амерыканскім?.. Рускім?.. Вас затрымалі з падробным пашпартам на імя грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Смірнова Івана Васільевіча. А ў амерыканскім пашпарце вы Фелікс Рачніцкі, дык хто вы?..
— А вы? — спытаў Фелікс.
Шыгуцкі ўскінуў руку: маўляў, вінаваты... І пасведчанне дастаў:
— Памочнік дзяржсакратара Шыгуцкі Барыс Сцяпанавіч. Пасведчанне не падробленае.
— Але і не сапраўднае, — нахіліўся Фелікс, чытаючы пасведчанне. — Няма ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніякага дзяржсакратара, так што і памочніка ніякага быць не можа.
Я не чытаў Канстытуцыю, хто ў нас яе, апроч амерыканцаў, чытае — і Шыгуцкі не чытаў.
— Як няма?.. — сам зазірнуў ён у сваё пасведчанне, нібы там прапісаны артыкул Канстытуцыі...
— І ў вас статус недалучанай краіны, і вы падпісалі канвенцыю па нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння, — не даў яму апамятацца Фелікс, — і на статус з канвенцыяй, як і на Канстытуцыю, можна, канечне, напляваць, і з амерыканцамі дамовіцца можна, але рускія, як толькі дазнаюцца, што і каму вы прадаць надумалі, вас так прышчэмяць, што не знойдзеце, у які бок бегчы — хоць бы і з грашыма! Бо гэта іх грошы — чхаць ім на ўсё астатняе!.. Вы разумееце, чаго такая гульня каштаваць можа?
Ніхто не чакаў, што Фелікс адразу нападаць пачне, а не бараніцца... Шыгуцкі настолькі разгубіўся, што спытаў:
— Чаго?..
— Галавы! І не адной вашай.
— Пакуль што пра вашу размова, — кіўнуў на крымінальныя справы Панок, і Шыгуцкі сабраўся.
— Пра адну, але пра вашу... Усё мы, Фелікс Андрэевіч, разумеем. Таму і хочам праз вас з амерыканцамі дамовіцца, каб рускія не дазналіся... Уяўляеце, колькі гэта каштаваць можа?
Ён купляў Фелікса. Пры мне, пры Панку... І як гэта рускія не дазнаюцца?..
Фелікс пакруціў галавой: не.
— Сапраўды не ўяўляеце?.. — перапытаў Шыгуцкі, і Фелікс сказаў:
— Гэта вы не ўяўляеце, што прапаноўваеце.
Відаць было, што гаварыць з ім далей — без толку. Панок хрумснуў пальцамі — як стрэліў у пустым пакоі:
— Ёсць іншы варыянт. Фелікс Андрэевіч не едзе ні ў якую Амерыку, застаецца дома і бярэ лабараторыю Рутнянскага. Працуе там, дзе некалі пачынаў. Тады першы варыянт, канечне, адпадае...
Шыгуцкі нават не задумаўся над тым, что пачуў, вылупіўся на Панка:
— А на хрэна, калі адпадае?..
Панок прамаўчаў. Фелікс адказаў, як здалося, за яго:
— Калі ў вас дзяржаўны клопат, дык лабараторыя Рутнянскага, можа, найлепшае, што ёсць у дзяржаве.
Шыгуцкі, які ўсё круціў пасведчанне ў руках, сунуў яго ў кішэнь.
— Спачатку вырашаем з першым, пасля з другім.
— Першае яшчэ ў Германіі адпала. Я тлумачыў вашым людзям, што канчаткова. А што да лабараторыі...
— Там у вас выбар быў! — не даслухаў Шыгуцкі. — А тут няма. Ці дамаўляцца, ці сядзець.
— Таксама выбар, — паглядзеў на мяне Фелікс, і Шыгуцкі ўспомніў, для чаго я тут.
— Не аднаму сядзець, сябра пацягнеце! І ён праз вас сядзе!
Фелікс апусціў галаву, пацёр скроні:
— Ва ўсіх свой выбар...
— Дык і выбірайце! — пальцам ткнуў Шыгуцкі ў бланк, прышчэплены да крымінальный справы, і Фелікс скінуў рукі на стол:
— Ды што ж ён за мной па ўсім жыцці, як ліст за вагонам!..
У жыцці ягоным, відаць, быў свой Мікалай Іванавіч. Чалавек без прозвішча. Быў, не мог не быць...
— Хто?.. — не зразумеў Шыгуцкі, а Панок адшчапіў бланк:
— Прыляпіўся.
Фелікс выпрастаўся.
— Гэтага я не падпішу. Падпісаўшы такое, нельга жыць. — Ён павярнуўся да Панка: — Як жа так?..
— Нам патрэбныя гарантыі, — адшчапіў другі бланк Панок. — Як інакш?..
— А калі я застаюся?..
— Усё адно... Зараз у вас адна сітуацыя, пасля іншая... Подпіс ні да чаго не абавязвае, нічога і на ўвазе не маецца, апроч гарантый.
— І шантажу... Я вучоны, а не шпён. У мяне імя... Вам гэта, можа, і ўсё адно, а мне не.
Панок паклаў адзін бланк перад Феліксам, другі перада мной:
— І ў Рамана Канстанцінавіча імя. Яшчэ якое... Вы думаеце, мала ў нас імёнаў?
Фелікс грэбліва, пазногцямі адкінуў, адмахнуў свой бланк — той узляцеў і лёг на мой.
Хоць ты складзі з яго самалёцік.
— Ты зрабіў тое, пра што дамаўляліся?.. — дастаў насатку і выцер рукі Фелікс. Ён глядзеў на мяне наўпрост, Панок і Шыгуцкі з бакоў...
Читать дальше