Брат — Валодзя, перахрышчаны Вамі ў паэтычнага Янку, пачаў галіцца толькі ў арміі, і то на другім годзе. Адпаведна, на час дзеяння «повесьці» вусікаў мець не мог, тым больш чорненых: быў ён светла-кучаравы, з рабым тварам, скуласценькі, мардасценькі — копія Ульянава-Леніна з «акцябронскай» значкі.
І, нарэшце — апісанне гераіні.
Тут многа няпраўды!
Ніякай доўгай, «смаляной» касы Ганна заплятаць не магла. У яе была кароткая стрыжка, валасы — пшанічнага колеру. Твар не «русалкава-круглы», а наадварот, крыху выцягнуты, я б сказаў — балцкага тыпу, чысты, беленькі, без радзімачак, без прышчыкаў (уласцівых гэтаму ўзросту). Нос — не кірпаты, а роўны, вусны не шаблонна «пульхна-пунсовыя», а проста маленькі рот з сімпатычнымі, яшчэ не сапсаванымі памадаю губкамі. Вочы (адно з нямногіх месц, дзе Вы не схібілі) сапраўды сінія, мяккія, спакойныя; толькі вопытны знаўца, вялікі спецыяліст па такіх справах мог тады разгледзець на дне іх той самы вір, у якім…
Роўная, зграбная — у маці — постаць. Рослая. Некаторая замаруджанасць — у бацьку — рухаў. Частае пакусванне ніжняй губкі. Да недахопаў можна аднесці крыху шыракаватыя, як для дзяўчынкі, плечы і лёгкую шапялявасць (зрэшты, такую сэксуальна-мілую, што гэта плюс, а не мінус)…
Што да апісання двара і «адскочыўшых грудак», тут яшчэ нішто. Мірыцца можна.
Раздзел V. Рамэо з Джульетай і Дантэ з Беатрычэ
«…Стаў ён, Валянцін.
Каханне да яго ўспыхнула раптоўна і асвяціла сваім чароўным… Дасюль небагатае на падзеі… зайграла колерамі і фарбамі… Калі прырода абудзілася… і адцвіла сіняя махнатаясон-трава, а таксама чаромха, — затое ў лясных нізінах пад хвоямі з’явіліся белыя званочкі ландышаў, а пад вокнамі зашугалі ружовым і белым полымем кусты бэзу. Салаўі ў прырэчных вербалозах цёхкалі начамі, як ашалелыя, радасна і звонка, заглушаючы грукат цягніковых колаў.
Распукнутая нападобеландышаў ці бэзу, адкрытая ўсяму свету, вясне і людзям Ганульчына душа прагнула-чакала — як кветка чакае сваёй пчалы, як княжна Мэры свайго Анегіна…
Аднойчы пасля працоўнага дня Янка з вечара, але яшчэ завідна, пачаў некуды збірацца. Перш вымыўся сам, тады ўзяўся мыць матацыкл.
— Куды гэта ты збіраешся? — падазрона запытала сястра.
— Табе яшчэ не хапала ведаць, — скасавурыўся ў яе бок Янка. — На вяселле запрошаны! — не вытрымаў і пахваліўся ён.
— Вазьмі мяне з сабой, Яначка, — умольна папрасіла Ганна.
— Рана табе яшчэ па вяселлях, — незадаволена кінуў Янка.
— А скажы хоць, хто жэніцца? — выявіла зацікаўленасць яна.
Аднак з гэтага Янкі слова і абцугамі не выцягнеш!
— Жэніцца старэйшы брат майго лепшага сябрука і аднакласніка Валянціна, — неахвотна адказаў юнак, заводзячы матацыкл. — Валянцін якраз дзеля гэтага выпадку і прыехаў з Мінска, дзе вучыцца на апошнім курсе універсітэта на факультэце…
Далей дзяўчынцы разабраць не ўдалося — словы брата заглушыў матор. Матацыкл узвыў і пачаў аддаляцца. Але і таго, што пачута, аказалася дастаткова. Вось гэта навіна-а-а! Ганулька крыху ведала Валянціна раней. Іх з Янкам было не разліць вадой. Даходзіла да таго, што сядзелі ў школе за адной партай… Але пасля васьмігодкі Валянцін ад’ехаў у сталіцу на філфакі сяброўства крыху разладзілася. Толькі пад час канікулаў пачынала ўспыхваць з новай сілай.
Акрамя рэдкага, прыгожага імені — Валянцін, гэты хлапец раней не зусім цікавіў Ганульку. Яшчэ б! На цэлых пяць гадоў старэйшы. У яго з Янкам заўсёды былі нейкія свае справы — футбол, хакей, рыбалка… Грыбное паляванне таксама. А ў іх, малых дзевак, свае — «класікі», скакалкі, даганялкі…»
Пачакайце.
На які філфак можна паступіць пасля васьмігодкі? І чаму, калі Валянцін сядзеў з Янкам за адной партаю, дык Янку 18, а Валянціну, на пяць гадоў за Ганну старэйшаму — 20? Павінна ж атрымацца 23.
Людміла Аляксееўна! Аўтар пра сваіх герояў павінен ведаць усё. Як Ойча наш. Пралічыць і памятаць кожную драбязу: ад даты нараджэння да, выбачайце, частаты паходаў у туалет. Усё гэта, само сабой, зусім не абавязкова перці ў тэкст, але калі гэта ведаць, дык адразу будзе бачна, што ў галаве і за душою ў аўтара больш, чым у тэксце.
Расставім кропкі над і.
«Валянцін» пасля васьмі класаў паступіў не ў сталічны ўніверсітэт, а ўсяго толькі ў будаўнічы тэхнікум у раённым цэнтры. Той вясною вучыўся ён на трэцім курсе. Гадоў ім з Янкам было па 18, Ганульцы, адпаведна — 15.
Читать дальше