— Я вярнуўся нядаўна, — сказаў ён.
— Ну што ж, якраз своечасова, — сказаў Скоці, стройны і чысценькі, у гарадскім пінжаку і свежаадпрасаваных габардзінавых штанах. — Нас усіх склікае інспектар.
— Каго склікае? — спытаў Рой і, нарэшце, устаў.
— Усю кампанію, — патлумачыў Самсон. Ён таксама прыбраўся, барада і валасы былі падпраўлены, і ён стаяў выпрастаны на ўвесь свой вялізны рост, і яго чырванашчокі здаровы твар ажно свяціўся. — Гэты інспектар рыхтуе нам нейкую брыдоту.
— Прыяцель-інспектар! — сказаў Рой і насупіўся. — Не хачу бачыць інспектара! Прыяцеля-інспектара! — крычаў ён. — Прыяцель-інспектар!
— Пайшлі, Рой. Калі ты не прыйдзеш, ён можа нешта западозрыць.
— Што ён хоча? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — сказаў Скоці, — ён выклікаў сёння ўсіх трапераў Муск-о-гі. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсці самому і паглядзець. Які сэнс хавацца?
Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасці, нейкаму завяршэнню.
— Дзе мая шапка? — сказаў ён. — Дзе яна, Самсон?
Самсон знайшоў яе ў бары і нацягнуў Рою на галаву. Ішлі моўчкі. Рою не было што гаварыць, Скоці быў надта засмучаны выглядам Роя і яго бедамі. Час ад часу Самсон пазіраў на Скоці, круціў галавой і некалькі разоў падтрымліваў Роя, калі той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы інспектара, Рой спыніўся ля снежнай гурбы і пацёр мокрым снегам твар і рэдкія валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысціў з каленяў гразь, але, калі яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзілі да канторы, выгляд у яго быў дрэнны.
У маленькай канторы інспектара ўжо сабраліся іншыя дзесяць трапераў Муск-о-гі. Са з'яўленнем Роя, Скоці і Самсона ў зборы былі ўсе трынаццаць. Тут былі людзі, якіх Рой не бачыў па пяць-шэсць гадоў, хоць яны лавілі ў Муск-о-гі амаль побач. Усе даўнія сябры, якія віталі адзін аднаго грубаватымі жартамі сапраўдных лесавікоў.
— Хэло, Рой, — казалі яны. — Вось ён, граза каліфарнійскіх баброў, наш Рой Мак-Нэйр!
Ніхто не высмейваў ягонага пакамечанага выгляду, і некаторыя не глядзелі на яго: яны ўжо ведалі пра Сэма. Яны ведалі пра яго больш, чым сам Рой. Рой яшчэ ні з кім не гаварыў пра дэзерцірства брата, і ніхто з іх не пачынаў гэтай гаворкі; ніхто не хацеў быць надакучлівым. «Ну як, яшчэ не злавіў ён цябе, Рой?», — звыкла гаварылі яны, ведаючы, што Рой любіць, калі яму нагадваюць пра паядынак з інспектарам.
Рой адказваў усім, але ў яго жартах не было запалу, і ён быў задаволены, калі яго пакінулі ў спакоі ў кутку побач з Індзейцам Бобам.
— У цябе ўсё нармальна, Рой? — спытаў індзеец.
Рой кіўнуў.
— Нармальна, Боб, — сказаў ён. — Як у бабра на плаціне!
Больш яны не размаўлялі, чакаючы з'яўлення інспектара.
Разам з грузнай фігурай інспектара ў пакоі з'явіўся яшчэ адзін камлюкаваты мужчына. Гэта быў Бэрк — той заолаг, які быў у Роя на пачатку зімы. Рой устрывожыўся, гэта была не проста ўлада. Прысутнасць Бэрка азначала ўварванне высокай навукі, абяцала рашучыя меры.
— Пакуль пачаць пра справу, — сказаў інспектар, уважліва, амаль з асуджэннем пазіраючы ў іхнія твары, — я хачу сказаць вам вось пра што. Перад самымі Калядамі нехта з вас распачаў паляванне ў заказніку Срэбных Даляраў. Я гэта ведаю таму, бо быў там, і я ведаю, што гэта нехта з вас, бо ледзь не злавіў вінаватага. — Ён памаўчаў, даючы магчымасць задумацца над яго словамі, гатовы з неверагодным пры яго паўнаце спрытам схапіць вінаватага. — Аднаго з браканьераў мы злавілі, таго, за кім сачылі. Гэта Джэк Сэнбі з Шасці Рэк. Ён паляваў у заказніку, як у сябе дома. Але ў пагоні за ім мы напароліся яшчэ на цэлую кампанію. Іх было два ці тры чалавекі, і мне здаецца, што сярод іх Мэрэй і Сен-Клэр. Хто быў трэці — я яшчэ не ведаю. Толькі ведаю, што ён уцёк у Муск-о-гі з вялікай ношай незаконнай пушніны. Дык вось, калі я знайду гэтую пушніну ў некага з прысутных, абяцаю, што даб'юся для яго суровага турэмнага зняволення. Мне вельмі не хочацца, каб хто-небудзь з вас, сябры, трапіў у бяду, асабліва зараз. Але калі я злаўлю яго, не будзе ніякага патурання і ніякага апраўдання. Узяць скурку-другую звыш нормы — гэта адно, але рабаваць заказнік — гэта ўжо недаравальна. Таму, хто б гэта ні быў, няхай асцерагаецца. Закон не дрэмле!
Рой не зводзіў вачэй з інспектара. У мёртвай цішыні, якая наступіла пасля гэтай заявы, ён чакаў погляду-асуджэння. Чакаў і гатовы быў сустрэць не міргаючы, хоць вочы і былі чырвоныя, балелі. Але для інспектара Рой нібыта і не існаваў, ён ні разу нават не зірнуў у яго бок. Аднак Рой ведаў, што ўвесь гэты маналог быў адкрытым папярэджаннем яму. Інспектар ведаў, каго ён даганяў. Без слоў ён казаў Рою: «Я ведаю, што гэта ты, і я ледзь не злавіў цябе. Выкрываць цябе я не хачу, але не рабі нічога, што прымусіць мяне зрабіць гэта. Калі пушніна дзе-небудзь у цябе схавана, хай там і застаецца. Зараз я мог бы накласці на цябе руку, Рой, але я не хачу. Таму сцеражыся. Я цябе адпускаю!» Са шкадаваннем ці спачуваннем, але інспектар, нарэшце, адолеў яго, паклаў на абедзве лапаткі, а пасля сам падняў. Горшага і прыдумаць нельга: гэта была не дапамога, гэта было поўнае паражэнне.
Читать дальше