Дык што?
Пачатак лета. Хмарнага, дажджлівага, з перападамі ціску. Толькі што выйшла маё «Выбранае», нібы падвёўшы рыску пад пэўным адрэзкам жыцця. Апошні год я жыў, як па інерцыі, але вось-вось павінен быў быць адпачынак. А адпачынак — гэта час шчырасці перад самім сабою. У вольныя дні адпачынку я проста вымушаны быў бы прызнавацца сабе ў тым, пра што здагадваўся, але, закручаны ў рэжым, не хацеў думаць. А менавіта — маё «Выбранае», плён усяго жыцця, у параўнанні з тым, што вакол апошнім часам адбываецца і адбылося, нікому не патрэбнае. Ні чытачам, ні крытыкам, ні прадаўцам кнігарань, ні бібліятэкарам, — нікому ў свеце, і лепш было б і для мяне, і для ўсіх, каб гэтае «Выбранае» ўвогуле не выбіралася.
У такім настроі, з такім багажом я вяртаўся тады з працы. А хмара паўзе, а наперадзе — «маленькі адпачынак», выхадныя, а вось-вось сапраўдны адпачынак, а галоўнае — дома чакае новая аповесць, пра сучаснасць, ляжыць на стале чарнавік з героямі, якіх я не ведаю і баюся, і не люблю: нейкія бізнэсмены, прастытуткі, мафія, міліцыя… Чарнавік, за які я кожны вечар кідаю сябе сілаю…
Арганізм не захацеў цярпець гэтага.
* * *
Атрымліваецца, мой інфаркт — ад «Выбранага»? Якое паказала мне маю мізэрнасць? I калі б не выдаваў яго, калупаўся патроху, нічога б не было, жыў бы па інерцыі, як і раней?
Ох, гэтае «Выбранае»… 1987–1991. Гады, у якія ўсе ранейшыя крытэрыі, ідэалы перавярнуліся на 180 градусаў. «Выбранае» выбіралася, а час усё бег, усё змяняўся, і мае сакратары парткамаў, калгаснікі і партызаны аніяк за ім не паспявалі…
Дапускаю, што я ўсё жыццё сумленна, як умеў, стараўся кляпаць у мастацкіх вобразах тое, што не магло быць вечна, верыў у тое, у што нельга было верыць: у сацыялізм, у калгасы, у грамадства вышэйшай справядлівасці, у партыю камуністаў; таму і выйшла маё «Выбранае» эталонам таго, што нікому не трэба.
Дапускаю — я ўпарта і сумленна будаваў вось такую сцёбку, у якой цяпер сяджу, і сцёбка атрымалася цёплая, у ёй можна жыць, — але пабудавана яна не на цвёрдым грунце, а на ільдзіне. Ільдзіна растала.
Дапускаю — але што такое я? Акрамя таго, што сумленны рамеснік і добры рэдактар? Хто мяне дзе ведае? Мне мала дадзена, таму і мала з мяне можна ўзяць. Я пабудаваў на ільдзіне сцёбку, а нехта ж — цэлыя дамы, палацы! Ды па гэтай логіцы павінна была пачацца проста эпідэмія пісьменніцкіх інфарктаў, і чым больш таленавіты пісьменнік, тым больш яго павінна была аглушыць перамена веры!
* * *
Учора ўзяў у Ліды томік апавяданняў Шукшына, знайшоў апавяданне «Верую». У што ж?
«У авіацыю, у хімізацыю, у механізацыю сельскай гаспадаркі, у навуковую рэвалюцыю, у космас і бязважкасць, у барсучынае сала, у стаячую аглоблю — бо ўсё гэта аб’ектыўна!»
Калі ў гэта верылі лепшыя з лепшых, дык што казаць пра «масы»? Вось гэтая «аб’ектыўнасць» і звязвала, як раствор цагліны, эпізоды ваенныя, калгасныя, партыйныя, гістарычныя, палюбоўныя ў апавяданнях, аповесцях і раманах.
Але не перастаю здзіўляцца, чытаючы цяперашнія выступленні пісьменнікаў і цяперашнюю крытыку. Аказваецца, усе заўсёды разумелі, што тая вера была лухта, творы таго часу трэба лічыць несур’ёзнымі, лепш іх увогуле не згадваць, а калі згадваць, ацэньваць з пазіцыі апазітыўнасці: гультая, які не хацеў ісці ў калгас, трэба лічыць цяпер не за гультая, тым больш не за ворага, як ранейшая крытыка лічыла, а за станоўчага героя; у апавяданнях пра вайну паліцая цяпер трэба лічыць як асобу трагічную, чалавека, які апынуўся паміж двух агнёў…
Зрэшты, усё можа быць, і тая вера магла быць несур’ёзнаю. Але тады якая сур’ёзная? Якая, урэшце, заняла сваё законнае месца, калі адпала патрэба маскіравацца і гаварыць эзопавай моваю? У рыначную эканоміку, у малы і вялікі бізнэс, у шкоду авіяцыі, механізацыі, хімізацыі, у добрага паліцая, у кепскага партызана, у самадура-парторга, у Бога, сатану, у «Храм-хам», «Адраджэнне-абуджэнне»?
* * *
У прэтэнзіях цяперашніх маладых да нашага пакалення больш праўды, чым позы і задзірыстасці. Асноўная думка гэтых, мякка кажучы, прэтэнзій тая, што нашаму пакаленню, перш чым прэтэндаваць хоць на нейкае месца ў літаратуры, трэба пакаяцца. Проста растлумачыць, чаму адбылася (ці не адбылася) перамена веры.
Бо інакш як можа верыць нам малады чалавек? Што ён ад нас чуе?
Ён чуе ад нас — наменклатура, саветы, рынак, незалежнасць; гэтак сама, як раней чуў — буржуазная прапаганда, станоўчы герой, чалавек працы, вытворчая тэма, подзвіг народа…
Читать дальше