Хоць лёс мне слаў шмат горкасных хвілін,
Надзею нёс, як шчыт трывалы мой,
Бо я такі, як быў, бо я ўсё той…
– І няхай усе нашыя надзеі зьдзяйсьняюцца. За гэта і прапаную выпіць, – падрахаваў Дубоўка па-руску.
Змораная сябрына і паснула тут – на беразе, каля машыны. І толькі адзінокая постаць да самага ранку нерухома сядзела каля марской мяжы.
У вачах люстравалася ледзь-ледзь жывое вугольле кастра.
Адзінокія зоркі разьбегліся па нябеснай пустэчы.
Падступала хваля да ног – «А я такі…»
Другая, што шаргацела сьледам – «А я ўсё той…»
Яны паступова абжываліся. Купілі дзьвюх коз, пад вакном зноў быў агарод. І нібыта зноў усё пайшло па крузе. Вось толькі працы большала, і ён заседжваўся ў саўгаснай канторы да ночы. А з самага ранку Марыя бегла ў школу.
Прачнуўшыся, убачыў на дзьвярах эпісталу:
«Я порезала большой палец правой руки. Не знаю, как буду доить коз.
Хорошо, если бы ты пришел вовремя, хоть подержать их. Осталось много рассады, а места нет. Я прикопала её».
Ён сьпешка апрануўся, пасьнедаў – і па добрай традыцыі побач з жончыным пакінуў і сваё «пасланьне»:
Говорил я не раз –
осторожно, моя дорогая.
Только скроюсь я с глаз,
ты уж пальчик себе обрезаешь.
Буду прятать ножи,
и точить их не буду я вовсе.
Никакой не поможет нажим
на меня в этом самом вопросе.
А сегодня приду,
и пораньше, насколько возможно.
Будь здоровая, будь
внимательна и осторожна.
Уладзімер.
Вочы яшчэ раз сьлізнулі па напісаным… «Я парэзала… палец»… І яму здалося, што круг хіснуўся, і ніз яго – зноў зьверху, у той дняпроўскай вясьне 1924 году, калі пісалася:
Ты руку сваю забінтавала,
маладая… Як цябе і клікаць?
Маё сэрца рвецца на кавалкі
і сьціскаецца тугой вялікай…
Усё праходзіць, і ўсё вяртаецца: і радасьць, і туга.
13.
Калі Марыя ўбачыла ў хаце разам з мужам дырэктара Сёмкіна і чалавека ў вайсковай форме – зьніякавела і, разгублена пазіраючы на ўсіх па чарзе, прапанавала сесьці.
– Прысядзем потым… Зьбірай мяне ў дарогу, – голас Дубоўкі разьмераны, спакойны.
А на яе найшло аняменьне. Праз сілу паварушыла галавой, абурана зірнула на «вайскоўца» – начальніка райаддзелу МДБ:
– У якую дарогу?.. За што ж цяпер?!.
Той скрывіў вусны, зьняў і пакруціў у руках фуражку:
– Ёсьць распараджэньне з Масквы… На ўсіх, хто быў у лагерах…
Агаломшаная, яна пачала зьбіраць рэчы, клала на стол, затым, забыўшы, несла назад, і ўсе ўтрох мужчыны пачалі дапамагаць.
– Ну, хадзем правядзём, – шапнуў ёй Сёмкін.
Быў люты 1949-га. З ганку сполашна ўспырхнула чародка вераб’ёў, закружляла над падворкам – але так і не насьмелілася зноў сесьці.
Яны марудна прайшлі да саўгаснай сталоўкі, дзе стаяла, адбліскваючы чорным лакіраваным бокам, машына.
– Вось бачыце, я прыехаў бяз варты, асабіста, – зьвярнуўся «дзяржбясьпеччык» да Марыі. – Я ведаю, які гэта чалавек…
Каля машыны іх чакала з паўсяла: і саўгасьнікі, і дзеці, і старыя (сярод іх сьпераду – дзед Атар). Жанкі плачуць. Некалькі хрыплых галасоў з натоўпу:
– Чаго гэта яго? Ня пусьцім… Гэта харошы чалавек!
Прадчуваючы нядобрае, з машыны выйшаў шафёр. Ягоны начальнік кашлянуў, сказаў гучна, як скамандаваў:
– Ну-ну, не мітынгуйце, – і на ўсялякі выпадак расшпіліў кабуру.
Аднак ад машыны ніхто не адышоў. Неспакойную паўзу перарваў «галоўбух» Мамкелі:
– Што ж… Дык давайце хоць правядзём нашага сябра па-чалавечы. Хадзем у сталоўку!
У сталоўцы ледзь хапіла ўсім месца. Увомірг зьявіліся віно і закуска. У «галаве» стала – незвычайная тройка: арыштант, яго жонка і начаддзелу МДБ. Мамкелі ўпершыню ў жыцьці адмовіўся тамадзіць. Тосты прамаўлялі па чарзе: дырэктар саўгаса, прафорг, парторг, бухгалтары, настаўнікі, работнікі… Усе словы ўхвальныя, удзячныя.
Начаддзелу спачатку слухаў уважліва, затым пачаў ківаць – у знак згоды – галавой, а калі трэба было зьбірацца, – устаў і, моцна хістаючыся ад выпітага, ледзь змог вымавіць:
– А цяпер… ваша слова… у адказ.
Дубоўка падзякаваў за добрыя словы, пажадаў усім здароўя, росквіту – саўгасу.
– Дасьць Бог, сустрэнемся, – падагульніў цішэй і сабраўся выходзіць, як заўважыў, што начаддзела… сьпіць, склаўшы на стале рукі. Каля яго замітусіліся мужчыны, спрабавалі раскатурхаць, аднак той толькі цмокаў языком і асалавела хітаў галавой.
– Пачакайце, – перапыніў усіх Дубоўка. – Мы ж павінны разам… – і, прыўзьняўшы з лавы цыбатае цела начаддзелу, ускінуў яго на плячо ды панёс да машыны. Затым абняў жонку, якая неўразумела глядзела на ўсё вакол, «Мы хутка ўбачымся», прашаптаў – і сам схаваўся ў машыне. Яна неяк стомна завуркатала, крэкнула – і пачала паволі аддаляцца…
Читать дальше