— А што з Эндзі? Дзе ён?
— Недзе тут, — сказаў Джэк.
— А Джыні?
— Па-ранейшаму ў старой хаце Мак-Нэйраў.
Рой падняў шапку, і сонца асляпіла яго.
— Ты яе яшчэ не бачыў? — спытаў Джэк.
Рой пакруціў галавой.
— Яшчэ не, — сказаў ён. — А Эндзі з ёй?
Джэк паціснуў плячыма.
— Магчыма, — сказаў ён.
На імгненне Рою здалося, што Джэк мог бы сказаць больш, але той змоўк і неяк неахвотна ўсміхнуўся. Сабака зноў пачаў лашчыцца да Роя. Той механічна церабіў яго галаву, морду, шыю. Сабака быў, відаць, ручны і заскуголіў, калі рука Роя перастала гладзіць яго.
— Джэк, — вінаватым тонам сказаў Рой, успомніўшы, нарэшце, нешта важнае. — Я схаваў у тваім хляве пушніну.
Джэк кіўнуў.
— Я бачыў.
— Я яе забяру адтуль. Мо сёння вечарам.
— Калі захочаш, — сказаў Джэк.
— Не, сёння вечарам, — сказаў Рой.
— Ладна, — сказаў Джэк. — Мо пераначуеш у нас?
Рой кіўнуў.
— А як твая ферма? — спытаў ён.
— Становіцца падобнай на ферму, — сказаў Джэк.
— А сям'я?
— Нармальна, Рой. На будучы год адкрываем сярэднюю школу ў Марлоў. Учора гаварыў з адміністрацыяй.
— Марлоў? Гэта ж за дзесяць міль, — сказаў Рой. — Які сэнс для нас?
— Дзесяць міль? — Джэк паціснуў плячыма. — Арганізуем аўтобус.
— Фермер Джэк! — сказаў Рой, і гэтыя словы прабіліся ў яго пацяжэлую галаву. Яму захацелася падчапіць Джэка, пажартаваць наконт схаванай пушніны, наконт горада, наконт дарогі, наконт школы. Джэк быў тут і чакаў гэтага, амаль маліў Роя не адасабляцца. Дзіўнае гэта было маўчанне, але неўзабаве яно перарасло ў пераможную перадышку, бо менавіта гэтае маўчанне вярнула Рою пэўнасць, ад якой яму не было дзе схавацца. Гэта была пэўнасць Джэка, які ніколі не здаецца. Джэка і яго фермы, Джэка і яго школы — сярэдняй школы! Іменна тое, як Джэк сцвярджаў свае правы, уратавала Роя ў гэты вырашальны, апошні момант. Зараз ён не мог уцячы ад самога сябе.
— Добра, — прамовіў Рой і ўстаў. — Мне трэба ісці, Джэк.
Джэк ведаў, куды ідзе Рой, і ведаў, што яго чакае, але ён мог толькі сказаць:
— Бадай, трэба, Рой.
— Тады бывай, — сказаў Рой і пайшоў прэч не сваёй звыклай паходкай, а крыху хістаючыся, нібыта Блэк-энд-Блю яшчэ туманіла яму галаву. Джэк назіраў, як ён перайшоў дарогу і нацянькі пайшоў да старой хаты Мак-Нэйраў.
Падмытыя платы са снегу паваліліся, вераб'і адчайна мітусіліся ў гразі сярод скал і ў раскіслым тарфяніку. У лесе было шмат сініх соек, а ў кустах скакалі сініцы. На поле выйшлі людзі з канавакапальнікамі і плугамі, і ўжо блізка ад старой хаты Мак-Нэйраў Рой спыніўся, каб паназіраць за адным з работнікаў. Гэта быў Білі Эдвардс, ён кіраваў сваім канём. Рой здагадаўся, што ён трымае курс на далёкае поле, ці то ачышчаць, ці то прайсці карчавальнікам, ці то вывезці карчы. У яго не было нядобрых адносін да Білі Эдвардса, ён не мог дрэнна адносіцца ні да кога, хто ўзяўся б адрадзіць гэтую ферму, але ў ім расла сляпая незадаволенасць адзіным цагляным будынкам у Сент-Элене, які зараз валодаў ёй. Што патрэбна банку ад фермы? Што наогул хоча банк ад чалавека?
Усё больш заводзячы сябе, ён ішоў па раллі, каб было бачна, што яму напляваць на банк; выклік быў і ў тым, як шумна пачысціў ён ногі аб жалязяку і рэзка штурхануў нагой дзверы ў кухню. Пасля гэта з яго зляцела, і ён увайшоў у хату вельмі асцярожна.
Ён спадзяваўся ўбачыць Джыні на кухні. Але яе не было там.
— Місіс Эндрус! — сказаў Рой, каб заявіць аб сваёй прысутнасці.
Адказу не было. Рой агледзеўся. На кухні быў беспарадак, які з'яўляецца адзнакай жанчын, не прывыклых прыбіраць пасля сябе. На стале стаяла вядзерца з попелам, відаць, каб пасыпаць сцежку. Рой зняў яго, пасля склаў параскіданыя дровы ля печы. Затым сеў на куфар ля акна і пачаў чакаць. Спачатку ён падумаў, што трэба, відаць, пайсці, але занадта шмат намаганняў запатрабавала дарога сюды, і ён сцішыўся, залезшы з нагамі на куфар.
Усёй істотай Рой адчуваў, што сапраўды паляўнічы вярнуўся дамоў, і гэта пацягнула яго на сон, такі патрэбны яму зараз. Ужо цямнела, а ён усё спаў. Яго разбудзіў гучны крык.
— Рой! — пачуў ён. — Рой! — гэта было падобна на рыканне.
Упершыню за ўсё жыццё ў Роя пахаладзела ўсё нутро ад непераадоленага страху; Рой адчуў яго жалезны поціск: у роце з'явіўся непрыемны смак, губы высахлі і галаву нібыта сціснулі абцугамі. На імгненне ён увесь зледзянеў, але адразу ж усхапіўся і выпрастаўся, гатовы атрасці сонны кашмар.
— Рой!
Ля дзвярэй Эндрус — не чалавек, а гара.
Читать дальше