Праз дванаццаць год у нас зьявілася новае лецішча, каля Сяргееўскага вадасховішча, разьмешчанае крыху бліжэй да Менску, у два разы меншае па плошчы — шэсьць сотак з утульным летнім домікам. Вакол — лес, вада, рыба, грыбы, дзікія жывёлы й мы... але ўжо дарослыя й здольныя працаваць. Бацькі адразу накінуліся на зьбіраньне грыбоў і ягад...
Чалавек у крыві, у генах мае жарсьць да зьбіральніцтва. Як там было ў старажытнасьці, чым займаліся?.. Так, зьбіральніцтва, рыбалоўства, паляваньне... Але я не трываю такіх справаў. Мне нецікава й самотна швэндацца па лесе, шукаючы ягады й грыбы, я дзіця ўрбанізацыі. Бацькі любілі прывозіць дадому шмат назьбіраных масьлятаў, груздоў, сыраежак і лісічак, навозілі ягад... Усё гэта перабіралася, варылася, закатвалася.
Сёмая кляса... Мы зноў ішлі ў школу, а разам з намі йшоў дождж, быў кастрычнік. Восень, забруджаная апалым лісьцем на волкай скуры зямлі, чорнымі плямамі глядзела нам у вочы, мы былі стомленыя, нявыспаныя, незадаволеныя, разьюшаныя, змушаныя па адной і той жа сьцяжынцы крочыць да сьвятла розуму, да "новых ведаў", якія збольшага складаліся зь непатрэбных рэчаў — іх вызначылі нейкія тоўстыя мужчыны ў працёртых гарнітурах, недзе там, на далёкіх дзяржаўных сходах.
Восеньню мне зноў было не да вучобы: гульні ў бутэлечку на пацалункі, цыгарэты й віно адцягвалі амаль усю ўвагу, але больш за ўсё часу я пачаў выдаткоўваць на гульні ў першую ў сваім жыцьці прыстаўку, якую дзядзька неяк прыцягнуў дадому й уключыў у наш тэлевізар "Віцязь". Тэлевізар паказваў гульні толькі ў чорна-белым зь зялёным адценьнем фармаце... Дзядзька Сяргей старэйшы за мяне толькі на шэсьць год, таму мы адзін аднаго вельмі добра разумелі, суткамі рэзаліся ў гонкі й стратэгіі... Маці сварылася й ганяла нас, але якое там... Кока-кола й чыпсы, сьнікерс і картрыдж з новай гульнёй — і ўсё, гамон прыватнаму жыцьцю: вочы чырвоныя, апухлыя, трыццаць дзьве гадзіны. Гэта ня жарт. Затое новы ўзровень пройдзены, коды запісаныя, ёсьць магчымасьць прыснуць на якую гадзінку, а потым ізноў у бойку...
Яшчэ адна рэч, якая захапіла ў палон так, што я ажно трымцеў, ― першы сапраўдны горны ровар. Мой дзядзька аднойчы прывёз яго дадому, і я карыстаўся ім зь месяц, а потым дзядзькавы сябры адвезьлі яго на барахолку ў Ждановічах, дзе я таксама выпадкова апынуўся з маці... Убачыўшы ровар, я закрычаў: "Мама, наш ровар!" Трэба было бачыць твары дзядзькавых сяброў: яны зьбялелі й гатовыя былі зьбегчы. Маці адвяла мяне ўбок і гучна засьмяялася... Толькі потым я ўцяміў, чым так напалохаў прадаўцоў.
Сёмая кляса адрозьнівалася ад усіх астатніх тым, што ўсе хлопцы за лета падрасьлі ды цяпер далёка не абыякава заглядаліся на фігуры аднаклясьніц і заляцаліся... Гэта нагадвала заапарк — ва ўсіх ламаўся голас, таму былі чутныя то піскі, то грубы гоман, усе стараліся ўшчыкнуць, памацаць, на скрайні выпадак штурхнуць дзяўчынку, дакрануцца да ейных грудзей. Уся кляса ператварылася ў выбуховую прыладу гармонаў і прышчэй; усе мы палілі, цалаваліся, а некаторыя ўжо спрабавалі кахацца; усе мы ў сваіх прыбіральнях і ванных пакоях мастурбавалі па пяць разоў на дзень, усе начамі марылі пра сваіх суседак па парце... Было вельмі цяжка канцэнтравацца на ўроках, асабліва калі выкладалі настаўніцы маладыя, прыгожыя й бяз станікаў пад тонкімі гольфамі. Мы з маім сябрам і суседам па парце Андрэем проста паміралі, у нас ужо ня толькі "пашпарты абрасталі", але зьяўлялася валосьсе на падбародзьдзі, і мы ад гранджу й рускага року ўсё больш схіляліся ў бок цяжкога мэталу...
У восьмай клясе мы набылі рысы складаных падлеткаў, даводзілі настаўнікаў да прыступаў: адна настаўніца так крычала на нас, махала рукамі, што скінула вазу з кветкамі й заліла ўвесь журнал. Яна крычала, піла карвалол з валідолам, нэрвавалася, а потым ад нас адмовілася. Чаму? Напэўна таму, што нам занадта часта паўтаралі, што мы элітная кляса, вяршкі школы, і мы паверылі ў гэта, а цяпер настаўнікі атрымлівалі прадукт сваёй творчасьці — эгаістычных падлеткаў.
Настаўніца па біялёгіі была настолькі намі закатаваная, што неяк падчас урокаў давялося выклікаць хуткую. Настаўніца з сардэчным прыступам ляжала ў шпіталі зь месяц, а праз год памерла, так і не пасьпеўшы ў нас давыкладаць. З прыходам новай настаўніцы ў мяне адкрылася другое дыханьне, і на алімпіядзе па біялёгіі я выйшаў на раён, пасьля перамогі атрымаў магчымасьць прадстаўляць сябе й школу на гарадзкой алімпіядзе, але... я праспаў у той дзень. Я мусіў ехаць на "горад" разам зь біялягіцай і дырэктарам, яны мяне чакалі каля мэтро, а я спаў... Гэта было сорамам для ўсіх біёлягаў... Потым я цьвёрда вырашыў рушыць у мэдыцыну, каб замольваць гэты грэх.
Читать дальше