Пасля вяселля дачка часова пераехала да маладога, і ў трохпакаёўцы зусім апусцела. Мікола Пятровіч толькі радаваўся гэтаму. Пра размен — кватэру збіраліся разменьваць — ён адразу сказаў: мяне не чапайце. Яго і не чапалі. Зяць, наадварот, яшчэ дзякаваў яму за давер і хваліўся сваімі сувязямі з нейкімі разменнымі фірмамі.
Калі раніцаю, нашча, чысты, апрануўшы свежую кашулю ці белую тэніску, Мікола Пятровіч сядаў за пісьмовы стол, нібы нешта таксама светлае і чыстае сыходзіла на душу. Бадай, упершыню ў жыцці ён зведаў, што такое натхненне. Нарэшце скончыў рукапіс, набраў на камп’ютары, ізноў падзівіўся, да чаго ж разумная, прыемная тэхніка. Усё гэта было неяк нова, нязвыкла, лёгка і эстэтычна.
Дачка на працы раздрукавала тэкст. Перад тым, як несці яго ў рэдакцыю, Міколу Пятровічу раптам прыйшла ў галаву блазнаватая думка: узяць усе свае слоўнікі і выкасаваць у іх тры словы: чытач, крытык, ганарар. І да канца жыцця не карыстацца імі, забыць пра іх існаванне.
Але астыў, адхрысціўся. Пры чым тут словы. Калі на тое пайшло, дык вінаваты «стан рэчаў», ці як хочаш называй — «першародны грэх», ці той факт, што ніколі, ні пры якіх абставінах адзін чалавек не зразумее цалкам другога. Ты самотным прыходзіш у гэты свет — і самотным павінен яго пакінуць.
«Паважаная Рэдакцыя! Вось, пасля доўгіх пакутных ваганняў і бяссонных роздумаў наважылася…»
Шаноўныя. Дарагія. Лепш бы вы паважалі не рэдакцыю, а нас, рэдактараў, і дасылалі тэксты, набраныя на камп’ютары. Цяпер жа гэта не праблема — не цяжэй, чым некалі знайсці машыністку. Хіба ў нас вочы казённыя, або запасная пара іх ляжыць у футарале?
«…38 гадоў. Адна выхоўваю дваіх дзяцей: дарослы сын Юрый… Цяпер на руках пяцігадовая Галінка. Хочацца даказаць, што не толькі ў Амерыцы, але і ў нас у Беларусімаці-адзіночка можа рэалізаваць свае літаратурныя магчымасці. Працую дыспечарам пуці на невялікай станцыі-раз’ездзе, у вельмі маляўнічым месцы сярод сасновагабору… Праца — суткі праз двое… вольны час… многа чытаю — асабліва доўгімі зімовымі і нуднымі восеньскімі вечарамі. Вырашыла паспрабаваць і сваё пяро… Повесьцьамаль біяграфічная, пра самае дарагое, што было, ёсць і будзе ў жыцці кожнага чалавека на Зямлі — першае і (як высветліцца пазней) апошняе сапраўднае каханне… Амаль няма выдумкі… адбывалася з маёй гераіняй Ганнай-Ганулькай… перажыта… прапушчана праз сэрца… З нецярпеннем… хваляваннем… прысуду…
З бясконцай… Людміла Аляксееўна.
Р. S.Назвы прыдумаць не змагла — сказваецца яшчэ літаратурная нявопытнасць. «Палёт белага матылька»? «Белага лета крыло»? Цягне на штосьці летняе, летуценнае. А ўвогуле цалкам давяраю густу Паважанай Рэдакцыі».
Дзякую. І — можна шчырасцю на шчырасць?
Пахвальна, што Вы нарадзілі і выхоўваеце дваіх дзяцей, што Вас не засмактала жыццёвая багна, у душы захавалася прага самарэалізацыі і ўсё такое. Але дазвольце спытаць: што перашкаджае Вам самарэалізоўвацца непасрэдна па сваёй дыспечарска-чыгуначнай лініі? У якой Вы напэўна разбіраецеся не горш, чым у літаратуры? Можна ж вучыцца завочна, тым больш часу хапае…
Зрэшты, чытанне маралі не мой абавязак. Мой — усяго толькі азнаёміцца з рукапісам і выказаць заўвагі. Далібог, не ментарства, Людміла Аляксееўна, ва мне гаворыць, а, калі хочаце, сімпатыя да Вас, жаданне падаслаць Вам саломкі, каб не надта балючым было падзенне. А ў падзенні асабіста я не сумняваюся, нават яшчэ і не пачаўшы чытаць Ваш твор. Не сумняваюся і ў тым, што літаратура для Вас (як і для любога дылетанта) — гэта розныя знешнія атрыбуцікі: «шматлікія» публікацыі, «удзячныя» чытачы, «шалёныя» ганарары, прэміі, тытулы, папулярнасць, урэшце — Слава!
Мушу Вас расчараваць, Людміла Аляксееўна. Не верце. Усё падман, міраж, флёр! Старая карга ў вобліку маладой дзяўчыны з арфаю — вось што такое літаратура! Усё прыбярэ да рук: будні і святы, успаміны і сон, здароўе і вольны час… усе сокі з цябе высмакча, а потым выплюне, як вінаградную скурку — і не паморшчыцца!
Паверце чалавеку, які са сваіх пяцідзесяці роўна палову (лепшую) ахвяраваў гэтай самай літаратуры, які некалі закахаўся ў яе, пайшоў за ёю, закалыханы яе салодка-фальшывай музыкай, аслеплены яе зіхотка-падманным бляскам, нырнуў у яе, як у вір, з галавою — і атрымаў лысіну, акуляры, жывот, букет хваробаў, беднасць, шчырасць, адсутнасць сям’і і нават уласнага жытла — так і туляюся па інтэрнатах і чужых кватэрах (калі Вам цікава гэта, Людміла Аляксееўна). Вось адваротны бок літаратуры, вось яе сапраўднае аблічча — мой партрэт.
Читать дальше