Мінус ступіў яму насустрач, і таўстун, спалохана падаўшыся назад, ледзь ня ўпаў на калені І.
– Я гатовы на ўсё! – заенчыў ён, засунуўшы пальцы ў рэшткі валасоў. Аднак паколькі ніхто аніяк не адказваў на гэтае бурлівае прызнаньне, наш госьць таропка загаварыў, ужо значна цішэй:
– Я калісьці ўжо нават супрацоўнічаў з вамі, вы мусіце ведаць... Восем год таму... На мяне перасталі выходзіць, і я... У мяне, між іншым, ёсьць цікавыя матэрыялы... Вось, напрыклад... Прабачце...
Ён раптам сунуў рукі ў кішэні і, прыніжана пасьміхаючыся, радасна сказаў:
– Я проста шукаў прыбіральню. Можа быць, я магу хуценька схадзіць туды, і тады...
Мінус гэстам паказаў яму патрэбныя дзьверы зьлева ад экрану, і таўстун неўзабаве зьявіўся адтуль, выціраючы пот з лысіны бруднай насоўкай.
– Сядайце, – мякка сказаў Мінус. – Вы замінаеце гледачам.
Задышлівы госьць, смаркаючыся, апусьціўся на вызваленае для яго месца. Напэўна, мы прапусьцілі за гэты час нешта цікавае: белтэр’еры пад рукі выводзілі з залі спадара Яську, і той гучна лаяўся на зразумелай усім мове. І падала госьцю келіх і кінула нешта ў вагонь – прыемнае шыпеньне прымусіла нас заплюшчыць вочы. Маленькі лекар пяшчотна паглядзеў на навічка й шчыльней захутаўся ў плед. Я гуляў з пальцамі І: тое, што адбывалася на экране, праходзіла міма мяне, існае, але неістотнае – караван, які праважае бессэнсоўнымі вачыма яшчарка.
Хутка стала зразумела, што ў глядзельнай залі знаходзіцца лішні. Таўстун то ікаў, то гучна – у дваццатрыццаты раз – паведамляў Кармушкіну пра колькасьць выпітага перад спэктаклем, а больш за ўсё ён гаварыў пра тых, хто пакутваў цяпер на сцэне. Ён ацэньваў іх, быццам седзячы на кухні, з задавальненьнем мацюгаючыся – чамусьці ён упэўніўся, што духмяныя пакоі, запечаныя ў барвовым сьвятле, для таго існуюць у былых кінатэатрах, каб там можна было адвесьці душу. Я паглядваў на Мінуса – той моршчыўся, надзеўшы, каб нікога не параніць, на вусны гумовы наканечнік усьмешкі. Твар І заставаўся каменным, і толькі кіроўца сьціскаў кулакі.
Белтэр’еры вывелі з залі яшчэ аднаго чалавека, і тут у адказ на чарговую лаянку нашага госьця Кармушкін прамовіў нешта зусім простае, словы з забаўляльнага разьдзелу таннай газэты. Магчыма, гэта была нават кароткая, у два-тры сказы, показка. Таўстун аддана захіхікаў. Спэктакль чэз на вачах.
Далейшае цяжка было ўявіць нават мне. Анатоліч ускочыў, піхнуў успацелай крывой нагой на ўсялякі выпадак Мінуса ў бок і выскачыў на лесьвіцу, роспачна галосячы. Ніхто не пагнаўся за ім, мы ўсе глядзелі на Мінуса, які паволі падымаўся з падлогі. Ні каліўца не адкалолася ад ягонай усьмешкі – хто б сумняваўся. Жалезны Мінус бесстаронна ўтаропіўся на экран, і мы ўсе за ім. Суфлёры, суфіі, суфле, сульфат, Сула. У кожнага бываюць правалы. Кожнага хаця бы раз у жыцьці рабуюць. Добра, што Мінус не ўключаў сёньня музыкі – інакш мы не пачулі б, як унізе пранізьліва каркнуў воран.
98.
Гэта было падобна на падзеньне лялькі – Майк плазам ударыўся аб калена Надзіманага чалавека, а ўсьмешка на ягоных вуснах засталася гэткай жа хітрай, халат узмахнуў крысьсём і будзённа апаў, агаліўшы ногі да загарэлых лытак. Рукі былі раскінутыя занадта тэатральна, цела трохі спаўзло з гумовага ўзгорку, але ўсё ж утрымалася; дзіўным чынам засталіся на Майку й тапачкі.
– Скатаўё, – глуха крыкнуў Малады Мастак, выключыў свой апарат і кінуўся на дапамогу. Абагнуўшы адну за адной пяткі, ён нарэшце ў два скачкі апынуўся ля цела і абедзьвюма рукамі сьцягнуў яго, нібы з каня, з пупырчатай паверхні. У разгубленасьці паклаў на падлогу, і тут Майк зарагатаў, шчэрачы зубы, схапіў Мастака за шыю й, прамахнуўшыся з пацалункам, ускочыў на ногі.
– Уваскрос! Уваскрос! – Майк жартаўліва перажагнаўся й зрабіў вакол Мастака некалькі ранішнагімнастычных колаў. – U was cross! Ну што ты зноў псіхуеш?
Малады Мастак змрочна ўздыхнуў і адыйшоў у цень аграмаднага пляча:
– Ты калі-небудзь дакладна сабе шыю зламаеш. Божанька цябе пакарае. Я табе колькі разоў казаў: са мной гэтак не жартаваць. Ведаў я аднаго плаўца, які любіў скакаць з вышкі ў пусты басэйн...
Майк па-сабачаму падпоўз да яго й пацёрся аб штаніну:
– Ды я ўжо колькі так забаўляюся – і ніколі нічога. Тут галоўнае трамплін, я знайшоў добры, вось тамака, на носе.
Мастак не адказаў нічога, запаліў, плюнуў і накіраваўся да апарату. У справе быў прыкметны прагрэс: Надзіманы чалавек асвойваў усё новыя й новыя глыбіні дабра, веры і аптымізму. У дадзены момант ён пазіраў на сваіх бацькоў з выразам дабрадушнай пагарды, а гэта значыла, што яны на правільным шляху. Былі, аднак, і некаторыя пакуль ня вырашаныя праблемы. Працавалі яны з Майкам удзень; а трэцяй гадзіне Надзіманы знаходзіўся ў найлепшым са сваіх настрояў – часам нават Мастаку здавалася, што мэта дасягнутая, у вачох Надзіманага адлюстроўвалася прамая й прамяністая дарога ў заўтра... Ды вось толькі хвілін праз сорак ягоная пазытыўнасьць пачынала няўхільна руйнавацца, позірк набываў зьдзеклівае адценьне, быццам Надзіманы бяздарна граў навязаную яму ролю... Увечары на мастакоў глядзеў з шасьцімэтровай вышыні разьюшаны пітэкантрап, відаць, надта абураны тым, што яго прывязалі да падлогі гэтыя дробныя вісклівыя садысты, а бліжэй да ночы Надзіманага можна было параўнаць хіба з сэрыйным забойцам, прызнаным ненармальным і адбываючым таму пажыцьцёвае пакараньне ў адзіночнай камэры. Так, задача апынулася ня зь лёгкіх... Ці варта казаць, як паглядаў на сваіх стваральнікаў надзіманы гігант раніцай...
Читать дальше