— Мама, калі ён прыйдзе наступнага разу, я скажу наўпрост, што хачу быць з ім да апошняга селядца, што выпусціць «Санта Брэмар». Так і скажу… скажу… скажу…
***
Раніцай вада з-пад крана ціхенечка галасіла «скажу… скажу…» і «зачыняю… зачыняю». Гэтымі двума словамі камбой шостага разраду ўмываў сваё шчацінне і бяздумна глядзеў у заляпанае люстра. Змена пачыналася а восьмай раніцы.
У маршрутцы ён не ўзнімаў погляду ад падлогі. Як і ўсе іншыя: маладзён з начной дыскатэкі, які шкадаваў, што так і не трахнуў тую брунэтку, брыгадзір з лесапілкі, які думаў, каго б гэта з маладых стажораў паслаць па гарэлку на апахмел, і фізрук раённай школы, ад якога ўчора жонка пайшла да інфарматыка. Фізрук ведаў: такі зараз час, камп’ютары і ўся херня. Камбой не думаў ні пра што.
А потым нарады. Зноў Далёкія Пердзі. Другі тыдзень запар: як лічыльнікі, дык у Пердзях. Але няма чаго рабіць, завадзі, Пятровіч, аварыйку колеру халоднага заходу, едзем.
А ў Далёкіх Пердзях ёсць «Бутэрбродная». Там, у гэтай самай «Бутэрброднай» ёсць тое, чаго няма амаль нідзе: «Мальбара». Дзверы там чамусьці паламаныя, ніколі не зачыняюцца. Галоўнае, ёсць дзе перад ад’ездам да дому гаючай вадзіцы прыкупіць.
***
Мітрыдат Аркадзевіч у першую чаргу пайшоў у краму па алкагаль, зрабіў некалькі сумнеўных крокаў і згадаў, што, ядрыць яго па загрыўку, алкагаль у сяле забаронены. Сам жа не так даўно падпісваў дэкрэт і сам жа даваў інтэрв’ю гэным «карыспедантам».
— Алкагаль у нас забаронены. Гэта, ядрыць… прабачце. Гэта новая праграма за цвярозы лад жыцця.
— Што, нельга піць увогуле? — пыталіся «карысныя педанты» і тыцкалі ў нос камеру.
— Не, піць можна, але алкагаль у нас забаронены.
— І як вы гэта так зрабілі, цікава?
— Ну, як, гэна… спачатку забаранілі піць удзень, але потым пабачылі, што ўсе п’юць уначы, таму і ўначы забаранілі піць.
— Добра, а калі тады можна піць?
— У прамежнасці паміж ноччу і днём.
— Прамежку?
— У прамежнасці! А што, у сталіцы сёння прамежак? У нас тут, ядрыць, гэтыя букіністычныя лаўкі, праблема са слоўнікамі тлумачальнымі.
— А скажыце, калі ласка, які ж прамежак паміж ноччу і днём?
— Няма прамеж...ку. Я ж вам кажу, піць можна, але алкагаль у нас забаронены. Ну вы і педанты, ядрыць, ні халеры не карысныя.
Карыспеданты з’ехалі, а вось алкагаль з усіх прылаўкаў знік. Праграма за цвярозы лад жыцця пачыналася драматычна.
***
«І што, што я яму скажу? Няма джыну, прабачце? А каханне? На чым будаваць каханне, калі няма джыну? Што ж гэта за, маць вашу, дагары нагамі?!» — разважала яна. А яшчэ думала пра тое, што не хапала, каб яшчэ прыйшоў майстар і дзверы адрамантаваў. І нервова крэмзала на прабітых квітках асадкай незразумелыя малюнкі. Квіткам не баліць.
А камбой прыйшоў — як заўсёды, за паўгадзіны да канца працоўнай змены. Пахмуры, стомлены, мокры ад дажджу, што бесперапынна шаптаў цэлы дзень апавяданні Хвылявога. І яшчэ нешта пра трагічную долю і непаразуменні паміж жыццём і мроямі.
Паклаў на прылавак грошы. Іх позіркі сустрэліся. Ейны казаў: «Я цябе кахаю». Ягоны: «Джын і «Мальбара»!» А ўголас яна сказала:
— Джыну няма. Забаранілі.
— Як забаранілі?
— Дэкрэт сельсавета.
— Тады толькі «Мальбара».
Каханне забралі з сабою пакрыўджаныя квіткі, якія паляцелі ў расчыненыя дзверы. Скразняк узяў іх у свае далоні, і яны хацелі спыніць камбоя, так падобнага да Джона Уэйна, але дождж прыбіў іх да асфальту, намачыў і затапіў кожнае слова, якое так і не было агучана.
Ён ад’язджаў туды, дзе яшчэ не было лічыльнікаў вады. Ад’язджаў на кані колеру халоднага захаду. «Зачыняю… .зачыняю…» — неслася недзе па каналізацыі. «Скажу… скажу…» — адбівалася ад рукамыйніка штораніцы.
Наступнага ранку прыйшоў майстар і адрамантаваў дзверы.
Нарадаў на Далёкія Пердзі больш не было.