Тры дні Марыя жыла ў Канску ў сям’і Зіначкі – чакала, калі з Зугдзідзі прыедзе багаж. А затым знайшла папутную «трохтонку» і з усімі рэчамі (каструлі, керасінка, прас, вопратка, коўдры) накіравалася ва Усьцьянск.
Дарога пыльная, уся ў ямах. А вакол – незвычайная чорная зямля і… сусьлікі, цэлыя сем’і сусьлікаў. Выцягваюць шыйкі і зьдзіўлена праводзяць машыну…
Пачуўшы каля чайной грузінскую мову, Марыя адразу ж здагадалася, што гэтыя два мужчыны ў памятых шапках – мужавы аднаэтапнікі.
– Даражэнькія, ці ня ведаеце вы, дзе жыве ссыльны Дубоўка, беларус… Яго з Тбілісі сюды прывезьлі, – запытала нясьмела.
– Ведаем, – абудзіліся мужчыны. – Толькі ён цяпер у лесе, на нарыхтоўцы. Давайце мы дапаможам перанесьці вашыя рэчы, а тады й пашлём па мужа…
За тыдзень яны больш-менш абжыліся на новым месцы, і Дубоўку зноў паклікалі ў брыгаду – нарыхтоўваць дровы для дзіцячага дому. Бярвёны канём сьцягвалі на лясную паляну, затым пілавалі. Калоць даво-дзілася Дубоўку – як найбольш дужаму і сталаму з усёй брыгады (у якую сабралі школьнікаў-падшыванцаў і зусім нядошлых старых).
Перад абедам, калі ўсе сабраліся каля вогнішча, яму заманулася схадзіць да крыніцы – з паўкіламетра ад паляны, бліжэй да дарогі. Лес там быў стары, пагудасты, дарога, здавалася, ледзь праціскалася скрозь тоўстыя яліны.
І тут нечакана зусім побач – крык. Дзявочы крык:
– Ратуйце! – і праз сполашны стогн: – Пусьці мяне, пу-усьці! Не чапай…
Дубоўка адхінуў яловую лапу – і вачам не паверыў: азызлая сьпіна брыгадзіра, пад ім, нібыта тонучы ў імху – дзяўчына. Гнеўны алтайскі твар яе – зморшчаны… Стукаціць кулачкамі па брыгадзірскім жываце, пішчыць, а гвалтаўнік, пасопваючы, ужо заломвае яе рукі…
Нічога не гаворачы, Дубоўка падняў брыгадзіра і адкінуў да яліны. Увомірг ускокнула і з крыкам зьнікла ў лесе дзяўчына (і адкуль сюды патрапіла?).
Агоўтаўся брыгадзір:
– Ты яшчэ ўспомніш пра гэта… – злосна аддыхваецца і сплёўвае пад ногі. З носа цячэ кроў – напамін ад дзявочых кулачкоў. – Яшчэ пашкадуеш!
– Я, смаркач сабачы, ужо дваццаць гадоў успамінаю, – уздыхнуў у адказ Дубоўка. – І не такіх сцыкуноў, як ты!
А праз дзень яго выклікалі ў аддзел МДБ. Налыса стрыжаны капітан перагартаў ягоную справу і прасіпеў:
– Што ж гэта вы, грамадзянін Дубоўка, рукапрыкладствам займаецеся? Ды яшчэ пры гэтым на Савецкую ўладу нагаворваеце? Як там?.. – і зазірнуў у паперы: – Дваццаць гадоў яна ў вас адабрала? Не разумееце аніяк нашай навукі. – Памаўчаў, пашкроб патыліцу – і вынес прысуд: – Зьбірай свае манаткі й …іздуй у Почэт, каб пра цябе тут ня чулі.
…Яшчэ сто кіламетраў на поўнач, у тайгу. Па глыбокіх калдобінах, ажно машына церла карданам зямлю, ледзь-ледзь даехалі да Байкана. Далей сунуцца шафёр адмовіўся.
Тры дні прасядзелі на клунках, пакуль ня выручыў калгасьнік: прыехаў з Почэту па авёс. Аўса не раздабыў, але спадарожнікаў забраў. Рэчы пагрузілі на падводу, а самі пайшлі за канём – доўгіх трыццаць пяць кіламетраў тайгой.
Чым далей – тым больш даймаў гнюс. Усё ў перамешку: камар, машкара, макрэц… Не прысесьці, не спыніцца. Бачачы пакуты Марыі, калгасьнік даў ёй сваю сетку. І ёй ажно дыхаць стала лягчэй.
На паўдарозе конь упудзіўся, падвода наскочыла на патырчаку і перавярнулася.
Што рабіць? Разьбіраць увязаныя клункі, а затым – зноў укладваць?
І Дубоўка матнуў рукоў, падлез пад воз і перавярнуў яго назад. Толькі натужна крэкнуў…
Рушылі далей. І праз тры гадзіны ўсё зьмянілася: тайга адступіла, дарога памякчэла, а сьпераду бліснула Біруса. Яе дальні бераг быў высокім, стромістым. Як зялёны брыль на ім – густыя сосны.
15.
Сваю хаціну ён праектаваў вокнамі да вады – на прасторны разлог, дзе злучаліся дзьве таёжныя рэчкі Тара і Чайгашэт ды ўліваліся ў большую – Бірусу. Калісьці ўсю тую мясцовасьць займала тайга, аднак з ростам паселішча яна адступала, толькі сям-там заставаліся вылежыны ды пні.
З жытлом у Почаце была цэлая бяда: людзей прыязджала шмат, і прытулку ўсім не хапала. Напачатку ён жыў у склепе, куды згрувасьцілі прывезеныя рэчы. Жонка прытулілася ў каляжанкі, школьнага завуча.
Усю восень ён пілаваў бярвёны, узводзіў зруб. Зімой, калі выпадала вольная хвіліна, на санях падвозіў да будучага жытла – напрамкі, па засьнежанай і мёрзлай рэчцы – астатнія матэрыялы: дошкі на дах і падлогу, бэлькі, кроквы, руберойд.
Адрывала і даймала работа на службе. Ісьці на лесапавал не ставала здароўя: пачала балець абмарожаная ў лагеры нага. Вось і вырашыў – па жончынай парадзе – уладкавацца ў лягчэйшае, у сталярку. Купілі інструмент, і ён пачаў вучыцца новай справе. Пачынала нават падабацца – рабіць ваконныя рамы, дзьверы. Работа з дрэвам адцягвала ад змрочнага, нават супакойвала.
Читать дальше