— Дык вось i дамовiлiся. А я буду тут вушы й вочы адчыненымi дзiржаць. Калi пачнецца почта, прыйдуць якiя газэты, ясьней усё будзiць. А тымчасам, кажу яшчо раз: асьцярожна. Асаблiва трэба глядзець што паляч'ё вырабляiць.
Антось устаў.
— Але-ж я, братка, i заседзiўся. Трэба, мусiць, пад дом мне. Дзякуй за ўгашчэньне.
— А вось, яшчо адно. Забыўся ў цябе спытацца: дзе-ж Лявон Шпунт падзеўся?
— Я яго ня вiдзiў ад часу калi вярнуўся. Ты-ж чуў, што са мной было?
— Нi саўсiм. Ты лепi пасядзi, раскажы. Чорт яе ня возьмiць, работу гэту. Усяроўна забяруць дабро, чэрцi нямытыя. А мне аднаму й так даволi.
Антось зноў прысеў, прыглядаўся спрацаваным шорсткiм рукам Кастусёвым, а думкi ягоныя вярнулiся да таго мамэнту, калi апынуўся ў Бярэзьвiчах. Паволi расказаў сябру прыгоды ў няволi. Час ад часу Падгайскi ўкiдваў трапнае пытаньне. Пры гэткай гутарцы прасядзелi яшчэ добры кавалак часу. Задуманы аграном раптам устаў.
— Знаеш што, Антось, браток, усё гэта надзвычайна цiкава, але ўжо вiдзiш, сонца на захад хiлiцца. А тутака ў нас пасьля захаду сонца хадзiцьь няможна. Прыстрэлiць могуць. Дык, братка, нi выганяю, але…
— Чаму-ж я пра гэта нi падумаў? — схапiўся Антось. — Добра, ужо йду.
— Хвiлiнку, от што: пастарайся, братка, шапнi там на вуха аднаму цi другому ў сваёй вёсцы, каб муку, збожжа, яйкi, скаромiну дзе схавалi. Гэта нямчура, знаеш, налёты робiць. Паедуць дзе на вёску, пазьбiраюць каляскi, нарабуюць, колькi змогуць, i сабе цягнуць. Гэтак нi раз было ўжо. Дык от скажы гэта людзям, будзь добры. Ну табе ўжо пара.
Кастусь выцягнуў на разьвiтаньне руку.
— Дзякую за перасьцярогу й за гасьцiну. Бывай, — разьвiтаўся Антось.
Крокаў пяць ззаду за бацькам, Янук намагаўся роўна прыцiскаць касой, трымаць рытм i раўняцца на бацькаў пракос. Касiць даводзiлася й раней, але нiколi, здавалася, ня йшло на вытрымку з суседзямi. Гэтай нялёгкай для юнака працы не памагала няпэўнасьць. Накш касiлася на сваiм собскiм, а зусiм што iншае калi няведама на чыiм.
Пераз плячо Пракоп Бахмач аглядаўся на сына, падахвочваў яго. Ня першы раз гнаў Янук пракос усьлед бацьку i ўмеў ўжо ўгадваць яго па рухах, асаблiва па тым, як трымаў Пракоп галаву, навет па касмылi валасоў, што коскай зьвiсалi над вухам. Бацька касiў заядла, з напорам. I вось неўзабаве, — ведаў гэта Янук, — на плячох, мiж лапатак, празь сiня-бледную кужэльную бацькаву кашулю пакажацца пляма. Спачатку авальнае хвормы, яна пачнець шырэць i распаўзацца. Гэта пот. Пасьля плямы з поту з падпахаў спалучацца з гэта з плеч i ўжо зусiм спацелую кашулю ськiне пасьля бацька на траву, адсапнецца, выцершы рукой лоб i бровы ды далей насядзе. I скажа: Дзякуй Богу за пагоду. Трэба насядаць, каб у добрую пару…
Янукова каса роўна ўядалася ў густую траву вялiкага лiпавiцкага лугу. А воддаль, направа йшлi iншыя касцы зь Лiтоўцаў: Тодар Кмiт, Уладзiмер Пятух, Якубаў Васiль, Брунiська й найблiжэй да iх Антось Дзяркач. Там, пэўне-ж, неўзабаве яшчэ iншыя падскочуць. Хто першы ступiў на гэты луг? Брунiська, кажуць. Тут-жа яму адно перазь мяжу. Нi зь кiм не параiўшыся, прыбег на калiшнi панскi, а пасьля саўгасны луг раней за ўсiх. Пачуўшы, наважылiся й iншыя, ды ўжо дружней высыпалi на сакавiтую сенажаць. Пакуль там новая ўлада дабярэцца дык сена ў гумнах апынецца. Людзi з суседнiх вёсак касiлi на iншых калiшнiх панскiх лугах.
Саўгасныя працаўнiкi, каторыя жылi тут i якiм ня было куды йсьцi, прыглядалiся, што адбывалася, а некаторыя для сябе касiлi. Нямецкiя ваенныя ўлады забралi шмат жывёлы, зрабавалi рознага дабра. Навет пастух Хвядос, ня маючы чаго пасьвiць, трымаўся дзесьцi наседжанага кута i ўжо ня вiтала ўсходу сонца ягоная бяроставая труба. Тымчасам ня было яшчэ нямецкага загаду адносна гаспадаркi зямель.
Чырвонае сонца выкацiлася з-за грэбня балотных зарасьнiкаў на ўсходзе, весела закукавалi ў Гаравацкай пушчы зязюлькi ды старэчым буйным чубам прыглядаўся ваколiцы, ледзь шэпчачы лiсьцямi, на Гараватцы гiгант Архiп.
— Дзякуй Богу за залаты дзянёк, добра во падсушыць, — памяркоўна, з задавальненьнем сказаў Пракоп, уторкнуўшы ў зямлю касавiла. Ён дбайлiва, жменяй скошанай травы выцер лязо ды выцягнуў зь кiшэнi зьлiзаны па канцах брусок. — Павайстры, сынок. Маладзец ты, роўна пракос дзяржыш.
Падахвочаны юнак паставiў касу. Ягоны брусок — маленькi язычок трывожыў яго. Трэба надта высьцерагацца, каб, замахнуўшыся iм, не чарахнуць рукой па вастрыю касы. Бацька ўчора яе добра выкляпаў, а сакавiтая раса й роўны луг як нельга лепш аблягчалi працу. Бахмачы пачалi зь вялiкiм размахам косамi ўядацца ў траву. Раса сьвяжыла босыя ногi, што пакiдалi на скошаным роўныя сьляды. Зоркамi сьвяцiлiся маленькiя кроплi на сьцяблiнках, а пах сьвежа кошанае травы казытаў ноздры носу.
Читать дальше